Калі Буднік замацаваўся ў Беластоку, Косця і самы старэйшы іхні брат, Міхась, сталі ў Мікалая сувязнымі. Браты наперамену выязджалі ў Беласток на сустрэчу к памочніку Цымермана ды прывозілі ў Гута-Міхалін звесткі. Часамі падмянялі іх Цыган з Валькай Кананчучкай, покуль гэтая пара не намазоліла немцам вачэй,— тады давялося яе забіраць у атрад.
У Беластоку браты і Цыган з Валькай мелі явачную кватэру ў аднаго з польскіх гасцей, які прысутнічаў на ўрачыстасці ў Палацы тэкстыльшчыкаў,— у Антона Лабовіча. Менавіта з гэтым Лабовічам Мікалай прыходзіў да нас у віленскі інтэрнат, калі мы восенню 1939 года, адразу пасля вызвалення, жылі на вуліцы Вялікай.
Перад адступленнем немцаў Буднік атрымаў заданне ад Ліхайвана — адыходзіць разам з Цымерманам і прадаўжаць сваю справу. Немцы ж, якія ўсё яшчэ ні ў чым Мікалая не падазравалі, прапанавалі яму абарваць след. Шэф гестапа разважаў прыкладна так: бальшавікі, заняўшы Беласток, адразу даведаюцца, хто ў немцаў з мясцовых гэтак давераны чалавек, і на новым месцы могуць падабраць да Будніка «ключык».
Мікалай разыграў спектакль — бытта патануў у Нарве.
Але далей разведчыку не пашанцавала. У раёне Шнайдэмюле Мікалай, які ўжо, здавалася, перажыў усё самае небяспечнае, трапіў пад абстрэл савецкай артылерыі.
Адразу пасля перамогі дзеянні разведчыкаў па зразумелай прычыне не рэкламавалі: на Захадзе шуганула полымя халоднай вайны, яна магла перарасці ў гарачую, і абнародаваць сістэму нашай разведкі было не разумна. Вось чаму многія па-ранейшаму лічылі Мікалая Будніка здраднікам.
2.
Ад таго, што расказаў мне Косця, на нейкі час я страціў здольнасць да размовы.
Неўзабаве я бесталкова і вінавата пачаў сябру тлумачыць, чаму паверыў чуткам аб прадажніцтве яго брата. Вядома, тлумачэнне пачаў з сустрэчы ў вагоне з Белай. У гэты час прысутнічаў і Антон Лабовіч. Чалавек гэты хоць і паходзіў з Гродзеншчыны ды быў чыстакроўным беларусам, але зараз лёс яго звязаў з Беластокам, а ў вайну — з польскім падпольным рухам, з Арміяй Людовай.
Выслухаўшы маё тлумачэнне, Лабовіч заявіў:
— А я сабе ўяўляю, што тады ў вас адбылося! Буднік Мікалай такое ж самае заданне, як вы ад дэсантнікаў, атрымаў ад нас, палякаў. Зблізіцца з артысткай вы яму найхутчэй перашкаджалі. Да Белай, памятаю, падступаўся ён не раз...
Этыкет, аб якім трывожыўся Паляшчук, захоўвала ўжо, мабыць, толькі начальства, якое заставалася ў зале. Астатнія ўдзельнікі вечара стоўпіліся ў калідоры. Размова стала агульнай. Мне спачувалі, з мяне смяяліся, а мне было прыкра.
«...Фюрэр ужо зламаў хрыбет бальшавікам, засталося іх адно дабіць!» — «Трэба стварыць сваю армію!» — «Мы — шанаваная фюрэрам нацыя! Беларусам трэ ўзняць бела-чырвона-белы сцяг з «Пагоняй!..» Ха-ха! Ліха на яго, дык яму тады перашкодзіў я?!. Мікола, выходзіць, мне не давяраў?
Па праўдзе гаворачы, ён ведаў мяне замала і рабіў правільна: паводзіў сябе як сапраўдны разведчык. У яго было столькі знаёмых, і кожнаму сустрэчнаму адкрывай душу? Праваліўся б адразу!
Мой выпадак — глупства. Маскіраваўся, мажліва, калі вывозілі на расстрэл сяброў з беластоцкай турмы, а перашкодзіць гэтаму не мог. Яшчэ, яшчэ раз прыкідваўся фашыстам, глядзеў на ўсе жахі дзесяты і соты раз. У яго было етолькі перажытага і ўбачанага!.. А я, нягоднік, так кепска пра яго думаў.
I тут я пачуў у сабе бытта голас сумлення:
«Менавіта мне трэба расказаць свету пра цярністы шлях гэтага чалавека!!»
Усвядоміўшы сабе так простую ісціну, я ўжо пачаў думаць. Хто больш за ўсіх можа паведаміць мне пра разведчыка, Косця? Наўрад. Бачыліся браты рэдка. Заданні ў Міхася і Косці, як і ў Цыгана ды яго Валькі, абмежаваны былі тым, каб узяць у Будніка які-небудзь пакунак ды прывезці яго Ліхайвану — спрытна і без затрымкі. Ліхайван, напэўна, ведае больш, трэба шукаць яго.
Нешта цікавае мог бы расказаць і «доктар» Цымерман, якога абвялі вакол пальца. Я недзе чытаў у газеце — гэтая гадзіна жыве і цяпер у ФРГ. I, мабыць, напісаў мемуары: усе гітлераўскія бонзы іх пішуць, а гэты — не радавы. Цікава, як Мікалай выглядае ў яго вачах?
Што мне вядома пра самога Цымермана?
Будучы камандзірам атрада, пра гэтага ката я чуў мала: ім займалася армейская разведка, чэкісты, а мой клопат быў абмежаваны: немцаў напалохаць дзе можна, ім нашкодзіць, падарваць, падпаліць, падстрэліць. Пасля вайны і тое, што калісьці ведаў, грунтоўна выветрылася з галавы,— я і падумаць не мог, што ўсё можа яшчэ спатрэбіцца...
Ага, у час падпольнай работы з Мікалаем, напэўна, сустракалася Белая.