Выбрать главу

Пасланыя ў дапамогу камісары «айзацгрупен» арыштоў-валі, вешалі, білі і рабавалі ды вывозілі на катаргу ў Германію ў шмат разоў больш людзей, чым у часы «ліберала» Альтэнлога. Сам Цымерман стаў старшынёй трыбунала, у якім не было ні пракурора, ні адваката, а на паседжаннях яго прысутнічаў толькі шэф гестапа з начальнікамі аддзелаў. Арыштаваных на такі «суд» не выклікалі. Смяротныя прыгаворы падпісвалі доўгімі спісамі.

Цяпер гарадскія і вясковыя платы і сцены застракацелі наступнымі аб'явамі на беларускай, польскай ды нямецкай мовах:

«15 чэрвеня 1943 года. Для дасягнення спакою ў Беластоцкай акрузе мною была спалена беларуская вёска Шаўлічы пад Ваўкавыскам, жыхары яе расстраляны, маёмасць канфіскавана.

Оберштурмбанфюрэр СС, шэф гестапа

доктар Г. Цымерман».

«20 чэрвеня 1943 года. Расстраляна 22 чалавекі з Андрэевіч, 23 чалавекі з Сендзівуе, 58 чалавек з Ясінавіч, 41 чалавек з крайскамісарыята Гродна, 250 прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі...

Оберштурмбанфюрэр СС, шэф гестапа

д-р Г. Цымерман» [6].

Цымерман зараз жа адправіў 50 000 беластоцкіх яўрэяў у газавыя камеры Трэблінкі.

Падчысціў турмы, расстраляўшы вязняў на месцы.

Працерабіў лагеры ваеннапалонных, пакінуўшы ў жывых толькі кожнага дзесятага.

Баючыся партызан, загадаў спаліць вакол Белавежы астатнія вёсачкі, і колькасць белавежскіх сёл, якія немцы сцерлі з паверхні зямлі, дасягнула — 84!

Для барацьбы з партызанамі оберштурмбанфюрэр стварыў шпіёнскія школы ды пачаў рыхтаваць лазутчыкаў для засылкі ў атрады. З былых крыміналістаў, ахвотнікаў лёгкай нажывы і гуляк, з розных п'яніц, шантрапы ды прадажнікаў скалаціў шэф гестапа каманды правакатараў. Такая банда грыміравалася пад партызан, прыходзіла ноччу ў вёску, чаго-небудзь прасіла паесці, затым тых неасцярожных мужыкоў, хто аддаваў ім апошнюю шкварку ды радаваўся перамогамі Чырвонай Арміі, нягоднікі вешалі...

Адным словам, Цымерман навёў такі парадак у «бецырку», што наш край па атмасферы жудаснага тэрора ў ім зраўняўся з Міншчынай ды Віцебшчынай. Калі восенню 1944 года прыступіла да работы Камісія па даследаванні ды ўліку злачынства фашысцкіх малойцаў, яна ўстанавіла, што ў «бецырку» гітлераўцы спалілі 191 вёску, 320 000 грамадзян расстралялі, а 25 000 вывезлі на катаргу. Трэба два сантыметры радочка, каб памясціць на паперы лічбу расстраляных, але ж за гэтымі шасцю знакамі тоіцца насельніцтва сённяшняга Гродна ды Беластока разам узятых!

Колькі Цымерман згасіў пачуццяў, якія не паспелі знайсці сабе выхаду, нявыказаных думак, ідэй, неадведаных радасцей і талентаў, што не паспелі раскрыцца, колькі з гэтых смяротнікаў не даласкалі каханых, не даглядзелі сноў, не дакупаліся ў Нёмане, не данюхалі кветак, не нарадаваліся сонцу!

У кожнага з трохсот дваццаці тысяч была маці, сваякі, кожнаму балела, калі яго забівалі ды ён развітваўся з жыццём у пакутах! Тым больш трагічнай была іхняя смерць і балюча яны пераносілі мучэнні, не хацелі паміраць, бо ведалі — на ўсходзе Савецкая Армія ўжо зрушыла з месца і паперла на захад ня-мецкую гідру вермахта, а дні катаў палічаныя.

I вось той самы Герберт Цымерман пасля вайны не зрабіў сабе пластычнай аперацыі твару, не ўцёк у недаступныя куткі джунгляў Бразіліі, як доктар Менгэле, не пайшоў у манастыр, каб да канца дзён сваіх прасіць прабачэння ў пана бога за грахі. Покуль прэса заходніх краін спрачалася — варта ці не варта прыцягваць да адказнасці Адольфа Эйхмана, ці трэба шукаць Бормана ды Менгэле, на чыім сумленні мільёны ахвяр, «тысячнік» Герберт Цымерман да апошняга часу спакойна пражываў сабе ў Бэльфільдзе (ФРГ).

Доктар юрыдычных навук надзеў мантыю ды пачаў займацца адвакацкай практыкай. Абараняючы кліентаў на судзе, ён клаў перад сабой на трыбуну шаўковы берэт і заклікаў суд да справядлівасці, гуманізму ды літасці. Аб мінулым яму, мабыць, часамі толькі напамінала жонка, калі клікала юрыста на абед і жартам называла яго — «гер оберштурмбанфюрэр». Цымерман схаваўся за такімі самымі тыпамі, прытаіўся, чакаў адпаведнай пары, каб усплыць вышэй.

Усвядоміўшы ўсё гэта, я задумаўся. З'ездзіць у ФРГ, спаткацца з «доктарам», выведаць усё, што можна? У газетах якраз апісвалі выпадак, як былыя партызаны Югаславіі адправіліся гэтак жа ў Заходнюю Германію ды разведалі, што было трэба...

вернуться

6

Вытрымкі загадаў – аўтэнтычныя.