— Даставай! — адразу заблішчэлі ў немчыка вочы.
— Толькі цур умова — мая гарэлка, а твая закусь!
— Айн момэнт! — вельмі ўзрадаваны хлапец памчаў у калідор.
Неўзабаве ён вярнуўся з банкамі кансерваў ды пакуначкамі. Олек яму паднёс шклянку:
— Пі, браце!
Аддыхаўшыся, бедны немчык прастагнаў:
— Абэр даст іст фоер! Оу, оу-у, оу-у!..
— Я ж табе казаў!
Праз пару мінут целаахоўнік ледзьве варочаў языком.
7.
У наступную шклянку Амільяновіч высыпаў некалькі парашкоў ад галаўнога болю, пачаставаў немца кактэйлем, і той быў гатовы. Олек недзе вычытаў, што такое лякарства дзейнічае як снатворнае.
Зняўшы з сышчыка чаравікі, паклаўшы яго на ложак, Олек схапіў свой фотаапарат, сунуў пад плашч і кінуўся на двор. Калі кожнаму пасажыру самалёта служба канцлера Адэнаўэра дала асабістую варту, то абставіць такімі ж вартаўнікамі цэлы горад яна не магла. У гэтым Олек быў так перакананы, што нават не азіраўся. Ен неўзабаве злавіў таксі ды адправіўся ў дарогу.
У адчайнай авантуры Амільяновічу дапамагло валоданне нямецкай мовай. Акупацыя для Олека пачалася яшчэ з восені 1939 года: я з Вільні паехаў вучыцца ў Навагрудак, а ён вярнуўся ў свае Сувалкі, акупаваныя ўжо немцамі. Летам 1941 года васемнаццацігадовага хлапца немцы арыштавалі і тры гады мардавалі па турмах ды лагерах.
У Сувалках Олек рос з дзецьмі немцаў, яму здавалася, што гаварыў па-іхняму, як прусак, але таксіст па акцэнце адразу пазнаў у ім славяніна.
— З Югаславіі? — спытаўся.
— Так! — падхапіў Олек.— Улада ў нас — у руках камуністаў, але я — набожны католік! — Ен расшпіліў кашулю на грудзях ды паказаў сярэбраны крыжык.— Вывучаю помнікі нашай веры — касцёлы.
— О-оу, у Бэльфільдзе — славутая ікона святой Гільды! — ужо з пашанай падказаў немец.
— Ведаю! Каб толькі сёння пускалі да яе! — заклапочана выказаў трывогу пасажыр.
— Думаю, для турыстаў будзе адчынена! Размаўляючы гэтак далей на рэлігійную тэму, па выдатнай аўтастрадзе яны неўзабаве і прымчалі на месца. Дождж крапаў і ў Бэльфільдзе. Нягледзячы на гэта, таксіст нават вылез з машыны, увайшоў з пасажырам у касцёл ды паказаў самае, на яго думку, важнае. Олек падзякаваў ветліва і з немцам развітаўся.
Яшчэ некалькі мінут Амільяновіч у касцёле набожна жагнаўся ды спісваў са сцяны ў блакнот лацінскія фразы, а толькі тады дазволіў сабе азірнуцца. Вядома, цяпер ён мог распытаць прахожых ды спакойна знайсці патрэбную вуліцу сам, аднак трэба было эканоміць час.
Пераканаўшыся, што за ім няма «хваста», Олек выскачыў з касцёла, злавіў другое таксі ды загадаў шафёру ехаць на запаветную — Доппэльштрасэ. У пачатку вуліцы машыну адпусціў, знайшоў вілу пад нумарам 16, агароджаную высокімі прэнтамі, падстрыжанымі кустамі, і пачаў каля яе шпацыра-ваць.
«Дык вось дзе ты, даражэнькі, акапаўся?! — падумаў Олек са здзіўленнем, зыркаючы крадком на трохпавярховы, з балкончыкамі, пакрыты хвалістай, маркоўнага колеру дахоўкай дом фашыста. Вядома, гэта табе не палац Браніцкіх у Беластоку! Аднак, холера ясна, і тут у цябе трыццаць тры пакоі! Навошта табе столькі? У вайну жыў каралём. Разбілі фашыстаў, а ты і цяпер кароль, ну і ну!..»
За домам Цымермана красавалася ладная шасціпавярхо-вая будыніна з вокнамі ў адну шыбіну. «Keiserhof» — прачытаў Олек шыльду ды жахнуўся. Ён успомніў, што ў гасцініцы пад такой назвай у Бэльфільдзе адбываюцца зборы былых эсэсманаў і рэваншыстаў.
Зрабілася яшчэ страшней.
8.
Амільяновіч потым мне падрабязна апавядаў аб сваіх прыгодах у Бэльфільдзе.
Дазволу на прабыванне ў ФРГ ён не меў. Олеку пагражала турма — нямецкая, з якой ён быў знаёмы аж занадта. Выстой-ваў смяльчак пад дажджом на Доппэльштрасе ля нумара 16, адчуваючы жудасныя дрыготкі, але адступаць і не думаў. У былога падпольшчыка загаварыла памяць аб неадпомшчаных сябрах. Варта сказаць і пра другую прычыну, што штурхала яго на небяспечную справу.
Чалавек, які ў маладосці займаецца цяжкой фізічнай працай, а на старасць возьмецца часамі за лапату ці пілу, са здавальненнем пачне варочаць зямлю альбо пілаваць дровы. Нейкая патрэбнасць прымушае загаварыць у ім даўнія мазалі.
У людзей, якія перажылі ў маладосці многа страху, той самы інстынкт нават у мірны час нараджае часамі патрэбу ісці на рызыку: чалавека тады проста цягне, нястрымана штурхае прага абудзіць душэўныя мазалі. А ў Олека іх хапала.
Калі развалілася Польшча Пілсудскага, у яго горад толькі на два тыдні ўвайшла Савецкая Армія (вызваляючы Заходнюю Беларусь), але гэтага было дастаткова, каб адпаведныя нашыя арганізацыі арганізавалі ў горадзе з палякаў сваю агентуру.