Неўзабаве ў Сувалкі хлынулі часці вермахта — уваходзіў у жыццё план «Барбароса». Сувальскія падпольшчыкі фіксіравалі кожную новую машыну, якая з'яўлялася ў раёне, кожны танк ці самалёт, уздоўж і папярок вымяралі крокамі сувальскія аэрадромы ды на працягу дваццаці месяцаў звесткі перапраўлялі цераз граніцу ў Гродна.
Але вось немцы пайшлі вайной на СССР. Недзе ў лапы ім трапілі архівы нашай агентуры ў Сувалках. За адну ноч у горадзе гестапа арыштавала ўсіх падпольшчыкаў — 308 чалавек! — і кат у Кёнігсбергу адсек ім на гільяціне галовы. Цудам жывыя засталіся Амільяновіч ды яго швагер, Фэлек Мальвінскі, які яшчэ па дарозе ў сталіцу Прусіі ўцёк з машыны.
Хлапца потым тры гады кідалі з турмы ў турму, з лагера ў лагер — Штутгоф, Маабіт, Магдэбург,— пакуль не ўцёк і ён. Перайшоўшы лінію фронту, апынуўся ў Савецкай Арміі.
Неўзабаве нашы закінулі яго зноў да немцаў — на гэты раз перакладчыкам у складзе дэсантнай групы пад Берлін...
Такім чынам, стары канспіратар і разведчык штаба Першага Беларускага фронту ля дома мацёрага фашыста раптам адчуў уладу знаёмай узбуджанасці, якая ў ім прачнулася. Ахоплены жудасным азартам, Олек пачаў чакаць, не заўважаючы кепскага надвор'я, не адчуваючы часу. Прахожых было мала, і людзі, на шчасце, не звярталі ўвагі на прыезджага, які гэтак упарта і самааддана тырчэў пад дажджом. Госці, што прыбывалі ў «Кайзергоф», выляталі з мокрых «мерседэсаў» і, не азіраючыся, бягом пёрлі ў гатэль, а тыя, хто выязджаў, рабілі ўсё гэта ў такой жа спешцы ў адваротным кірунку.
— Хо-лера я-асна, прачнецца ў гасцініцы дрыбляс і хопіцца падапечнага, што рабіць?! — апавядаў мне ўжо на бе-ластоцкай кватэры Амільяновіч з хваляваннем, перажываючы падзеі яшчэ раз.— Злавілі б мяне на вуліцы Гановера і то маглі б прыпаяць тры гады турмы за парушэнне рэжыму, тым больш — тут!
Олек нервова прайшоўся ўздоўж агароджы. Хто ведае, колькі яшчэ чакаць і ці ёсць у гэтым які сэнс?! Мо якраз яго герой выехаў у іншы горад? Чым сябе заняць?
Олек працягнуў руку, пакратаў жалезныя прэнты Цымерманавага плота — роўненькія, адзін у адзін, гладкія і вышмараваныя маззю, каб не ржавелі. Колькі сродкаў трэба на ўсё гэта?! А што яму, шакалу? Атрымаў у спадчыну бацькаў маёнтак, у вайну нарабаваў золата...
Олеку ўспомнілася Англія.
Завезлі яго на вёску, і ў гаспадара, дзе яны спыніліся, таксама быў падобны плот. Толькі яшчэ з меднымі набалдашнікамі. Каб медзь блішчэла, гаспадар чысціў яе кожную суботу салідолам.
I наогул з сялянскіх рысаў у англійскай вёсцы былі хіба адно стрэхі з чароту. Іх спецыяльна абцягнулі капронавымі сеткамі, прапітаўшы нейкім растворам, каб не гнілі. Затое ў памяшканнях на адну сям'ю — па некалькі ваннаў з гарачай вадой, індыйская інкрустацыя, кітайская парцэляна, калекцыя самурайскіх шабляў ды карціны, якія ўпрыгожылі б нават Беластоцкі музей мастацтва, а на доме надпіс: «Пабудаваны ў 1722 годзе».
Олек палічыў, што на працягу чвэрці стагоддзя з усяго зямнога шара ў гэтую «вясковую хаціну» на парусніках і дыліжансах, караблях і паяздах, вярблюдах, аслах і мулах звозілі багацце з дзесяць пакаленняў мораплавацеляў ды піратаў, каланістаў і клеркаў, прадпрыемцаў і дзялкоў, авантурыстаў і звычайных бандытаў. А што ў спадчыну пакінулі яму продкі? Фігу з макам. Зрэшты, не яны вінаватыя.
Олек ведаў лёс толькі пяці пакаленняў сваёй радаслоўнай.
Прапрадзед пасля паражэння Касцюшкі страціў зямлю: з-пад Кракава ўцёк на Валынь.
Прадзед пасля студзеньскага паўстання 1831 года, ратуючы галаву ад Мураўёва-вешацеля, памяняў прозвішча і ўцёк у Сувалкі.
У другую сусветную бацька Олека вырашыў нікуды не ўцякаць, за што са старэйшым сынам і паплаціўся — іх расстралялі немцы.
Усе чатыры пакаленні да апошняй ніткі трацілі маёмасць, а жыллё іхняе, падпаленае карацелямі, да фундамента пажыраў агонь.
А якое багацце пакіне ён, пятае звяно ў радаслоўным дрэве Амільяновічаў? Вось гэты фотаапарат, пішучую машын-ку «Рейнметал», якая яго чакае на рабочым стале ў Беластоку, паліцы кніжак ды цесную камунальную кватэру з агульнай кухняй.
Што ж, Беласток — не Бэльфільд, фашысты знішчылі яго ўшчэнт. Гораду над Белай яшчэ доўга ўзнімацца з руін, цярпець давядзецца яшчэ і яго, Олека, дзецям,— тым больш калі побач у пашане жывуць такія ваўкі, як Цымерман.
Вось у гэтым «Кайзергофе» яны выношваюць зноў планы паходаў на Усход. Лонданскія журналісты яго дапытвалі, чаму палякі такія нядобразычлівыя да немцаў. Добра ім дзівіцца. За апошнюю вайну ў адным Беластоцкім «бецырку» загінула паля-каў куды больш, чым кароль Велікабрытаніі страціў сваіх пад-даных на ўсіх франтах — марскіх, сухапутных ды паветраных.