Волат нават устаў, з лёгкасцю спартсмена павярнуўся раз цераз левае плячо, раз цераз правае, а тады развёў даўзёрныя, як аглоблі, рукі, запрапанаваў:
— Давай мерайся, адно хутчэй!
2.
Яго цярплівасць к нашаму захапленню пакарыла хлапцоў яшчэ больш. Але і гэта былі не ўсе яго козыры.
Хутка выявілася, што пры Пілсудскім у Віленскай беларускай гімназіі існавала падпольная камсамольская ячэйка на чале з волатам Буднікам, а яе членам якраз і быў гэты Антон Лабовіч. Сябры паводзілі сябе па-геройску, не прызнаваліся і нікога не выдалі. З-за недахопу ўлік шпікі Лабовіча выпусцілі, а Мікалая затрымалі.
Мікалай прасядзеў на Лукішках аж тры гады. Вырваўся з турмы толькі ў мінулы месяц — горад тады якраз заняла Чырвоная Армія і палітвязняў вызваліла насельніцтва.
Жыхары нашага інтэрната былі прагныя да ўсяго незвычайнага і ведалі цану геройству. Калі Мікалай Буднік прыйшоў у інтэрнат наступны раз, на яго ўжо глядзелі як на бога. Сябраваць з яго братам цяпер лічыў кожны за гонар.
Мікалай з Антонам Лабовічам у інтэрнат потым зачасцілі. У нас выбухалі гарачыя спрэчкі. Найбольш мы спрачаліся аб тым, каму павінен належаць горад. Жылі ў нас вучні рознай нацыянальнасш, і, вядома, кожны з гарачай упэўненасцю адстойваў свой пункт гледжання, бо ў юнацтве ўсё здаецца проста і ясна.
— Што з таго, што гэты горад служыў некалі сталіцай Літвы? — разважаў я — Сталіцай Русі тысячу гадоў таму назад лічыўся Кіеў, а цяпер галоўны горад Расіі — Масква!
Шавіністы Пілсудскага дваццаць гадоў вялі такую палітыку, што законныя гаспадары горада — літоўцы не вельмі тады маглі ў Вільні нават пасяліцца.
— Ды і літоўцаў тут усяго пару тысяч! — дапамагаў мне Валодзька.
— Мальцы, паслухайце! — перабіў нас Бора Кацман.— Якое насельніцтва пераважае ў Вільні? Яўрэйскае! На Пагулян-цы — адзіны ва ўсім свеце яўрэйскі навукова-даследчы інсты-тут знаходзіцца!..
— Выходзіць, Вільню трэ аддаваць вам, яўрэям?! — абурыўся мой брат і аж падскочыў да Кацмана з кулакамі.— Так, кажы?! А фі-фі не хо-хо?!
Шаснаццацігадовы Олек Амільяновіч з Сувалак — шустры і чорны як жук паляк, ад абурэння аж не знаходзіў сабе месца. Олек замітусіўся па пакоі, запратэставаў:
— Панове, гэта несправядліва! Тут жа знаходзіцца універсітэт Стэфана Баторыя, тут рабіў свае казані Пётр Скарга, тут бываў Адам Міцкевіч!.. Панове, Вільня — карэнны польскі горад!
— Да Беларусі далучыць яго, толькі да Беларусі! — патрабаваў мой зямляк — Міша Толуць.
Старэйшы Буднік толькі моўчкі нас слухаў. Нарэшце ён уздыхнуў і аб'явіў:
— Хлопцы, хлопцы, эх, каб усё было гэтак, як мы тут з вамі скажам ці пажадаем. Тут замешаны пытанні вялікай палітыкі, парады нашай ніхто не спытае.
Я раптам падумаў, як многія пакаленні маіх продкаў імкнуліся ў гэты легендарны горад над Віліяй, як нават на тых хлопцаў, што адно служылі ў віленскіх казармах у войску, на вёсцы нават дзеўкі інакш узіраліся.
— Як гэта — «ніхто не спытае»? — прыстаў я да Мікалая.— А Францішак Скарына дзе свае кніжкі друкаваў?! А дзе склаў галаву Кастусь Каліноўскі?! Дзе быў цэнтр Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі?!. Хто можа адняць ад нас калыску беларускай культуры?!
— Няхай толькі паспрабуе! — пацвердзіў пагрозу мой брат.
— А што вы зробіце? — спакойна спытаўся Мікалай.— Зрэшты, літоўцы могуць гэтак жа назваць не толькі сваіх асветнікаў, але і князёў, што тут уладарылі. Зірні на вежу Гедыміна. Залезь у склеп кафедральнага сабора — там іхнія труны... Калі гаварыць па-сапраўднаму аб калысцы нацыянальнай культуры, то Вільня больш іхняя.
Хоць я не здаваўся, крычаў і далей, аднак адчуваў няўмольную сілу яго доказаў.
Адным словам, старэйшы Буднік быў сярод нас самы бывалы і мудры і ростам перавышаў у інтэрнаце ўсіх; найбольш, мабыць, гэта хвалявала мяне, а калі выказаць той настрой словамі, то яны былі б прыкладна такімі:
«Эх, стаць бы і мне гэткім высокім! А што думаеш? Мікалай аж на чатыры гады старэйшы, і я, напэўна, яшчэ падрасту — бацька рос да дваццаці пяці гадоў. У гімназіі Косцеў брат авалодаў нямецкай і лацінскай мовамі і гадзінамі мог чытаць на памяць кавалкі старажытных ды сучасных класікаў, але ж гэта таксама нажыўное. От толькі шкада — зараз не саджаюць на Лукішкі... Эх, каб як-небудзь здабыць яшчэ і арэол такога змагара ды пакутніка за праўду!»
3.
У Вільні давялося вучыцца нам мала.
Неўзабаве горад перадалі каму належала, мясціна і для нас стала называцца Вільнюсам. Мы з братам і Косцем Буднікам перабраліся ў Навагрудак. Антон Лабовіч паехаў у Беласток ды паступіў у педінстытут. Старэйшы Буднік трапіў у настаўніцкі інстытут у Гродна.