Ад Навагрудка да горада, дзе вучыўся старэйшы Буднік, было дзве сотні кіламетраў. Вакол тады адбывалася столькі перамен, што жыццё нашае нагадвала мільганне нейкай кінахронікі, і чалавек не паспяваў усяго нават як след адчуць, прадумаць, бо ўвесь час нібы трызніў. Але Мікалая я заўсёды меў на ўвазе. Усё пра яго ведаў праз Косцю.
Старэйшы Буднік быў сталінскім стыпендыятам. Ездзіў у Маскву на нейкі злёт, а потым выступаў па радыё. Артыкулы з яго прозвішчам мы з гонарам чыталі ў мінскіх газетах...
I раптам пачалася вайна.
Пацягнуліся трывожныя месяцы фашысцкай акупацыі. Для мяне яны былі тым больш невыноснымі, што я сядзеў дома без руху — у нашым краі не было ні партызанскай зоны, ні атрадаў, ні груп ў лесе. Вось тады я і спаткаўся са старэйшым Буднікам зноў. Спаткаўся пры незвычайных абставінах.
4.
Ранняй вясной сорак другога года ў лес каля нашага хутара прыбылі дэсантнікі і праз былых падПольшчыкаў Кампартыі Заходняй Беларусі пажадалі мяне бачыць. Я і адправіўся ў лес на вызначанае месца.
На сустрэчу прыйшоў малады гаваркі лейтэнант Мішын. Мы з ім доўга гаварылі. Фактычна, я слухаў, а лейтэнант мяне настаўляў:
— Ведаеш, Аляксей, такія, як артыстка Белая, ужо ад'еліся, цяпер ім ладнага хлопца падавай! Не цырымонься, смела ідзі на збліжэнне, з выгляду ты — арол! А калі створыш умовы і зачэпішся — прывядзеш яе да нас! Далей — наш клопат!
Цяпер, праз дваццаць пяць гадоў, я бачу, што Мішын быў чалавекам легкадумным, але тады такім не здаваўся. Яго варанёны аўтамат, цыгейкавы каўнер дэсантнай курткі, казённая вушанка насілі сляды магутнага тылу, які знаходзіўся недзе далёка за лініяй фронту,— усё гэта напоўніла мяне гонарам і дадало сілы. Я з зайздрасцю падумаў, што ў такім дзеле, да якога падбівае мяне, Мішын сабаку з'еў, толькі ўзяцца за яго чалавеку самому не дазваляюць абставіны, таму гэта ён вымушаны даверыць другім.
А справа была вось у чым.
У Беластоку пачаў дзейнічаць «Беларускі камітэт» пад кіраўніцтвам былога выкладчыка Гродзенскага настаўніцкага інстытута — Хведара Ільяшэвіча. Камітэт выпускаў антысавец-кую газетку. Збіраўся з беларусаў скалачваць батальён самааховы супроць партызан. Дапамагаў немцам вербаваць на заводы і шахты Германіі моладзь. Меў нават свой ансамбль...
Учора Ільяшэвічаў ансамбль прыбыў у мястэчка Гарадок — шэсць кіламетраў ад маёй вёскі. Сярод артыстаў знаходзілася і Белая, як называў яе Мішын. Яшчэ ён ведаў, што прозвішча яе — Варанцова.
Яна паходзіла аднекуль з Расіі, валодала цудоўным голасам і цяпер зарабляла сабе на харчы сольнымі выступленнямі. З ёй трэба было завязаць знаёмства.
I вось Мішын чамусьці вырашыў, што я — менавіта тая фігура, якая абавязкова зверне ўвагу прыгажуні, падпарадкуе яе спакутаванае па каханні сэрца, і гэта створыць умовы для здзяйснення планаў дэсантнікаў.
Правёўшы ноч ля вогнішча за размовай, вяртаўся я рані-цой з лесу. Распірала грудзі ад нейкага ўзнёслага хвалявання, і ў той жа час мяне грызла сумненне ды разбіраў страх. Здольнасцей сэрцаеда, якога бачыў ува мне Мішын, я нешта ў сабе не заўважаў. Наадварот. З дзяўчатамі заўсёды я быў нясмелы, чырванеў, губляўся ды не ведаў, пра што гаварыць.
Па праўдзе кажучы, з самага пачатку мне было ясна, што заданне правалю, але — от дзіва! — я нават не мог сабе прызнацца ў гэтым. Я ўжо стаў марыць аб сустрэчы, поўнай таямнічага абяцання.
5.
У той дзень я да абеду адсыпаўся.
З дому так проста не пойдзеш, патрэбен быў «саюзнік», і я пра ўсё расказаў брату. Тады начысціў да люстранога бляску боты, адпрасаваў галіфэ лейтэнанта, якога пры адступленні нашых войск бацька пераапрануў у цывільнае, затым надзеў белую кашулю ды пачаў завязваць гальштук. Назіраючы за ўсім гэтым, Валодзька соп ад страху, што маім планам перашкодзяць бацькі: калі ён хацеў нешта ўтаіць, заўсёды так голасна дыхаў.
Мама насцярожылася.
— Куды ты так выфранціўся, Аляксей? Людзі, гляньце толькі на яго! Народ гіне, вайна ідзе, а ты?! — надта здзівілася яна.
— Мо ён сабраўся да дзеўкі, то ісці загадаеце яму як лахману? — заступіўся за мяне брат.
Я пачырванеў і ледзь прыдумаў тлумачэнне.
Трэба заўважыць, наша мама пра артыстку ведала шмат. У яе была наогул цікавасць да ўсіх прыкметных жанчын, якія перад вайной прыбылі з Усходу. Мама балюча перажывала, калі жонка якога-небудзь савецкага афіцэра заляцалася да немцаў, бязлітасна такую кляйміла і ўжо надта ж ганарылася тымі, каторыя паводзілі сябе з прыстойнай годнасцю.