Выбрать главу

Я ўсім нутром жадаў, каб яна пачаставала і мяне, але насуперак гэтаму жаданню разумеў, што пачастунку не прыму. Я лічыў сябе нікчэмнасцю, якая не мае права на ўдзел у гэтай гульні. I калі артыстка наставіла сапраўды і мне руку, я спалохаўся, заматляў галавой і адчуў, як ганебна чырванею.

— Пожалуйста, угощайтесь! — прыемна для майго вуха прапела інтанацыя рускай мовы ў вуснах маладой жанчыны.

На секунду я быў вымушаны адарваць свой позірк ад пацерак, з жахам глянуў ёй у вочы і адвесці позірк ад яе вачэй ужо не мог.

З нялоўка настаўленай рукой артыстка, мабыць, па-сапраўднаму ўбачыла мяне толькі цяпер ды адразу разгадала, што творыцца ў мяне на душы. У яе сініх вачах з'явілася насцярожанае здзіўленне, потым — разгубленасць. На нейкае імгненне яна паказалася мне звычайнай бездапаможнай дзяўчынай, якой ветрам сарвала хустку з галавы, панесла па зямлі, а яна не ведае, што рабіць. Потым вочы яе пацяплелі. У іх я ўжо прачытаў амаль што мацярынскую спагаду, добразыч-лівасць і жаданне не то вывесці мяне з няёмкага становішча, не то зрабіць мне прыемнае, цамагчы мне хацела.

Адным словам, сядзеў я, хутаранін-індывідуаліст, як спа-ралізаваны, з душой, поўнай супярэчлівых перажыванняў, не здольны ні думаць, ні гаварыць, ні дзейнічаць. Я толькі адчу-ваў, што чырвань залівае ўвесь мой твар, шыю і нават — вушы.

Мае паводзіны збянтэжылі і артыстку. Яна пайшла ў канец вагона, нібы апараная.

— Эх, жизнь наша цветет пышным пустоцветом! — пастараўся згладзіць уражанне і цяжка ўздыхнуў мужчына з бародкай.

Больш ніхто не сказаў ні слова. Нібы я ўсім сапсаваў песню.

Белая больш не глядзела і ў мой бок, а я сядзеў ды пакутаваў.

Гэта было невыносна. Паслаў бы Мішын мяне нешта падпаліць, узарваць, нават зарэзаць якога-небудзь фашыста ці здрадніка — і я б заданне, напэўна, выканаў, але ж такое?..

Гэтым часам праехалі мы станцыі: Саколе, Жэдню, Кур'яны...

9.

I вось калі кіламетр за кіламетрам мы набліжаліся да Беластока, а я ў душы зноў праклінаў сваю нясмеласць і з адчаем успамінаў выгодныя моманты, якія я, разява, упусціў, раптам дыхнула холадам з тамбура праз рэзка адчыненыя дзверы, і ў вагон уціснуўся высачэзны чалавек.

— Го-осподи! — ад здзіўлення аж успляснула артыстка рукамі.— Ничего себе мальчик! Дядя Степа, достаньте нам воробушка!

Мажліва, адказ волата каму-небудзь пакажацца банальным, але ж, не дай божа, звярнулася б з такім жартам артыстка да мяне,— я, напэўна, згарэў бы ад збянтэжанасці і ўжо на добрую гадзіну страціў бы здольнасць да размовы. У незнаёмага, па-мойму, атрымалася здорава.

Ен пацёр застылы на скразняку твар і адразу падхапіў:

— Такой прыгажуні? Ха, вам я гатовы дастаць нават жураўля! Толькі пакажыце, чараўніца, у якім баку ён? — з надта ж мне знаёмай інтанацыяй маладым голасам спытаўся чалавек, задзіраючы галаву, бытта і на самай справе над столлю меліся ляцець птушкі.

Усё гэта я ацаніў значна пазней, калі тысячу разоў да драбніц разбіраў сустрэчу, успамінаў яе, зафіксаваную нейкай другой свядомасцю, што ў той момант была адно пасіўным сведкам, бо сам я кумекаў не шмат.

Прыгледзеўшыся лепш да незнаёмага, я бытта прачнуўся.

Гэта быў Мікалай Буднік з-пад Ружан, брат Косці — вядома, ён!

Тая ж самая лёгкасць рухаў пры аграмаднай камплекцыі ды энергічная ўпэўненасць, тая самая мудрая сур'ёзнасць у глыбіні хітравата-шэрых вачэй...

Я так засумаваўся па даваенных сябрах, што раптам забыўся, чаму тут знаходжуся.

— Коля, ты-ы?! — ускочыў, бы ўджалены, з лаўкі. На хвіліну ўжо зрабіўся цэнтрам увагі я. Павярнуў галаву і Мікалай. Буднік бытта спалохаўся, толькі ўсё гэта дайшло да мяне значна пазней.

Ён быў значна старэйшы, мы называлі адзін аднаго на «вы».

— Здароў! — цяпер як роўнаму, сунуў я хлапцу руку ды павёў яго к выхаду.

Ішоў ён за мной як бы пад прымусам, а ў тамбуры наогул павёў сябе дзіўна. Буднік нічога не пытаўся, заклапочана маўчаў ды нездаволена хмурыў твар — бытта я яму ў нечым перашкаджаў і ад мяне ішла пагроза. Але мне здалося, што я аж занадта ведаю, чаму ён такі насцярожаны. Падпольшчыку буржуазнай Польшчы, які сядзеў на Лукішках, было чаго і высцерагацца — немцы такіх хапалі адразу.

Я да сябра загаварыў:

— Ты глядзі, дзе мы сышліся?!

Буднік прамаўчаў і на гэты раз.

— Трэба ж нам так спаткацца пасля такога часу!..— не адставаў я ад яго.— Коля, скажы, што гэта робіцца?

— Не разумею, аб чым ты...

— Калі ж гэтую немчуру халера возьме ад нас?! Буднік толькі цяпер павярнуў да мяне твар, тады спакойна павярнуўся ўжо і ўсім сваім магутным корпусам.