І мне гэта падабалася. Падабалася гэтая ўлада чалавека над ёй. Думаю, мы ўсе былі ўдзячныя яе мужу. Бо калі б тут пачуўся хаця б яшчэ адзін голас — гэта было б ужо занадта. Нас усіх бы званітавала — ад траскай дарогі, ад неабходнасьці быць спакойнымі і ветлівымі, ад нецярплівага чаканьня. І толькі кіроўцу, здавалася, было напляваць, што адбываецца, чым пахне сыр-чабор — напэўна, калі б мы захацелі ў аўтобусе зладзіць суд Лінча, яго паклікалі б у старэйшыны, як самага справядлівага.
І вось мы выходзім з аўтобуса і ідзем да адкрытага рота індзейскай галавы. Ужо высьветлілася, што нямецкамоўная экскурсаводка, якую замаўляла турбюро, памерла. Або захварэла, або звольнілася — або ператварылася ў саляны слуп, якая розьніца, яе не было ў замку, і бедны Шпэцль застаўся безь перакладчыка. Ужо прагучала над галовамі пытаньне гаспажы Ацецкай, ці ня ведае хто з экскурсантаў нямецкай, і ўсе адмоўна і дружна закруцілі галовамі, і з найбольшай ахвотаю круціў тоўстай галавой Кунцэ. Ужо высьветлілася, што з намі ад самай сталіцы ехаў кітаец, якога ніхто не заўважыў. Усе рагаталі, паглядваючы на гэтага разгубленага чалавека ў пакамечаным пінжаку. Мы махалі рукамі і ляпалі яго па плячы, мы, група абмежаваных, эгаістычных, прагавітых расістаў, распусьнікаў, рассаднік дробнай хлусьні і зайздрасьці, прывезены са сталіцы статак паўдуркаў, якія ня здольныя нікога палюбіць па-сапраўднаму.
Мы ўваходзім у адкрыты рот галавы, дзевяць чалавек і дзесяць жанчын. Безыменная непрыгожая маладзіца з торбаю і Жанчына з Турбюро, экскурсаводка Люба, чалавек са значком, чалавек на значку, чалавек у акулярах, у кожным шкельцы па адным такім чалавеку, і ў кожным шкельцы кожнага — яшчэ па двое. Шпэцль і Кунцэ, і жанчына ў зялёным, я, адстаўнік, дзяўчына ў белай, занадта белай сукенцы, а за ёй бляндынчык, і кітаец, і сямейная пара, і яшчэ адна безыменная, худая, як манэкеншчыца, дзяўчына, і жанчына, якая працягвала пажыраць вачыма бляндынчыка, і яшчэ адна дзеўка, малая, тоўстая, з вачыма, як у старога «Масквіча».
Запомніце іх усіх. На першы-другі… Іх ня так ужо шмат. Сярод іх ёсьць лішнія, але так ужо ўладкаваны сьвет. Іх сотні, тысячы, мільёны, і ўсе яны едуць у свае Замкі, думаючы, што ўсё будзе добра. Ацтэччына прымае гасьцей.
Мы дастаем фотакамэры і тэлефоны, мы разгортваем і жуем прастору. Мы ня ўмеем фатаграфаваць. Мы бяздарныя людзі, якія прыехалі да вас з пасьлязаўтра. Экскурсаводка Люба пачынае гаварыць, і ўсе глядзяць на яе пакорліва і тупа, як авечкі.
Я гляджу на неба, я бачу прамень, я стаю проста пад хмарай, я палонны Замку. Я думаю пра белыя калготкі.
5. Босая ведзьма
Як жывая стрэлка на каменным гадзіньніку, нашая стракатая група абышла па коле другі паверх замку, паўсюль пакідаючы недарэчнае рэха.
Здавалася, кожнаму хацелася засьведчыць тут сваю прысутнасьць, надрапаць узбуджаным голасам у музэйным паветры: «Тут быў…» — і паставіць дату. Асабліва шчыравалі мужчыны. Калі мы ўваходзілі ў наступную з усіх гэтых гулкіх, выстуджаных заляў, недзе далёка за намі яшчэ стаяў рогат нястрымнага Кунцэ, хаця сам ён ужо даўно маўчаў, зь дзіцячай непасрэднасьцю калупаючыся ў носе. Чалавек у акулярах і цяпер не пакідаў свайго клопату пра беднага аўстрыяка, экскурсія праходзіла пад ягонае няспыннае бубненьне, зь якім усім давялося зьмірыцца. «Ну хіба гэта экспанаты? — чулася то з аднаго, то з другога кута. — Вось у Амстэрдаме…» Аўстрыяк з асуджаным выглядам ківаў, тужліва паглядваючы на пустыя нішы са сьвежымі падцёкамі фарбы.
Экскурсаводка Люба крыху хвалявалася і чамусьці ўвесь час глядзела на мяне — мне было яе шкада, і я ўдаваў на твары перабольшаны інтарэс. Распавядаючы пра насатых князёў зь відавочнымі прыкметамі выраджэньня і іхных жонак, падобных да лысых, ружовых кактусаў, яна раз-пораз зазірала ў свой нататнік — там было шмат вясёлых малюнкаў асадкай, зробленых, відаць яе рукой у нудныя хвіліны жыцьця, і я падумаў, што Люба, напэўна, вельмі добры чалавек, зь якім няблага было б пагаварыць пра нешта іншае, а не пра ўсю гэтую гістарычную лухту. Што яна, жанчына, можа ведаць пра Замак?