Іншая рэч — я…
Людзям на партрэтах мы відавочна не падабаліся: нізкалобыя арыстакраты з вачыма крымінальнікаў пагардліва сачылі, як мы махаем сваімі тэлефонамі, рукамі і падбародзьдзямі, арыстакраткі пазіралі хітра, як цыганкі. У аднаго з партрэтаў быў такі выраз твару, быццам ён зараз загадае адвесьці нас на стайню і ўсыпаць кожнаму бізуноў. Я вельмі хутка стаміўся ад сваіх занадта жывых спадарожнікаў, ад паўсюдных сьлядоў нармальнага менскага эўрарамонту, па-майстэрску ўпісаных у мураваную кладку. Хацелася выйсьці на замкавы двор, да сонца, да чырвоных камянёў, хацелася кавы і пакурыць.
Сонца вісела проста над замкам, калі мы апынуліся ў прасторнай залі, пасярод якой стаяў вялікі стол — тут уладары замку вырашалі ўсе важныя пытаньні: ад лёсу служак да лёсу сьвету. А сьвет канчаўся за найбліжэйшым лугам. Праз акно былі відаць край зубчаты бору і жоўтая дарога, па якой мы прыехалі. З замкамі як зь людзьмі: здалёк яны сымпатычнейшыя, чым пры блізкім знаёмстве. Люба замоўкла, каб набраць паветра, і я сустрэўся вачыма з той самай жанчынай у белай, занадта белай сукенцы. У іх гарэў дзіўны агонь. Няўжо ёй падабаецца Гісторыя? — падумаў я зьдзіўлена. Жанчынам ня мусіць падабацца Гісторыя. Надта ўжо часта яны ў ёй былі ў ролі закладніц. Закладніц, наложніц, нажніцаў, якімі мужчыны рэзалі сабе палатно, каб выціраць чужую кроў са стала для сваіх баляваньняў.
Калі мы ішлі сюды празь цёмны і цесны пераход, я крыху адстаў ад групы і мімаволі затрымаўся каля адной зь нішаў. Высьветлілася, што адстаў ня толькі я. Уціснуўшыся плячыма ў камяні, у нішы стаяла знаёмая мне жанчына ў белай сукенцы. Чорны заплечнік яна трымала ў руках — а перад ёй тырчаў знаёмы мне бляндынчык. Ніша была досыць вузкая, і бляндынчык загароджваў жанчыне ў белай сукенцы праход.
«А если подумать? — пачуў я ягоны бадзёры голас. — А если хорошо подумать? А, Почемучечка?»
Жанчына ў белай сукенцы заўважыла мяне — я адвярнуўся і кінуўся даганяць экскурсантаў. Як мужчына му.
Цяпер мы ўсе стаялі вакол стала ў позах рэвалюцыйных матросаў і тупа глядзелі на чырванашчокую Любу. Хамы, якія ўпіваліся сваёй уладай. Уражаньняў нам ужо хапіла — але гэта была толькі палова экскурсіі.
Мы ішлі згодна са стрэлкамі — жаночымі пальцамі, раздрукаванымі на прынтэры, паўсюдна разьвешанымі на белых сьценах. «Працяг экспазыцыі» — чыталі мы ўголас, чамусьці нам вельмі падабалася чуць свае галасы ў такой сур’ёзнай абстаноўцы. Мы пабачылі пакоі, дзе ўладары замка спалі і кахаліся, мяшаючы ў правільных прапорцыях дынастычную кроў — на дзіва маленькія, амаль дзіцячыя ложкі зь неверагоднымі балдахінамі. Мы пабачылі пакоі, дзе яны елі — цяпер у іхны посуд за люстранымі загародкамі было налітае толькі сонца, пасыпанае пылам. Калі б мне прапанавалі выпіць з такога, я б адчуў гідлівасьць. Мы пабачылі пакоі, дзе яны чыталі — цяжкія кнігі ў вокладках з чалавечай скуры. Мы пабачылі пакоі, дзе яны музыцыравалі: паркет маўчаў, ён быў зусім новы, ён пахаваў пад сабой усе жывыя гукі, а новых пакуль не нарасло. Мы пабачылі галерэі і паглядзелі па чарзе ў байніцы, мы наступалі адно аднаму на ногі і адхіналіся ад чужых ног на вузкіх пакручастых лесьвіцах. Мы пачулі колькасныя лічэбнікі, якія не застануцца ў памяці, і гады жыцьця, якія нічога нам не сказалі. Мы паслухалі гісторыю пра тутэйшы прывід — маладую сялянку, якую некалі спаліў, прывязаўшы да дрэва, мясцовы фэадал, і цяпер кожная ноч, якая апускаецца на замак — гэта яе тая самая ноч, якая паўтараецца ўжо трыста гадоў. Расказваючы пра гэта, Люба старалася ўкласьці ў свой голас як мага больш рамантыкі, а я думаў пра тое, што кожны мужчына, які чуе гэта, уяўляе сябе на месцы фэадала, а кожная жанчына — на месцы той сялянкі, і інакш ніколі не было і ня будзе. Мы гвалцім і аддаемся гвалту нават тады, калі ня маем да гэтага ні волі, ні ахвоты. Сялянку звалі Ганна, здань таксама — «Однофамилицы», гучна сказаў бляндынчык, і ўсе засьмяяліся, і я разам з усімі.
«А зараз мы пройдзем уніз, — усьміхнуўшыся, сказала мне Люба, і ўсе пакорліва ўздыхнулі. — Сходы, якія мы бачым за гэтымі дзьвярыма, вядуць у пакой аканома, а адтуль — да памяшканьняў, дзе захоўваліся замкавыя прыпасы…»
«Не, — сказала раптам жанчына ў белай, занадта белай сукенцы. — Не, Люба, мы туды ня пойдзем».
«Як гэта ня пойдзем? — зьдзіўлена ўскінула бровы Люба. — Вы павінны. Экскурсія яшчэ не…»
«І ніхто туды ня пойдзе, — прамовіла жанчына ў белай сукенцы строга і стомлена. — Ніхто. Усе застануцца тут, Люба, і будуць уважліва слухаць, што ім скажуць. Дзякуй вам за цікавую экскурсію».