Выбрать главу

Чорнага заплечніка на гэтай нахабнай, занадта нахабнай жанчыне відаць ужо не было. Затое ў руках зьявілася нешта, падобнае да зброі. Чорнай і недвухсэнсоўнай зброі. Такую я трымаў у руках апошні раз на вайсковых зборах ва ўнівэрсытэце.

«Что это у вас, девушка, за фаллическій символ в руках? — засьмяяўся нехта з мужчын. — Дайте-ка мне…» Ён зрабіў два хуткія крокі і тут жа спалохана адступіў назад. Фалічны Сымбаль у руках жанчыны ў белым нарабіў столькі шуму, што Люба заплакала, а ў Жанчыны ў Зялёным пачалася гістэрыка. Аўстрыяк зьбялеў, а Кунцэ ўхвальна засьмяяўся. «Приключэние!» — падняў ён угару вялікі палец. Жанчыну ў Зялёным пасадзілі за стол, Любу пагладзілі па галаве, але яна заплакала яшчэ гучней.

Гэта і праўда быў стрэл. У тынкаванай сьцяне цямнела дзірка зь няроўнымі, быццам намаляванымі краямі, а ў паветры запахла вясёлай сьмерцю.

Аглушаны, я стаяў і глядзеў на жанчыну ў белым. На вялікае акно, на сонечны прамень, які ў той самы момант, калі я зірнуў на яго, распаўся на некалькі вясёлкавых зьмеек. На непрыгожую маладзіцу з нашай групы, якая адышла да адных дзьвярэй, і на іншую, хударлявую, якая стала каля сходаў, што вялі ў пакой аканома. У іхных руках таксама былі яны — Фалічныя Сымбалі. На кітайца, які расшпіліў пінжак і аказаўся пласкагрудай дзяўчынай зь невялікім пісталетам у руках. На тоўстую дзеўку з вачыма, як у старога «Масквіча», якая дастала свой Фалічны Сымбаль і падышла да акна, памахаўшы камусьці рукой.

«Што будзем рабіць з гэтымі, Босая?» — запыталася ў жанчыны ў белым непрыгожая маладзіца.

«Зачыніце іх пакуль што тут», — сказала Босая, прысела перад Любай на кукішкі і пагладзіла яе па шчацэ.

«Усё будзе добра, — сказала Босая задуменна. — Магчыма. А можа, і не. Гэй, Аленькі Цьвяточак, прасачы, каб усё было ў парадку. І зьбяры ў іх тэлефоны, а то зараз званіць кінуцца. І фотаапараты хай здадуць, а то я іх ведаю…»

Непрыгожая маладзіца кіўнула, з усьмешкай пазіраючы на бледных мужчын і жанчын, што хапалі ратамі паветра, як рыбіны. Босая падышла да акна, задаволена прымружылася і шпаркім крокам рушыла да дзьвярэй.

«Что с нами будет?!! — залямантавала зьнянацку жонка бурклівага мужчыны. — Мужчины, что вы смотрите? Сделайте что-нибудь!»

Ніхто не зварухнуўся. Босая спынілася і падышла да жанчыны. Усе з апаскаю праводзілі позіркамі Фалічны Сымбаль у яе голых руках. Рукі трымалі Сымбаль цьвёрда, як камень трымае зямную вось. Пад уважлівым позіркам Босай жанчына змоўкла, як і не было нічога.

«Што будзе? — прамовіла Босая. — Пабачым. А пакуль што… Пакуль што Замак у стане аблогі. Не хвалюйцеся, гэта зь ім ужо здаралася, і ня раз. Скажу, каб вам прынесьлі зьнізу каву і нешта перакусіць».

І ўсе неяк адразу супакоіліся. Толькі ў пажылога адстаўніка напяліся вены на руках ды вочы наліліся крывёй. Аленькаму Цьвяточку давялося досыць груба тыцнуць руляй свайго Фалічнага Сымбаля у ягоную сьпіну, каб той паслухмяна паклаў тэлефон на стол, а за тэлефонам рукі, вялікія, пакрытыя сівым валосьсем і суворымі татуіроўкамі.

«Ну, не сумуйце тут», — сказала Босая, думаючы пра сваё, і выйшла, і яшчэ доўга было чуваць, як грукаюць па сходах абцасы яе туфляў.

6. Кропкi над Б

Дырэктарка замкавага комплексу Галіна Вітольдаўна Бабец займала ў ім такую стратэгічную пазыцыю, якой пазайздросьціў бы любы фэадальны военачальнік.

Яе кабінэт мясьціўся ў правай замкавай вежы: адсюль, падышоўшы да аднаго з вузкіх і высокіх вокнаў, яна магла бачыць, як на далоні, усё навакольле — і ад яе пільнага, падведзенага сінім вока ня здольны быў схавацца ніводзін рух. Скасіўшы другое бяссоннае, як запаленая газьніца, вока долу, Галіна Вітольдаўна мела магчымасьць назіраць і за тым, што дзеецца ў замкавым двары. Выдатная пэрспэктыва.

А ў двары магло адбыцца што заўгодна. Ці ня зладзілі яе супрацоўніцы злачыннага перакуру? ці не размалёўваюць дзеці спакусьліва белыя сьцены ўнутраных, псэўдаантычных порцікаў канца ХVIII стагодзьдзя? ці не фатаграфуюцца экскурсанты ў занадта непрыстойных позах? А галоўнае, ці не пралез за чырвоныя замкавыя муры нейкі журналісьцік, каб напісаць пра іх штосьці разьвязнае і хлусьлівае?

Апошняе асабліва злавала Галіну Вітольдаўну: даручаны ёй аб’ект яна любіла аддана і палка, і нават думала пра яго зь нейкім прыдыханьнем, бо думкі, як вядома, таксама ўмеюць дыхаць — і пакідаць запацелымі вочы таго, хто наважваецца іх думаць. Кожная мысьль матэрыяльная, не стамлялася паўтараць Галіна Вітольдаўна сваім падначаленым, а значыць, усё, што вы падумалі, пакідае дзесьці свой сьлізкі сьлед. А выціраць — нам. І калі нейкая непісьменная маладая курыца… нейкая стрыжаная недавучка… нейкая прышчавая школьніца лічыць, што яна мае права пісаць пра Замак што захоча, што яна мае права мець пра Замак нейкія ўражаньні, усяго толькі і зрабіўшы ў жыцьці, што выпіўшы кавы ў замкавым бістро — дык Галіна Вітольдаўна лічыла сваім абавязкам супрацьстаяць гэтаму.