Для таго яе тут і паставілі — супрацьстаяць і абараняць.
Гэты дэвіз Галіна Вітольдаўна Бабец напісала б на сваім фамільным гербе, калі б ён у яе быў. Але гербу ў яе не было. Быў стол, на якім тырчаў нягнуткі, нягеглы сьцяжок, побач са сьцяжком паблісквала шкляная мадэль сярэднявечнага замка, падарунак калег з Аўстрыі. А над сталом вісеў партрэт прыгожага вусатага мужчыны, дзяржаўнага мужа. Вісеў і глядзеў у кампутар, на экране якога аднойчы…
Так, у той дзень Галіна Вітольдаўна з раніцы сядзела і злавалася, пазіраючы на кубак з толькі што запаранай гарбатай, тот самый чай, на паверхні белая выспачка пены — быццам хто плюнуў. Журналістачкі. Крыўда дырэктаркі была яшчэ сьвежая, як тынк на сьценах. Адна сталічная штучка — хітрая погань, прыкінулася звычайнай турысткай — прабеглася тут нядаўна, нарабіла здымкаў і напісала пра Замак такое, што валасы на галаве ўсталі дуба. Галіна Вітольдаўна не адразу паверыла, што гэта здымалі ў яе Замку. Гэтая, прасьціце за выражэніе, журналістка зьляпіла нейкі паскудны пасквіль, яе, бачыце, не зацікавілі ні калекцыя зброі, ні мэбля, якой, між іншым, дзьвесьце гадоў, ні партрэты, кожны зь якіх абышоўся міністэрству культуры ў круглую суму. На фота былі толькі нейкія вуглы, шпалеры, унітазы, скуластыя твары супрацоўніц, скамечаныя пакеты… А подпісы якія пахабныя. Калі ўсё гэта зьявілася на сьвет божы, Галіна Вітольдаўна знайшла ў сеціве выяву гора-журналісткі, загадала раздрукаваць і раздаць усім супрацоўнікам. Пры апазнаньні — затрымаць. Дырэктарка патэлефанавала ў газэту, ёй сказалі, што тая дзевачка — звычайны фрылансэр.
«Я так і думала, — горка і зларадна пасьміхнулася Галіна Вітольдаўна. — Што і трэба было даказаць. Правяралі б, каго бераце на работу».
Карэспандэнтка больш не паказвалася, але наведнікаў хапала. Усім хацелася пабачыць велічны старажытны Замак, які атрымаў новае жыцьцё. Але як дырэктарка Галіна Вітольдаўна Бабец была ня надта гэтым задаволеная. Ёй патрэбныя былі не галадранцы нейкія, хай бы і са сталіцы, а сапраўдныя замежныя турысты. Менавіта іх чакала рэстарацыя «Пан або прапаў», крама сувэніраў, менавіта па іх душу стаяў сумны фатограф каля разьвешаных у фае старасьвецкіх строяў, менавіта ім быў адведзены пакой для віпаў у левым крыле, які можна было зьняць на суткі за суму, эквівалентную гадавому заробку Галіны Вітольдаўны.
Але людзі з далёкіх замежжаў ня надта рваліся ў Замак. А тыя, што прыяжджалі — толькі хмурыліся, пілі чамусьці адну ваду і елі прывезеныя са сталіцы бутэрброды. І гэта — іншаземцы?..
Галадранцы адны. І там, і тут.
Пан прападаў, параваркі стаялі халодныя, як сьпісаныя паравозы ў дэпо, блішчалі непрыстойна яркія і пукатыя, як прадукцыя інтым-шопу, сувэніры, сумны фатограф нядаўна звольніўся, а ў пакоі для віпаў кожны дзень мянялі некранутыя прасьціны, быццам тут начаваў прывід…
Трэба было нешта рабіць.
Дзьверы ў дырэктарскі кабінэт раптам паволі адчыніліся і замерлі, быццам прапускаючы кагосьці наперад. Галіна Вітольдаўна ўздрыгнула і падняла падведзеныя сінім вочы. Ніякіх гасьцей яна сёньня не чакала. Дый не маглі яны завітаць вось так зьнянацку. Яна пачула б спачатку крокі на лесьвіцы, яна заўжды іх чула. Але да гэтага моманту ў вежы было ціха — толькі з двара даносіўся дзявочы віск экскурсаводак.
І вось — гэты скрып.
Дырэктарка паднялася, падышла да дзьвярэй, вызірнула ў вузкі калідор. Нікога. Яна зачыніла дзьверы і падышла да акна. Яшчэ адзін аўтобус пад’ехаў. Выходзяць… Цікаўныя, азіраюцца, глядзяць, мружачыся, на муры, на вежу, на браму… Глядзяць — а яе, Галіну Вітольдаўну, ня бачаць. Так і мусіць быць. Улада павінна заставацца магутнай і непрыкметнай. Галіна Вітольдаўна Бабец была тут у Замку вышэйшая за ўсіх. Адзіныя, хто быў упоравень зь ёю — гэта хмара, што насунулася на Замак з раніцы, ды лянівае сонца. Хмара і сонца. І мужныя ваяры, прыгожыя вобразы якіх жылі тут паўсюль. Галіна Вітольдаўна верна служыла ім і дзяржаве. Разам яны былі сілай. Галіна Вітольдаўна Бабец, князі Якуцкія і дзяржаўныя мужы, уладары цяперашняй Краіны Замкаў. Усе разам яны і ёсьць — Гісторыя.
Крак. Крак. Крак.
А вось цяпер па калідоры дакладна нехта ішоў.
Нясьпешна, нібы навобмацак, нібы выбіраючы месца для кожнага наступнага кроку. Як варона каркае. Гэта было ўжо ня першы раз. А лесьвіца ўнізе чамусьці маўчала. Дырэктарка прыслухалася. Крокі былі нягучныя, але выразна чуліся зусім блізка, за сьцяной кабінэту. Што за халера?