Выбрать главу

«Чаго-чаго? — нахмурылася Галіна Вітольдаўна, набіраючы нумар Якаўлевіча. — Якія яшчэ тры дні?»

«Якія яны будуць, залежыць толькі ад нас з вамі», — уздыхнула дзеўка ў белым і падміргнула сваёй прыяцельцы.

Якаўлевіч чамусьці не адказваў, і гэта было вельмі, вельмі падазрона.

«Так, што вам тут трэба, спадарыні? Я занятая,» — гістэрычна выгукнула Галіна Вітольдаўна, адчуваючы, як расьце ўнутры млосьць. Дзьве дзеўкі, маладыя, здаровыя, стаяць так блізка, што яна адчувае іх подых, адчувае, як пахнуць іх па-летняму адкрытыя целы.

«Мы праводзім у вас, хм… — задумалася тая, што ў белым. — Скажам так, мастацкую акцыю. Тры дні пажывем тут у вас, а потым паглядзім».

«Што значыць пажывем? — паднялася, бліснуўшы сінявою, з-за стала Галіна Вітольдаўна, схапіўшы шкляны замак і сьціснуўшы яго ў руцэ. — Папрашу вас, дзевушкі, пакінуць мой…»

«Джэк Патрашыцель, расстаў, калі ласка, усе кропкі над і, — ласкава зьвярнулася жанчына ў белай, занадта белай сукенцы да сваёй таварышкі. — Займіся пунктуацыяй, дарагая. Ты гэта любіш».

У руках хударлявай зьявіўся доўгі, памерам зь яе руку, чорны прадмет, у якім Галіна Вітольдаўна не адразу пазнала самую звычайную мужчынскую зброю. Такую, як у кіно пра вайну.

«Уберите это! — перайшла яна зь перапуду на другую дзяржаўную мову. — Уберите ваши штучки!»

Жанчына ў белай сукенцы дзелавіта закрыла вушы, зморшчылася, і зброя ў руках Джэка Патрашыцеля загаварыла.

Татататата. Мамамама. Яяяяя.

Умомант па ўсім кабінэце Галіны Вітольдаўны былі расстаўленыя чорныя кропкі — выразна артыкулюючы ўсе гукі, зброя тлумачыла, што працоўны дзень у Замку на сёньня скончаны. Паляцеў на падлогу прабіты ў некалькіх месцах партрэт галоўнага дзяржаўнага мужа, разьляцеўся на дробныя аскепкі кубак з гарбатай, пакрыліся высыпкай, як ад скураной хваробы, белыя сьцены, і нават шкляны замак у руцэ Галіны Вітольдаўны ў нейкае імгненьне рассыпаўся на прыгожыя шкельцы. Галіна Вітольдаўна ўзвыла і памерла. А калі ўваскрэсла, дзьве мярзотныя маладзіцы стаялі каля яе і ветліва крычалі проста ў твар, курчачы страшныя пысы: «Вы ня ведаеце часам, дзе ключы? Ключы ад ніжніх памяшканьняў? Мы нідзе ня можам знайсьці! Галіна Вітольдаўна! Галіна Вітольдаўна! Спадарыня дырэктар! З вамі ўсё нармальна? У вас тут такі парадак! І замак — абалдзець проста! Вы ж любіце мастацтва? Праўда? Нам толькі ключы! А патом чайку вып’ем!»

Дырэктарка нейкім цудам узяла сябе ў рукі, заплюшчыла вочы і кіўнула.

«Ну вось і добра, — дзеўкі адразу ж скончылі гэтую псыхічную атаку і засьмяяліся адна адной. — Давайце іх сюды!»

На імгненьне стала ціха.

«Яны ня тут, гэта ў іншым кабінэце, — сказала зь дзіўнай палёгкай Галіна Вітольдаўна. На яе яшчэ ніколі так не крычалі жанчыны. — Я аддам, аддам, я ўсё аддам…»

Яна павяла іх па цёмным пустым калідоры да сходаў.

«Босая, а калі яна хлусіць? — спытала напаўголасу хударлявая ў той, што ў белым. — А калі ў яе няма ніякіх ключоў?»

«Што ты як не мастак, — сказала Босая, прапускаючы Галіну Вітольдаўну наперад. — Калі ключоў няма, іх заўжды можна прыдумаць! Галіна Вітольдаўна, вы куды?»

Але Галіна Вітольдаўна ўжо шмыгнула ў ратавальную нішу пад лесьвіцай і пакацілася ўніз па зусім іншых прыступках — хутка-хутка.

«Ого, — уздыхнула Джэк Патрашыцель. — Не дагнаць».

«Тое, што Галіна Вітольдаўна нас пакінула, яшчэ ня значыць, што ключоў не існуе, — сказала Босая і хмыкнула. — Нават не разьвіталася, а яшчэ начальніца… Сьмелая баба, мне спадабалася. Дарэчы, вунь яна дзе».

І Босая паказала ў акно на ўнутраны двор, па якім, з апаскаю азіраючыся, кралася да яшчэ не зачыненай брамы няшчасная дырэктарка.

«А можа, у расход яе? — Джэк Патрашыцель злавіла дырэктарку ў прыцэл, патрымала ў ім, патрэсла, пакаштавала на вока. — У ножку ці ў дупу? Ці ў цемечка?»

«Не, ня трэба, — Босая паклала руку на ствол. — Хай жыве. І хай нясе сьветлую вестку людзям і жанчынам, усім малым і вялікім істотам, у гарады і весі…»

7. Iх больш, чым мы думаем

Як жа так магло стацца, што сярод белага дня ў дэмакратычнай краіне пад жаночым назовам «Рэспубліка Беларусь», у краіне з даведкай пра тое, што яна знаходзіцца ў самым цэнтры Эўропы, у краіне, якой кіравалі мудрыя і магутныя дзяржаўныя мужы, адрэстаўраваны на дзяржаўныя грошы княскі замак зь велікапышнымі высокімі мурамі і неблагой крамаю сувэніраў, замак, які з гордасьцю паказвалі турыстам з усяго сьвету, раптам апынуўся ў руках банды тэрарыстак, кучкі няўрымсьлівых бабаў без цара ў галаве?

полную версию книги