Выбрать главу

Што да ахвяраў маладзейшага веку, дык яны прыходзілі раніцай у школу ў гераічных бінтах і, хаваючы вочы і заікаючыся, расказвалі неверагодныя і няўцямныя гісторыі. Ну, на тое яны і хлопцы, каб хадзіць з гузакамі, супакойвалі сябе пэдагогі. Галоўнае, што ўсе жывыя. І ніхто ня піша заяваў ні ў органы правапарадку, ні ў РАНА — толькі кантрольныя і дыктоўкі. Дзяўчаты пішуць больш пасьпяхова за хлопцаў, расьце цэлае суквецьце выдатніц. Хлопцам навука даецца цяжэй, але ж на тое яны і… І наогул, да свадзьбы зажывёт. І жывот зажывёт, і ўсякая рана зарасьцёт, зуб прайдзёт, жызьнь прайдзёт, цот-няцот, цот-няцот, цот.

Можа, яно й добра, што мужчынская гордасьць не дазваляла ахвярам паўзаемнічаць міжсобку хаця б раз, каб нарэшце аб’яднацца і ўваліць крыўдзіцелькам як сьлед, вылавіўшы іх па адной. Інакш справа магла б дайсьці да самай жорсткай вайны. А можа, на тое і быў хітры разьлік банды: ведаючы асаблівасьці гэтай гордасьці, зламысьніцы былі пэўныя, што ахвяры застануцца разьяднаныя і слабыя, як пінская шляхта, і бясьсільныя, як дзеці.

Нехта ўсё ж пусьціў пагалоску пра гэтых жудасных дзевак — перашэптам, перакурамі за школьным ганкам, апасьлівымі пераказамі легенда выйшла за межы адной школы і разышлася па ўсёй сталіцы. Хоць, магчыма, пастараліся і самі бандыткі, намякнуўшы пра свае прыгоды самым балбатлівым вучаніцам і прыгразіўшы ім расправай, калі яны назавуць хоць бы адно імя.

Трэба сказаць, што бацькі ўдзельніц банды спалі спакойна: іхныя дочкі ніколі не вярталіся дахаты пазьней строга прызначанага для іх дзявочага часу. Маткам не даводзілася ўзірацца ў цёмныя двары, сьлепячы свае вочы, у якіх скакаў нязгасны тэлевізійны агеньчык, і выціраючы кроў са сваіх вечна сырых сэрцаў. І айцы сямействаў ня мусілі раўці на дачок у вузкіх калідорах, што ўжо ноч даўно і «дзе-ты-швэндаешся-прастытутка-малая». Не, роўна ў абяцаны перад сыходам на шпацыр час дзяўчаты адчынялі дзьверы сваіх кватэраў і скідвалі з ног разьбітыя туфлікі. Свае станцаваныя чаравічкі. І, пачытаўшы на ноч праграмныя кніжкі, клаліся у свае ружовыя ложкі, пад позіркамі сваіх даўно ўжо халодных плюшавых мядзьведзяў і пастарэлых лялек, пацалаваўшы ўпотай постэр з выявай вусатага, як месяц, кінаактора, які ніколі, ах, ніколі не прыедзе ў іхны горад.

Колькі іх было, тых зламысьніц? Мо дзесяць-дванаццаць, а можа і меней, можа, гэта ўсё бэз вінаваты, ён заўжды ўсё перабольшвае, непралазны менскі бэз з ачмуральным жаночым водарам, чортаў куст, які таксама ўмее сьмяяцца, калі да яго дакранешся локцем на бязьлюднай вечаровай сьцежцы; можа, гэта ягоная прысутнасьць стварала ілюзію шматлікасьці банды. А дзеўкі ў гэтай зламыснай кампаніі былі як на падбор: бляндынкі і брунэткі, пульхныя і хударлявыя, як мадэлі, маленькія, празрыстыя, як рэдкі від жабянятаў, і высачэзныя, падобныя да скандынавак жанчыны ў целе, пра якіх і ня скажаш, што яны яшчэ школьніцы, такіх у войска бяруць, не раздумваючы, і ў жонкі бяруць, і ў касманаўты, і ў міліцыю, і на цёмныя справы ў сьветла-шэрую ад брудных ліхтароў імглу.

Банда шчыравала месяцы тры, ня болей — яна так і засталася няўлоўнай, засталася белымі калготкамі на першым таполевым сьнезе. Здаецца, менавіта так, «белымі калготкамі», з жывёльным жахам перад усім жаночым, называлі мітычных прыбалтыйскіх снайпэрак расейскія акупанты на Каўказе. Напады скончыліся, нібыта і не было разьбітых вострымі абцасамі вуснаў і адточаных тычкоў пад рэбры ды трапных вытняў па самых гордых мужчынскіх месцах. Зразумела, чаму: не таму, што кожная школа некалі канчаецца, і не таму, што некаторыя жабяняты ператвараюцца ў скандынавак, а некаторыя скандынаўкі ў афрыканскіх рабыняў, і не таму, што неўзабаве зьявіліся мабільнікі, а сьвятла ў горадзе стала болей, чым бэзу. І не таму, што менскі месяц згаліў вусы — бо ў яго іх і не было, тых вусоў. А таму што кожная сапраўдная гісторыя мусіць скончыцца нічым, каб пакінуць месца для новай, яшчэ больш сапраўднай. Толькі так яна мае шанец ператварыцца ў легенду.

2. Млявыя мэлянхолiкi

Аповед пра тую дзявочую банду я пачуў ад знаёмага паэта У. Л. Мы сядзелі зь ім і ягонай жонкай-перакладчыцай у самай знакамітай менскай кавярні, яны пацягвалі віно, я — каньяк, быў вечар, і кавярня запаўнялася, як пясочны гадзіньнік. І хоць аповед быў зусім кароткі, бо гаварылі мы, уласна кажучы, зусім не пра гэта — маё ўяўленьне адразу ж дамалявала ўсе падрабязнасьці, і легенда ўспомнілася так ясна, быццам я сам быў яе ўдзельнікам. Я сапраўды чуў яе ў дзевяностых, калі праходзіў пэдпрактыку ў адной зь менскіх школаў. Школа была на самым краі гораду, і таму ўсе чуткі даходзілі да нас у апошнюю чаргу.