«В восемь вечера будем дома», — з наўмыснай, перабольшанай ахвотаю адказвае на нечае пытаньне жанчына з турбюро. Яна сядзіць каля кіроўцы і ніяк ня можа нас палічыць. Раз, два, тры, чатыры… Пяць. І спачатку: раз, два, тры…
Яна памыляецца. Мы ўсе памыляемся, пасажыры дурнога, але вельмі важнага аўтобуса, які зьбіраецца выехаць дажджлівай раніцай з шэрай сталіцы. Апрача жанчыны ў белай сукенцы, якая глядзіць проста перад сабой, і ніхто пакуль што не зьвяртае на яе ўвагі. Толькі я — бо даўно пазнаў яе, але ўдаю, што бачу першы раз. Ёсьць жанчыны, якіх лепш ня ведаць.
Тое, што яна тут, не прадвяшчае нічога добрага. Яшчэ ня позна выйсьці, яшчэ ня позна вярнуцца дамоў і ня браць удзелу ва ўсім гэтым. Даць магчымасьць іншымрабіць Гісторыю. Іншым — гэта значыць мужчынам. Іх у аўтобусе хапае. Вось хаця б гэты, на выгляд — іншаземец. Ён падазрона ўзіраецца ў акно. Ён чагосьці баіцца… Аўтобус паволі выбіраецца з натоўпу нэрвовых людзей і мёртвых дамоў. Нібы навобмацак, грузнавата, але ўпэўнена аўтобус выяжджае на шашу. Аўтобус вязе нас у Замак.
Жанчына ў белай сукенцы, зьніадкуль, раптоўна, з майго цёмнага юнацтва… Адзіны знаёмы мне твар. Гэта цяпер я магу расказаць пра кожнага з пасажыраў так падрабязна, быццам яны ўсе былі ў мяне на споведзі. А тады я меў свае пляны. Блышыны рынак у галаве разгортваўся, раскладваў тавар, заляжалыя, смутныя думкі. Як толькі я заняў сваё месца, вакол маёй галавы быццам бы ўтварыўся празрысты шар, і адтуль, з глыбіні гэтай сфэры, я, прыплюшчыўшы вочы, назіраў за пасажырамі, думаючы пра сваё. Але пра мае пляны пазьней. Мы ўсе тады мелі пляны. Але толькі адзін зь іх быў увасоблены ў жыцьцё.
Потым, калі ўсё скончыцца і вінаватыя будуць пакараныя, а героі атрымаюць заслужаныя ўзнагароды і сьціплыя кампэнсацыі, нас пералічаць. Нас палічаць да апошняга, дакладна і строга, і высьветліцца, што адным цудоўным днём у замак, дзе і так хапала народу, увайшло дзевятнаццаць чалавек. А дакладней, дзесяць, бо жанчыны ўсё ж не зусім людзі, ці ня праўда? Але пакуль што яны яшчэ ня выйшлі з аўтобуса, яны яшчэ нясуцца насустрач цёпламу дню, які не прадвяшчае нічога, апрача навальніцы. Самы час прыслухацца да іхных размоваў, пагатоў замак ужо зьявіўся на даляглядзе. Яшчэ хвілін пятнаццаць, і яны будуць на месцы. Жанчыны пераважна маўчаць, мужчыны вядуць нясьпешныя размовы. Пра палітыку, пра культурна-гістарычныя каштоўнасьці, пра жывёлаў, пра грошы і, вядома, пра жанчын. Пра што ж ім яшчэ гаварыць? І пра што маўчаць?
Іх досыць шмат — але ў аўтобусе ёсьць вольныя месцы. Значыць, экскурсія па нядаўна адрэстаўраваным замку не карыстаецца шалёнай папулярнасьцю. Пасажыры круцяцца на сядзеньнях, іх цягне адно да аднаго, але пакуль што праклятая прыстойнасьць не дае ім разьняволіцца да канца. Іх можна параўнаць зь дзецьмі, гэтых людзей, якія вырашылі прысьвяціць свой выходны дзень падарожжу ў Краіну замкаў — патрацілі грошы, няшмат, але патрацілі, перакананыя, што яно таго варта. Яны ўсьміхаюцца, яны яшчэ цнатлівыя, яны яшчэ ня ведаюць, што іх чакае, але ўпэўненыя, што ўсё, усё будзе добра. Што зь іх атрымаецца? Кім яны вырастуць, падняўшыся з сваіх наседжаных пранумараваных месцаў? Кім увойдуць у замак?
Паглядзім.
А лепш паслухаем. Замак усё бліжэй. І радыё ўжо даводзіцца перакрыкваць, бо акурат цяпер на ўвесь аўтобус гучыць бадзёрая кампазыцыя, апрацоўка народнай песьні пра Ганну. Песьні, якую нельга не задушыць, не забіць, а можна толькі даслухаць да канца:
Дурнаватая, калі падумаць песьня. Ня наша. Было ў ёй нешта штучнае, нешта фальшывае. Але яе лічылі народнай, а народнае ня можа быць ні фальшывым, ні дурнаватым.
Запомні гэта, чытачу.
4. Краiна замкаý
Здалёк Замак быў падобны да агромністай галавы індзейца, якая прымружыла вочы і ашчэрыла зубы.
«Вам, пэўне, гэта ўсё нецікава, — пераконваў свайго суседа чалавек у цёмных акулярах. — Уяўляю, як вам сьмешна, хаха. Вось у вас у Аўстрыі — гэта замкі. Сапраўдныя бургі, аўтэнтыка, з фэадальных часоў! А ў нас? Усё фальшыўка, імітацыя!»
Аўстрыяк жаласьліва ўсьміхаўся і выстаўляў наперад далонь. Ён не разумеў ані слова. Ён хацеў занурыцца ў сваю брашуру, якая тлумачыла яму на мясцовым, досыць сярдзітым дыялекце ангельскай мовы, што Беларусь стала членам ЮНЭСКА ў 1954 годзе і што нацыянальнай жывёлай гэтай краіны ёсьць бізон. Апрача таго, брашура паведамляла, што захаваньне гістарычнай спадчыны — гэта абавязак кожнага грамадзяніна і найважнейшы дзяржаўны клопат.