Выбрать главу

А можа, нічога і не пачнецца. Можа, выступленьне перанясуць на восень. Ці зусім адменяць. Усё залежыць ад таго, якой будзе сёньняшняя сустрэча. Сустрэча двух непрыкметных адстаўных дачнікаў, пажылых, але маладжавых мужчын, якія пасадзілі, вырасьцілі і пабудавалі, але не парушылі прысягу.

«Што ж вы не фатаграфуеце? — зласьліва ўсклікнуў чалавек у акулярах, тыцкаючы пальцам у акно аўтобуса. — Га, спадарства? Што яны не фатаграфуюць? — ён зноў павярнуўся да аўстрыйца. — Бо ім сорамна! Стыдоба! Хіба гэта замак? Гэта ж павільён Беларусьфільму нейкі! Дзе аўтэнтыка? Зірніце на муры! Эх!»

Чалавек у акулярах пашукаў, куды плюнуць, не знайшоў і зьняў акуляры, уклаўшы ў гэты жэст столькі пагарды, што ўсе і праўда абурана адвярнуліся да вокнаў.

«Вы на іх не крыўдуйце, — дабрадушна сказаў хтосьці па-нямецку, і аўстрыяк узрадавана пацягнуўся на гэты ратавальны голас. — Яны, па сутнасьці, вельмі добрыя людзі. Проста гавораць часьцей, чым трэба. Вы і праўда аўстрыец?»

Аўстрыяк павярнуўся. Добразычліва ўсьміхаючыся, на яго глядзеў тоўсты чалавек у кепцы. Яны бачыліся на вакзале, калі пакідалі сталіцу — таўстун спачатку піў піва, а потым заснуў, і вось цяпер сьвежы, румяны, заспаны, як кавалак сьвініны, ён глядзеў на аўстрыяка і прамяніста ўсьміхаўся.

«Хольгер, — працягнуў ён пульхную руку. — Хольгер Кунцэ, з Гановэру».

«Рудзі Шпэцль, — з палёгкай паціснуў руку аўстрыяк. — З Грацу. Не, усё добра. Ужо добра. Я ведаў, куды еду. Але трохі не разьлічыў сваіх сілаў».

«Прыехалі па жонку? — усьміхнуўся з разуменьнем Кунцэ. — Я так і падумаў. Першы раз я таксама прыехаў з гэтай мэтай. На жаль, ня склалася. Мяне падманулі. Так проста, быццам гэта быў такі мытны збор. Але я не расчараваны. Урэшце, мне заўжды падабаліся прыгоды, а дзе іх яшчэ шукаць? На Балканах небясьпечна, там заўжды было небясьпечна, калі едзеш адзін. У Альбаніі? Не, дзякуй! Тут бліжэй і прасьцей дамовіцца. А тое, што тут можна знайсьці харошую бабу… Магчыма, раней так і было. Але ўсё даўно ўжо зьмянілася».

«А мне казалі, што тут толькі сьвісьні», — расчаравана прамовіў Шпэцль.

«Хто казаў? Трэба сур’ёзьней ставіцца да крыніцаў, — засьмяяўся Кунцэ. — Гэта быў твой сусед? Давай на ты, ок?»

«Згода, — зьдзіўлена сказаў Шпэцль. — Так, сусед. Як ты здагадаўся?»

Дома, па той бок мяжы, ён ніколі б не дазволіў сабе вось так хутка, з паўабароту, завесьці гэткую шчырую гутарку. Нават каб пагаварыць з суседам — а той быў неблагі чалавек, з мазгамі. Шчырасьць — гэта глупства. Але тут, у аўтобусе, які запаўзаў на ўзгорак, яму раптам зрабілася лёгка і прыемна ад сваёй шчырасьці. Хацелася, каб гэты Кунцэ гаварыў, няважна што. Але ён казаў сапраўды разумныя і цікавыя рэчы.

«Я ж кажу, я тут чацьверты раз, — задаволена прымружыўся Кунцэ. — Наслухаўся гісторый».

«І праўда, гэта быў мой сусед… У яго руская жонка… Але ён прывёз яе сем гадоў таму… І ўжо разьвёўся. Цяпер яна ў Вене», — прамармытаў Шпэцль.

«Сем гадоў! — прагудзеў насьмешліва Кунцэ. — У Вене! Дураць нашага брата… А сем гадоў таму, скажу я табе, тут шмат што можна было браць голымі рукамі, калі ведаеш патрэбных людзей. А калі яшчэ гаворыш крыху па-расейску…»

«Ты ўмееш па-расейску?»

«Не ідэальна, але… — Кунцэ ўздыхнуў і паклаў руку на сьпінку крэсла Шпэцля. — Шмат што разумею і яшчэ больш магу сказаць. Натуральна, калі яны не балбочуць, як ашалелыя. Пра што тут была спрэчка, я так і не дапяў. Яны крычалі, як малпы. Калі шчыра, Шпэцль, я не прывёз адсюль бабу, але знайшоў нешта значна больш цікавае…»

«Што?»

«Ты чуў пра бізонаў?»

«Так», — няўпэўнена сказаў Шпэцль. Бізонаў ён сабе яшчэ сяк-так уяўляў, хоць і быў зьдзіўлены, што яны тут водзяцца. Пакуль ён яшчэ ня бачыў ніводнага. Яму чамусьці хацелася даведацца іншае: што азначаюць гэтыя ідыёцкія літары? ЮНЭСКА? Хольгер мусіць ведаць, калі ён тут чацьверты раз і ўсё яшчэ жывы. Але Шпэцль вырашыў пачакаць абеду. Можа, ён нават пачастуе немца півам. Прыемна ўсё ж яго тут сустрэць. Хоць адна блізкая душа. Ледзяныя салдаты на ўзбочыне пачалі раставаць.