Дзевяноста сем пудоў!
Шэры камень так не давiць,
Як праклятая любоў!..
Бухнула ў камень хваля, што пакiнуў за сабою катэр, пырскi абдалi хлопца, i ён, вiскатнуўшы падробленым голасам, заспяваў яшчэ грамчэй. Васiлiна адвярнулася, каб не глядзець на хлопца, - смяялася. Смяялася з гэтай песнi, смяялася з нядаўнiх думак пра камень, якi наважвалася ўскласцi сабе на магiлу. Ну i дурнiца ж яна! Знайшла сабе клопат. Вось жа яно, жыццё! Што лепшае прыдумаеш?
З блакiтнай высi падаў мяч - нехта, ударыўшы недакладна, выбiў яго за вызначаную мяжу. Васiлiна павярнулася, хутка i лёгка, нiбы вавёрка, скочыла ўслед за iм i, падаючы на пясок, кароткiм ударам перахапiла мяч ля самай зямлi, i ён зноў высока ўзляцеў у паветра. Дзяўчаты адразу расступiлiся, прымаючы Васiлiну ў сваё кола.
Хлопец на каменi ў захапленнi кiнуў:
- У-уу! Спрытна. Прыма ўдар! Родненькiя, навучыце i нас! Хлопцы, трэба ўлiвацца!
Гульня, як толькi хлопцы да яе далучылiся, пайшла яшчэ весялей, з жартамi i смехам. Хлопец у белай шапачцы стаяў насупраць Васiлiны i пасаваў увесь час на яе. Яна спачатку хвалявалася, быццам на якiм экзамене, але гэтае пачуццё хутка знiкла: ранейшы спрыт у яе руках - i яна гуляла надзвычай удала, беручы такiя цяжкiя мячы, што сама дзiвiлася.
- Вы добра гуляеце, - адзначыў хлопец у белай шапачцы, калi гульня скончылася i кола рассыпалася. - Мабыць, маеце спартыўны разрад?
- Што вы! Нiякага разраду ў мяне няма. Пасля школы i на пляцоўцы рэдка была.
- Тым больш зайздросна. Здорава, адным словам. Прыма!..
Васiлiна не адразу зразумела, жартуе ён цi гаворыць сур'ёзна. Наважылася была апрануцца, але хлопец загарадзiў ёй дарогу да сумачкi. Вялiкiя сiнiя вочы - на загарэлым твары яны выдавалi незвычайна светлымi - глядзелi на яе шчыра i добразычлiва.
- Знаёмiмся? Вiцька. Гэтак мяне i трэба зваць, бо я прывык, i мае сябры iншага iмя за мной не прызнаюць.
Хлопец усмiхаўся; зубы ў яго былi надта белыя; бялявыя былi i бровы. У словах была шчырасць, i рука была працягнута так настойлiва, што яе нельга было не пацiснуць.
Хлопец паўтарыў iмя Васiлiны пачцiва, нават пахвалiў:
- Прыгожае... Толькi - даруйце, я шчыра прызнаюся - крыху не сучаснае. Вось Вiцька - гэта гучыць!
Цяпер у яго словах адчулася ненатуральнасць, глыбока схаваная кпiна. Зрабiлася нiякавата ад таго, што стаiць у купальнiку перад хлопцам, якога нiколi раней не бачыла i зусiм не ведае. Калi гулялi ў валейбол i вакол гаманiлi дзяўчаты i хлопцы, гэтае непамыснасцi не ўзнiкала, але цяпер Васiлiна адчула яе i, калi Вiцька адвярнуўся, хуценька накiнула плацце. Ён заўважыў гэту паспешлiвасць, але нiчога не сказаў, нават не пажартаваў, а толькi ледзьве ўлоўна ўсмiхнуўся, даючы ёй магчымасць апрануцца як след.
У горад яны варочалiся разам. Час быў раннi яшчэ, i Васiлiна ахвотна пагадзiлася не ехаць на аўтобусе, i ганарылася сваёй смеласцю, i была ўдзячна Вiцьку за яго прапанову. Няхай берагам удвая далей, але затое як хораша iсцi басанож па пясчанай, цвёрдай i халоднай, як асфальт, палосцы ля самай вады, захапляцца сонечным бляскам, свежым ветрам, сiнечай чыстага неба. Па рацэ праносiлiся маторкi; буркатлiвыя хвалi з шумам накатвалiся на бераг, казыталi ногi, i трэба было ўцякаць ад першых, самых вялiкiх; Васiлiна, гуляючы з хвалямi, смяялася, а потым стаяла, чакаючы, пакуль накоцiць i бухне па нагах хваля - мяккая, ласкавая i цёплая.
У маленькiм залiўчыку, сярод багавiння, гайдалася на плынi белая кветка. Гарлачык? Так, ён. Белы гарлачык!
- Дастаць? - дзелавiта спытаў Вiцька.
- Не трэба. Там глыбока.
- Нам гэтая глыбiня па калена. Наперад, сябры!
Вiцька кiнуў на траву Васiлiнiну сумачку i свой маленькi рукзачок i храбра рынуўся ў раку. Там сапраўды было глыбока, але ён дастаў гарлачык; хацеў сарваць яшчэ i светла-зялёны, падобны на слiву, гарлачыкавы пухiрок, але яна забаранiла. Не расцвiў жа гарлачык. Вiця згадзiўся i, шумна разганяючы ваду нагамi, выбраўся на бераг i падаў гарлачык Васiлiне.
- На шчасце. Iх на рацэ рэдка стрэнеш.
- Я iх увогуле на Дзвiне не бачыла.
- Летась мы знайшлi iх за мостам. А на азяро ездзiлi - ажна белая вада ад гэтых гарлачыкаў. Ды бярыце ж!
Яна ўдзячна ўсмiхнулася Вiцьку i ўзяла кветку. Белыя пялёсткi, запакаваныя ў зялёныя крышачкi, яшчэ раздвiнулiся слаба, сярэдзiна гарлачыка была закрыта, i буйныя кроплi вады на ёй зiхацелi смарагдавым бляскам. Здалося: у руках цудоўная, казачнай прыгажосцi скрыначка, якую забаронена адчыняць - адчынiш, а яна знiкне зусiм.
Яны рушылi далей, але цяпер iшлi не ля самай вады, а крыху вышэй, па вузкай сцежцы; ногi грузлi ў гарачым сыпучым пяску. Сцежка ўзбiралася ўсё вышэй i вышэй, пад самы ўзвал, i ўрэшце ля другога ручая, што стрэўся на iх шляху, згубiлася ў густым спляценнi вербалозаў i чаромхi.
- Мо адпачнем? - спытаў Вiцька i адразу ж дадаў, як бы сцвярджаючы неабходнасць свае прапановы: - Пасядзiм у засенi. У мяне тут у рукзачку i перакус знойдзецца. А?
- Не, не!
Васiлiна пайшла наперадзе i iшла хутка, у трывожным чаканнi чагосьцi страшнага i незвычайнага. Сумачку яна ўзяла ў Вiцькi i болей не аддавала, i, калi ён раптоўна кашлянуў, яшчэ больш паскорыла хаду, i ўвесь час прыслухоўвалася да блiзкiх крокаў за спiною. З жалобным чаканнем мiльгалi над вадою стрыжы, i ад iх кароткiх высвiстаў у сэрцы то знiкала, то зноў паяўлялася падазроная недаверлiвасць да Вiцькi. Хiба вядома, якi ён чалавек?..
Яна так i не паспела даўмецца, што рабiць у выпадку Вiцькавага нападу: гушчар лазнякоў скончыўся, i наперадзе, за рэдкiмi бярозамi, што шнурам цягнулiся па ўзвалу, у дрыготкай туманна-белай сiнечы ўзнiклi гарадскiя гмахi. Па рацэ плылi чоўны. Васiлiна ўздыхнула з палёгкай i вiнавата зiрнула на Вiцьку - зрабiлася сорамна за свае благiя думкi аб iм.
- Вось i дайшлi. Мне тут блiзенька, праз замчышча.
- А чым гэта пахне? - Вiцька, зморшчыўшыся, круцiў галавою.
- Палын. Разагрэўся на сонцы. Таму...
Палын рос на ўзвалу густа, i пах яго быў гаркаваты, змешаны з пылам, а таму яшчэ больш рэзкi i густы, чым звычайна; вецер гайдаў нiзкiя сцяблiны, лiсце паварочвалася то адным, то другiм бокам, i ад гэтага палыновыя купкi хутка мянялi колер - то рабiлiся бледна-зялёныя, то сiвелi, быццам пасыпаныя попелам.