- А мо падсiлкуемся? - зноў прапанаваў Вiцька. - Гладка ж я прыбiўся. Ды i не цягнуць жа дамоў перакус гэты...
Вейкi ў Васiлiны тарганулiся, i яна ўзялася церцi вока - зрабiла выгляд, што нешта трапiла туды. Нечаканая прапанова ўзрадавала, але Васiлiна наважылася было, як гэта вучыла яе Адэля, пагадзiцца не адразу, i тут жа напалохалася, што Вiцька можа пакрыўдзiцца, змянiла свой намер. Чаго ёй баяцца? Горад вунь жа, побач зусiм! Да яе зноў прыйшла ўпэўненасць, бесклапотная цiхая радасць, адчуванне свае прывабнасцi, жаданне слухаць Вiцьку, смяяцца разам з iм, падабацца яму i адчуваць гэта. Яна зноў, як у гульнi ў валейбол, была роўная з iм, не саромелася, нiчога не баялася i адчула сябе вольна i незалежна.
Бярозкi на ўзвале былi нiзенькiя, але шырокiя - галiны з гэтым лiсцем пачыналiся ад самае зямлi. Раслi i дзве ялiнкi, кучаравыя, з доўгiмi i густымi лапкамi.
- Ой! Ялiнкi-сястрынкi! - зарадавалася Васiлiна i пабегла.
Вiцька мернай хадою наблiзiўся да ялiнак, па-гаспадарску агледзеўся вакол; прывабiла яго бярозка, што расла побач; ён паўглядаўся i нечакана падскочыў уверх, схапiў i прыгнуў дрэўца.
- Навошта ты ламаеш? - абурылася Васiлiна. Было трывожна i радасна ад таго, што яна асмелiлася сказаць яму "ты". - Такая бярозка прыгожая...
- Шкада табе? Ха-ха! На наш век iх хопiць. Затое па-а-сядзiм. А пах ад бярэзнiку - любата!
Смеючыся, ён круцiў-ламаў вецце, i хутка наскiдаў пухлую грудку, заслаў яе пiнжаком i шмякнуўся на гэтую пасцель.
- У-ух! Слаўна! Мой рукзачок нам ай-яй як спатрэбiцца. А ты чаго стаiш? Сядай!..
Маленькi рукзачок быў умяшчальны. Вiцька выцягнуў адтуль гуркi, каўбасу, сыр, нарэзаны тонкiмi лустачкамi, два вялiзныя памiдоры i нават вузкую i плоскую, як дошчачка, пляшку з вiном. Васiлiне адразу захацелася есцi i зрабiлася нiякавата, што давядзецца браць Вiцькаў пачастунак. А яна можа i не есцi. Яблыкi ёсць!
Яна выцягнула iх з сумачкi, i Вiцька вiтаў гэта. Яблыкi? Цудоўна! Калi яна не хоча браць яго пачастунак, дык можа абмяняць на яблык усё, што ёй захочацца, нават вiно. Праўда, у яго няма кiлiшкаў, але ён зробiць iх з гурка, гэта вельмi проста: разрэзаў, сярэдзiну выскраб i - налiвай.
Васiлiна прысела, але рашуча запярэчыла: вiно пiць не будзе! Навошта ёй пiць вiно? Але ў душы была ўзрадавана i гэтымi iмправiзаванымi кiлiшкамi, што стаялi ўжо на газецiне, i тым, што Вiцька прапанаваў памяняць яблыкi на свой пачастунак, i нават тым, што дужа хочацца есцi. Яна пагадзiлася - гэтак ужо ён прасiў! - выпiць адзiн кiлiшак, даўшы сабе строгае абяцанне, што нi кропелькi болей не возьме. Але Вiцька ўвесь час даводзiў, што кiлiшак зусiм маленькi дзве чайныя лыжкi, не больш. Васiлiна прыдзiрлiва агледзела разрэзаны гурок, убачыла Вiцькаву праўду i дала згоду на яшчэ адзiн кiлiшак, але патрабавала, каб Вiцька выпiў два, бо ён жа мужчына i сорамна пiць вiно аднолькава з ёй. Вiцька не пярэчыў.
Пляшка зусiм незаўважна апусцела. Але затое цяпер Васiлiна ведала - гэтак ёй, прынамсi, здавалася - пра Вiцьку лiтаральна ўсё: i тое, што ён нарадзiўся ў Расонах, i тое, што скончыў тэхнiкум i цяпер працуе на электрастанцыi. Ён мала гаварыў пра сваю работу i яшчэ меней распытваў Васiлiну пра будоўлю, i яна была ўдзячна яму за гэта: цi ж цiкава будзе такому вясёламу хлопцу слухаць пра тое, як тынкуюць сцены!
Вiцька быў дужа ласкавы i ўважны, i яна пачынала верыць кожнаму яго слову. Смешнымi i нерэальнымi здавалiся ёй нядаўнiя падазронасць i жах. Во каб на яе цяпер паглядзела Адэля! Наўрад цi пахвалiла б яна Васiлiну за такiя паводзiны. Але што ёй Адэля!
Весялосць у душы мацнела; смех выклiкаў кожны жарт Вiцькi, кожнае яго слова, i Васiлiна заўважыла, што ўсё вакол яе - i неба, i ялiнкi, i лiстота бярозак - смяецца i вагаецца. Напоўлежачы на Вiцькавым пiнжаку, яна закiнула галаву i гучна засмяялася - галава зрабiлася нейкай дужа цяжкай i сама апусцiлася долу, i салодкая млявасць была ва ўсiм целе. На твар навiсала тонкае голле ялiнкi. Васiлiна заплюшчыла адно вока, i сiнявае неба стала падобным на мора, шыпулькi склалiся ў абрысы нейкага карабельчыка, i ён, крыху пагойдаўшыся, паплыў, паплыў гэтым морам; а насустрач паўзла чорная калматая хмара, наблiжалася, шырэла, i карабельчык знiк у ёй, бы хмара праглынула яго. Васiлiна паўглядалася яшчэ i войкнула ад жаху.
- Ай! Жук! Во ён, во, па шыпульках паўзе! Якi страшэнны!
Вiцька даў жуку пстрычку; жук знiк невядома куды i раптам падаў аб сабе знак з густой лiстоты бярэзнiку, гудзеў там, сцiшаўся i зноў пачынаў гудзець, пакрыўджана i незадаволена. Васiлiне стала шкада жука, i яна лёгка, сама здзiўляючыся з свае смеласцi, кранула Вiцькаву руку.
- Навошта? Ён жа нiчо...
Яна не дагаварыла, адчуўшы на сваiх губах гарачыя Вiцькавы губы, спалохалася, заплюшчыла вочы i ляжала нерухома, прыслухоўваючыся да нязнанага раней гарачага тлуму ў галаве: здалося, што нехта дужы ўзняў яе i нясе да вялiкага вогнiшча, ад якога патыхае гарачынёю; i гэтая гарачыня адразу высушыла рот, але ад яе не было нясцерпна горача, а неяк утульна, мякка, i толькi дыхаць было цяжка.
Вiцька цалаваў Васiлiнiны шчокi, бровы, шыю; яго рукi паспешлiва гладзiлi яе валасы, расшпiльвалi гузiкi сукенкi... Дотык халодных рук да грудзей быў падобны на кароткi ўдар: Васiлiна замерла, стаiлася на мiг, потым вокамгненна расплюшчыла вочы, адштурхнула Вiцьку.
- Не трэба! Не трэба! Ах, ну што ж гэта!..
Ён цягнуў яе да сябе, гладзiў каленi, малiў сесцi. Васiлiна баранiлася ад яго рук i паўтарала, быццам просячы прабачэння:
- Навошта гэта? Не трэба! Ах, ну кажу ж: не трэба!
Нечакана Вiцька прыўзняўся, злосна тузануў Васiлiну за руку, i яна ледзьве ўстояла на нагах.
- I-i-i! I прыкiдваецца яшчэ, недатыка! Чаго брыкаешся?..
Яна паглядзела на яго, разгублена мiргаючы. Нiчога цяпер не вагалася ў яе вачах, толькi тонка, нудна звiнела ў галаве, цiўкала, быццам недзе далёка хвастаў хто бляху. У адзiн мiг пранеслася ў яе думках усё тое, што здарылася сёння. Ясакар за акном. Размова з Адэляй. Пярэстая мярэжка на дыванку ля ложка. Жартоўная песня Вiцькi i гульня ў валейбол. Берагавая паласа i хвалi ад катэра. Белы гарлачык i, падобны на слiву, пухiрок сярод рачнога багавiння. I яшчэ пах палыну...