Выбрать главу

Такі аповед перадала Сонька Іванюк сынам, сабраўшы іх за кухонным сталом, калі яны пачалі губляць памяць і блытаць сцежкі. Прыдумала яго на ляту, з першага па апошняе слова свядома абмінаючы фізіку, гісторыю і біялогію, бо кожнай сям’і неабходныя свае імёны і свая памяць, і яны важнейшыя за ўсе, пацверджаныя навукай, але чужыя праўды.

Гісторыю Валодзя занёс на паперу, прыадзеўшы яе ў параўнанні ды эпітэты. Быў такі сшытак у клетку на трыццаць дзве старонкі, які з таго дня пачаў хутка запаўняцца, бо траплялі туды кожны дзень кожнае слова і думка. Запоўніўшы адзін сшытак, працягваў пісаць у наступным. З часам накапілася іх непраўдападобна шмат, займалі ўсе шуфляды, ляжалі на стале і на паліцах, спускаліся на падлогу, праз кухню і сенцы выходзілі на сходы, на панадворак і далей, у бліжэйшыя вулачкі. Не ўдавалася іх абмінуць, але можна было па іх ступаць, як па знаёмых слядах.

Лісткі, запісаныя ў першых сшытках, прыпаміналі дрэва, з якога пачалося Мястэчка. Двор пана Драгабыцкага пераклікаўся там з маленькім дамком на граніцы. Чорны амерыканскі конь хадзіў у пары з белым Султанам, савецкі капітан, засеўшы пад грушай, піў чарку з прыгожымі нямецкімі хлопцамі, а ўсе закусвалі яечняй, падсмажанай рукамі Сонькі.

— Пісьменнік ты мой, — усміхалася Сонька, запускаючы пальцы ў светлыя валасы, нахіленыя над сшыткам. Але, па праўдзе, яна казытала белагаловы цень Уладзіміра, што нават гэтымі вулачкамі ступаў яе следам, выяўляўся раз майскім воблакам, другі раз срэбным рысункам на зімовым акне. І тады першы раз з вуснаў Сонькі зляцела сумнай усмешкай: “Твой бацька павінен быў стаць паэтам”.

Сяктак замацаваўшыся на новых сцежках, хлопцы пачалі вызначацца на будучыню.

— Я буду міліцыянерам. Міліцыянераў усе баяцца, — сказаў Антон, калі ў пошуках самагонкі іх дом наведалі незнаёмыя мужчыны ў сініх мундзірах. Пайшлі з нічым, бо Сонька ведала закавулкі свайго панадворка лепей за іх, але дзіўны цень страху тоўкся ў яе вачах яшчэ некалькі дзён.

— Я таксама хачу быць міліцыянерам, — адгукнуўся Коля.

У доўгія зімовыя вечары марылі, хто кім стане ў дарослым жыцці. Не здагадваючыся пра існаванне магістратаў і дамоў партыі, размалёўвалі абразкі не менш фантастычныя, чым выведзеныя пэндзлікамі марозу на аконным шкле. А затым раніца сцірала ўсё, а новы дзень прыносіў новыя планы.

— Я буду лётчыкам, — над Мястэчкам упершыню прагудзеў самалёт, блакіт неба размяжоўваўся на дзве часткі белай стужкай дыму, Антон суправаджаў яго вачыма, намагаючыся ўявіць свет з вышыні палёту.

— І я таксама буду лётчыкам, — рэхам адазваўся Коля. Яны былі блізняты і заўсёды трымаліся разам. Але, калі б дакладна адсачыць іх сцежку, можна сказаць — вызначаў яе Антон, а Коля ступаў следам. Капіраваў вопратку і прычоску, паўтараў жэсты і позіркі, і калі б чалавек складаўся толькі з жэстаў і вопраткі, раней ці пазней яны зліліся б у адну постаць, у адну асобу, і нат бабка Сонька не змагла б падзяліць іх і кожнаму даць уласнае імя.

Аднак людзей ствараюць перш за ўсё пачуцці. Пачынаецца чалавек з простай радасці, з часам ускладняецца злосцю, затым нянавісцю, аж даходзіць да самага незвычайнага — кахання. Можна скапіраваць чужую радасць і паўтарыць чужую нянавісць, але з каханнем у кожнага свая гісторыя. Адны знаходзяць яго, а другія ніяк.

У шаснаццаць год Антон закахаўся ў дзяўчыну з суседняй вуліцы. Ніякая іншая дзяўчына ў Мястэчку не ўсміхалася прыгажэй за яе і не распускала прыгажэй валасы на летнім ветры. Усе хадзілі вулачкамі, а гэтая над Мястэчкам крыліла матылём. Так казаў Антон. А Коля глядзеў на дзяўчыну і бачыў звычайныя вочы і звычайныя валасы. “Дзяўчо як дзяўчо”, — абыякава паціскаў плячыма. Блізнячыя сцежкі братоў пачалі разыходзіцца.

Але дзяўчына глядзела на Антона і таксама не знаходзіла ў ім нічога незвычайнага. І ён адступаў у доўгае цярпенне, у балючыя задумы, у самоту, дзе не існуе нічога, апроч уздыханняў і думкі пра небыццё. А калі прычына пакуты з’ехала кудысьці ў свет, Антон пакляўся ніколі ўжо не выстаўляць сябе на здзекі кахання.