Было ў нас да дзядзькі Ванi асаблiвае пачуццё — мужчынскае каханне, што ўзнiкае ў супольнай барацьбе, асаблiва калi мэта такой барацьбы — перайначыць свет. Праўда, нiколi не стаялi мы з дзядзькам Ванем у акопах, цёмнай ноччу не выходзiлi з пушчы, не паўзлі крадком пад зорамi ў напрамку чыгункi, каб там, адной хiтра пастаўленай мiнай спынiць жалезны кровазварот, што забяспечвае варожую армiю бiнтамі, амунiцыяй i кансервамі. Не дазволiў нам лёс. Шкада.
Дзядзьку Ваню бачу на нашай вуліцы так даўно, як далёка ахоплівае яе мой позірк. Можна сказаць — ён равеснік маёй свядомай памяці. Пэўна таму, што пасуседску з ягоным домам быў домік цёткі Любы і дзядзькі Колі, куды я заходзіў ці не кожны другі дзень. Калі б была цікавасць зазірнуць у сямейныя архівы, выявілася б, што Ваня быў дзядзькам зусім не нам, а толькі рудому Вiцiку, як старэйшы брат ягонай маці, пані Ніны. Нам, згодна з местачковымi канонамi, заставалася афiцыйнае проша пана або — нат i ўзяўшы пад увагу супляменнасць вулiцы — не нашмат iнтымнейшае “пан Ян”. Аднак спакон вякоў мы клiкалi яго дзядзькам, а ён частаваў нас цукеркамi: "Ну, смургалi, марш вучыцца i вырастаць! Айчына чакае афiцэраў, шахцёраў i другiх спецыялiстаў. Крочым у добрым напрамку і ўсё найлепшае — наперадзе!”
У светлы вобраз айчыны і яе будучыні ўносіў дысананс пан Алёшка. Не зважаючы на свой дзевяноста дзевяты год, ён шторанак займаў у мясной лаўцы чаргу за свiнiнай або цяляцiнай. Былі гэта чэргі даўжэйшыя за чыгуначныя эшалоны, што, загружаныя невядома чым, ідуць невядома куды, з аднаго краю свету на другі. Забіваючы доўгае чаканне, пан Алёшка выдаваў зусiм іншыя прагнозы. Прымыкаў вейкі, зазiраў у сваю мiнуўшчыну, выцягваў адтуль абадраных жабракоў, нанова ўладкоўваў iх пад цэрквамi i касцёламi, клiкаў на вулiцу доўгiя шэрагі беспрацоўных, а затым, запаўняючы палiцы кiлбасамi i паляндвiцамi, пускаў у разгон чэргi, што нахабна гуртуюцца ў мясных крамах.
“Трындзіць старык ад залiшне доўгага жыцця, — казаў у такiх выпадках дзядзька Ваня. — Мiнуўшчына не вернецца, бо не дазволіць наш высока ўзняты сцяг!” У такiя хвiлiны нам хацелася стаць дарослымi, пераняць гэты сцяг ды разгарнуць яго на ўвесь свет.
— А дзядзька Ваня, ён праваслаўны цi каталік? — У лугах, што цягнуцца ўскраінай пушчы, мы гулялі ў сцізорык. Заядла, заўзята, быццам на сталёвае лязо абапіраўся лёс свету. Сцізорык быў маленькі, шматкаляровы, якраз выструніўся лязом, але ў пластмасавай ручцы прыхоўваўся штопар, пілка для пазногцяў, невядомага прызначэння шпікульцы. Дакладна такія сцізорыкі прадаюцца падчас царкоўнага фэсту ў дзень Успення Прасвятой Багародзіцы, што ў праваслаўным календары адзначаецца за тры дні да заканчэння вакацыяў.
Вастрыё забівалася ў траву, небам ішлі самалёты, знікалі за павеўнымі сукенкамі апошніх летніх аблачын, выходзілі на чыстае поле і зноў чорным пузам рэзалі блакіт.
— Рускія на Чэхаславакію сунуць, — руды Віцік прыклаў далонь да ілба, пальцы склаў у казырок, засланяючы вочы ад нахабных промняў. А дзядзька Ваня кажа:
— Ото цяпер ужо добра адлупцуюць пэпікаў па дупе.
І менавіта тады нехта ўпершыню паставiў Віціку пытанне — праваслаўны цi каталік дзядзька Ваня? Пачыналi мы неяк здагадвацца, што людзi ў Мястэчку падзяляюцца на тых, хто дзеля гутаркi з Усявышнiм заходзiць у блакiтную царкоўку, ды іншых, якiя з такой жа мэтай бяруць кірунак на белы касцёл у цэнтры Мястэчка. Вiцiк, уладкоўваючы сцiзорык на кончыку носа, адказаў не адразу. Забiўшы як трэба лязо ў траву, зiрнуў на нас вокам пераможцы: "Нi такi дзядзька Ваня, нi сякi. Ён — партыйны!”.
— Значыць — якi? — усе вочы сыйшлiся на рудой чупрыне.
— Партыйны. Чалавек, якi можа ўсё, — удакладнiў Вiцiк.
Здаралася, частаваў цукеркамi i бацюшка Сцяпан, калi пасля святаў Божага Нараджэння сноўдаўся з хаты ў хату з малiтвай. Гэта да ягонага вiзiта рыхтавалася на стале грамнiчная свечка, побач лягала буханка хлеба i ставілася пасудзiна са свянцонай вадой, а мiж iх сарамлiва прысядаў на кукiшках алюмініевы пятак, натапырыўшы крылы, глядзеў з аверса арол, а рэверс выяўляўся рыбаком, што працавiта разгартае сетку. Пакрапiўшы ўсе чатыры сцяны, бацюшка на хвiлiну апускаўся ў крэсла i, ўздыхаючы ўголас — заўжды так уздыхаецца пры нагодзе нямiлага абавязку — згартаў у кiшэню пяцёрку.
— Вучыцца трэба добра, быць слухмяным, шанаваць маму i тату, уладу школьную i дзяржаўную, i ўрокi рэлiгii не прапускаць таксама. Так ён казаў. Але што бацюшка? Ці здарылася яму калiнебудзь прыадзецца ў партызанскi мундзiр? Зняўшы вiнтоўку з пляча, крыкнуць: "Стой, страляць буду!" I ба-бах у чорнае бяздонне ночы? Хутчэй за ўсё — не. І галоўнае, не было пэўнасцi: ці бацюшка Сцяпан — чалавек партыйны, хто можа ўсё і заўсёды? Як, скажам, дзядзька Ваня.