Выбрать главу

— А гарэлку сёння обыватэль піў? — дапытваўся малады сяржант. Але адказ быў нязменны: "Холера ясна..."

Потым, калi ўжо сумная навіна на добрасуседскіх крылах аб’явілася ўсяму Мястэчку, прыбегла таксама цётка Люба. Яна ўголас рыдала i пыталася, што рабiць адзiнокай жанчыне, муж якой па апошнiя днi свае будзе гнiць у астрозе. Затым гутарыў з мiлiцыянерамi дзядзька Ваня.

— Значыць, пракаціліся мы, — азваўся, хмурна зазiраючы ў вочы сяржанту.

— Ага, — пацвердзiў сяржант.

— А такiя старэчы, што бестурботна i без кантролю малодшых сямейнiкаў сноўдаюць публiчнымi дарогамi — калi не скандалам, як тады iначай назваць? — Ад злосцi дзядзька Ваня торгаў доўгiя вусы.

— Ну, — сяржант зняў шапку, пачухаў патылiцу.

— Што — ну? Якое — ну? Аплачвае вас народная ўлада, а нармальнаму грамадзянiну нiяк i праехацца сваёй вулiцай. А ўвогуле вулiца, брукаваная коўзкiмi камянямi, асаблiва ў нашай краiне — адкрытая правакацыя i анахранiзм. I час ужо навесцi тут парадак.

Сяржант, здагадваючыся, што гутарка стае на палiтычныя рэйкi, куды больш коўзкія за вулічны брук, адступiў на два крокi назад. Гэтаму хлопцу, звычайнаму, як і ўсе жыхары Мястэчка, відаць не чужая была тэорыя бабкi Сонькi аб iмперыях, што ўзнікаюць з адной мэтай — з абедзвюх рук шпарыць па мухаедах тутэйшага, праваслаўнага мужыка. Адступiў яшчэ два крокi, трэснуў сiнiмi дзвярыма, на век вечны заключаючы арыштанта ў цёмных вантробах аўто i даў знак: “Паехалi”.

— Не плач, — сказала бабка Сонька, агортваючы цётку Любу словам. — Усё ў Боскіх руках.

Бліжэйшыя дні бабка Сонька пачынала з малітвы за хуткае вяртанне дзядзькі Колі. У царкоўцы з такой жа мэтай кожную нядзелю запальваліся свечы. Жаночымі слязьмі сплываў воск на падсвечнікі. Але дзядзька Коля не вяртаўся.

— Эх, бабы! Зусім вы, як дзеці! — назіраючы за бясплённымі намаганнямі, сказаў аднойчы дзядзька Ваня.

Ноччу ён сеў на цягнiк i ў дванаццаць хвiлiн на трэцюю адправiўся ў Варшаву. Ніхто не ведаў нічога пэўнага, але ўсе шапталіся: цi не да Герэка паехаў чалавека ратаваць?

Наступным вечарам усе вокны ў Мястэчку азарыліся фіялетавасінім святлом тэлевізараў. На экраны, як i штодзённа, выходзіў пан Герэк. Ён усмiхаўся, гаварыў прыемныя словы і ні ў якім выпадку не паводзiў сябе як чалавек, які мае нейкі клопат.

“Пэўна, не дайшоў Ваня, куды трэба. Не дазволілі, не дапусцілі. Гляньце, які той Герэк вясёленькі. Напэўна, нічога не ведае і не здагадваецца”, — засумавала цётка Люба.

Дзядзька Ваня вярнуўся праз тры дні. Стомлены, непаголены, вочы абведзеныя чорнымі кругамі. Менавіта так з пераможных паходаў вярталіся сярэднявечныя рыцары і новачасныя партызаны. Адразу на вакзале сеў ў таксi, замовіў курс на местачковую турму, і за пяць хвілін выцягнуў адтуль дзядзьку Колю на белы свет.

Пад вясну, ледзь снег паспеў адысці ў далёкае мора, заехалi на вулiцу экскаватары, дарожныя каткi, трактары i іншыя машыны, якiя мы, бачыўшы ўпершыню, не ўмелi назваць. З аграмадных катлоў лiлася на каменне чорная, кiпельная смала.

Коля

Падзеі для іншага месца звычайныя і банальныя, як прыезд вандроўнага цырку, візіт прэзідэнта або прэм’ерміністра, у малых мястэчках адкладваюцца ў памяці на доўгія гады, а нават набіраюць прыкмету несмяротнасці.

Дакладна так было са з’яўленнем першага ў нас партрэта аголенай жанчыны. Усё здарылася нечакана і — як ні дзіўна — мая набожная цётка Люба мела да гэтай гісторыі вялікае дачыненне.

— Будзем красіць кватэру. Даволi цярпець шэрыя сцены. Трэба ўсё зрабiць як у людзей, па-местачковаму, — сказала аднойчы цётка, стаўляючы на стол талерку дранікаў. Дзядзька Коля вылавіў з талеркі тоўстую шкварку, запёр яе языком за зубы і, высысаючы раскошлівую сакавітасць, згодна хістнуў галавой: — Ага, давай.

Ён слухаў сваю жонку вопытам супольных гадоў і ведаў, што гэтая шкварка, затопленая ў пульхных абдымках бульбіны, мае сэнс, а ў дыскусію з цёткай Любай паглыбляцца дарэмна. Прыпаміналася таксама няшчасная паездка ў ларок за пляшкай, калі ён быў “за”, а цётка “супраць”, а ў канчатковым выніку праўда аказалася па яе баку.

— А хто памалюе? — Дзядзька Коля справіўся з апошнім дранікам, падняўся зза стала, сытым, спакойным позіркам прайшоўся па сценах. Цягам дзесяці гадоў вочы зжыліся з аднастайнасцю найбліжэйшага краявіду, ды і зараз сцяна не адгукнулася ні адным словам, ні адной яркай плямкай, што магла б парушыць звычайны выгляд дня.

— Зэнік памалюе. Лепшага ў Мястэчку і не знайсці.

— Ага, Зэнік. Ён ведае, што і як, — пагадзіўся дзядзька, аддаючы лёс сваіх сцен на літасць местачковага маляра.