Выбрать главу

Аднак цётка Люба была асобай канкрэтнай, добра арганізаванай і ні за што на свеце не рызыкнула б вызначыць заўтрашні дзень латарэяй выпадковых здарэнняў. Калі наступнага дня ў хату завітаў маэстра, уся інвестыцыя размеркавалася на канкрэтныя колеры, кожная дэталь стаяла на сваім месцы, а форма завяршалася прызначанай сабе лініяй.

— Тут лужок на ўзлеску, там алень з узнятымi рагамi, побач экзатычная пальма, залатое сонейка, тры лiсткi клёну ў кожным навугольнiку. А ўсё на ясназялёным фоне, дакладна, як у краўца Клюка.

Кравец Клюк ішоў праз жыццё насуперак сацыялістычнай дзяржаве. Днямi i адвячоркамi выцiскаў грошы з даваеннага зiнгера. А затым, начамі, забiваў iх у ёмiстыя мяшэчкi i, заплюшчыўшы вочы, пад шолах банкнотаў мроiў сонныя дзівацтвы. Можна сказаць — быў ён авангардам гэтага Мястэчка, яго падпольным правадніком на шляху ад бяспечнай сярмяжнасці сённяшняга дня да рызыкоўнай краіны лепшай будучыні. Людзі ніколі не спыняюцца на гэтым шляху. Ідуць так доўга, як доўга прадчуванне несмяротнасці бярэ перавагу над упэўненасцю ў смерці. І таму ніколі яны не знікаюць.

— Дакладна так павінна быць, — сказала цётка, прэзентуючы маэстру сцены, абкладзеныя шэрай каймой.

Маэстра абмацваў сцены, глядзеў на цётку Любу, слухаў яе словы, але за ягонымі зрэнкамі разгарталіся свае накіды і эскiзы, свае капрызы i страхі. Звычайнага смяротнiка прыадзяваюць яны ў стрыказаты плашч смешнасцi, а вось творчай асобе працягваюць руку дапамогі ў самую важную хвiлiну, у той момант, калi з бяскшталтнай матэрыi вытыркаецца фрагмент сусвету, зразумелы нават простай душы i вачам, неадукаваным у мастацкай справе.

— Усё будзе добра. Пэрфэкт, — запэўніў майстар. — Можа нават і лепей, як у Клюка. Але ёсць адна ўмова. Калі ўжо пачну маляваць, не хачу тут ніякіх сведкаў.

— Ну, як жа так? — спрабавала дамовіцца цётка Люба. — Я ціхенька пастаю ў куточку. Пагляджу адным вокам, і толькі адзін разочак.

Апошнія словы разбіліся аб дзверы, закрытыя наглуха, бо нельга таргавацца з мастацтвам. Можна сказаць — і дзверы з гэтай хвіліны не дзверы ўжо, а таемны занавес, царскія вароты, і пераступаць парог дазваляецца адно абранцам божым — святарам або маэстрам.

Але за бліжэйшы тыдзень Зэнік не перабраў у сваіх правах. Раз на дзень, большменш апоўдні, прыадкрываў занавес для чыста фізічнай стравы. Цялесныя патрэбы маэстра нельга лічыць складанымі. Часцей за ўсё яны не сягалі далей за пляшку, як прадукт выключна гігіенічны, неабходны для нармальнага функцыянавання арганізма, прысуджанага на непасрэдны кантакт з атрутнай хіміяй.

— Бо тыя лакі і алеі, і растваральнікі... Разумееце, цётка, надыхаецца чалавек, накаўкаецца, то і прапаласкаць трэба, — масуючы набрынялы кадык, усміхаўся Зэнік.

— Не разумею, — рашуча адказвала цётка Люба. — Калі ласка — і капустачка, і катлецік, і картопелькі, калі ласка. А алкаголь — у ніякім выпадку. Алкаголь — і сам па сабе грэх, і прычына другім грахам.

Аб грахах меркаванне цёткі Любы было простае і яснае. Яе свет бег наўпрасткі, як дарога з пушчы ў Мястэчка, разганяючы на адзін бок сцежкі дабро, на другі зло...

— Значыць — не? — упэўніваўся маэстра. Але ўпэўніваўся адно для віду. У такія хвіліны — хвіліны канчатковага выпрабавання — цётка Люба мела ў сабе адвагу сэрца святога Юр’я, які перамагаў пякельнага цмока, і ўпэўненасць рукі архангела Міхала, калі ён вострым мячом скідваў антыхрыста ў самыя глыбокія закавулкі пекла, і бесцырымоннасць першых крыжаносцаў, адпраўленых у чужы свет, каб вогнішчам добрай навіны асвятляць морак сярэднявечча.

Ва ўстрыманні і творчай самоце маэстра выстаяў тыдзень.

Кажуць, усё найлепшае, што стварыў чалавек, ён выказаў голасам крыўды, размаляваў пэндзлем пакуты, выразаў долатам адзіноты. Гэта абсалютная праўда. Калі Зэнік адчараваў дзверы, калі адкрыў іх насцеж, цётка Люба аж пляснула ў далоні. Сцяна, з падлогi па столь, прыадзелася кветкамі. Расцвiла ружамi, канваліямі, польнымi макамi. А ўсё напоенае расою, скручанае ў гiрлянды, у лiпеньскiя букеты, здаецца — толькі хвiлiну раней згарнулi iх з поля, з агарода, з лясной паляны. I калi зараз не прыйшлi цётцы Любе на думку цудныя сады Семiрамiды, то, мабыць, адно па той прычыне, што нiчога пра іх iснаванне не ведала.

А потым вочы цёткі злёталі на другую сцяну і адбылося непрыемнае.

— А курва твая маць! — сказала яна нечакана.

Можна зразумець яе гнеў. На супрацьлеглай тапчану сцяне было менш кветак. Праўда, таксама ж сакавiтыя i натуральныя там колеры. I кожны пялёстак, i паасобная жылка жыўцом скапiраваныя з натуры, i ўсё ўкладваецца ў фантазiйны прамавугольнiк, у раму — не сустрэць прыгажэйшую ў самых лепшых галерэях свету. А вось цэнтр малюнка, усю яго сутнасць запаўняе дашчэнту аголеная, чужая панюся. Разлажылася i ляжыць — метр над падлогай, бы законная тут гаспадыня. Левая рука, сагнутая ў локцi, падпiрае нязначна ўзведзеную галаву, другая далонь — кветка там мiж пальцаў — пяшчотна гладзiць пурпуровы сасок. Ёсць i чорны трохвугольнiчак нiжэй жывата, над трохвугольнiчкам каляровы матыль. А затым толькі ногi — доўгiя, да акна.