— А ёб тваю маць! — паўтарыла на мове дзяцінства цётка Люба. У сітуацыях экстрэмальных людзі адклікаюцца да сваіх прапачаткаў, шукаюць там падтрымку, пакаленнямі нажытыя правілы, здольныя супрацьпаставіцца нахабным прыступам актуальнай хвіліны.
Маэстра, не сканфужаны адмоўнай рэцэнзіяй, ветліва ўсмiхнуўся, паклаў на стомленыя вейкі свае залатыя рукі.
— Вось, цётачка, было б i ўсё. Яшчэ толькi пратэрмінаваны паёк. Сем пляшак, як сем дзён — паказаў на пальцах. — У іншым выпадку гэтая вось паненка застанецца тут. На век вечны.
Ажыццяўляючы пагрозу, загарнуў у ёмiстую торбу пэндзлікі, бляшанкi, бутэлькi.
— А ты нават і не думай. Грошы — калi ласка. Называй цану, плачу ўсё, да апошняй капейкі. А гарэлка — не! — вочы цёткі прыжмурыліся, пахаладзелі, зацягнуліся шырмай лютасці. У такі момант працягваць дыскусію можа толькі той, хто сустракае цётку Любу першы раз. І Зэнік адступіў:
— Ну, няхай сёння так. Але, каб усё было ясна — кожны прамаруджаны дзень падвышае плату на адну пляшку, — і крокам, упэўненым у перамозе, пераступіў парог, зачыніў дзверы.
Складанае жыццё людзей, якія аддаюць сябе iдэi. Спапяляюцца яны на вогнiшчах, з’язджаюць у чужыя краiны, прыжываюць туберкулёз у сырых турэмных склепах. Шмат якiя прыклады прапануе тут гiсторыя чалавецтва. I цётка Люба, хай сабе i не зусiм свядома, ступiла ў бясконцы шэраг iдэйных пакутнiкаў.
Жанчына “ню”... А якое тут дзіва?! Сцены луўраў і прадаў, і трэцякоўскіх галерэй ужо і тады ламаліся ад аголеных малюнкаў. Але ж гэты парыжскі ці пецярбургскі свет быў нашмат старэйшы і ў працэсе дэгенерацыі забрыў значна далей за нашае Мястэчка. Толькі праз такія гарадкі і вёсачкі чалавецтва пакуль сяктак трымаецца на нагах, не правальваецца ў бяздонне і нябыт. Яны — справядлівая шаля сусветнай вагі.
Вечарам, пакуль цётка Люба заснула, з перспектывы тапчана доўга ўглядалася ў аголены жывот нахабнай кватаранткi, прыходзілі ёй на памяць усялякія прароцтвы і знакі, што апавяшчаюць правал нашага свету i банкруцтва роду чалавечага. З малюнка вочы беглі на ікону святой Марыі, скоўзваліся назад і сарамлівым крокам святататніцы вярталіся да аблічча Божай Маці, быццам шукаючы там пацвярджэння правільна пражытаму дню. Але аблічча іконы было таямнічае, непранікальнае, непарушнае. І толькі пасля поўначы, калі не вельмі вядома, дзе канчаецца ява і пачынаецца сон, святыя вусны адказалі ветлівай усмешкай. Супакоіўшы думкі, цётка Люба заснула. Зза яе спiны, у той жа жывот i ў чорны трохвугольнiчак, i ў даўжэзныя ногi ўглядаўся дзядзька Коля. А затым уздыхнуў i спiною павярнуўся да цёткi. Але не спалася дзядзьку Колi. Круцiўся ён, варочаўся туды i сюды, з левага боку на правы, з правага на левы, а за прымкнёнымi вейкамi разгарталіся абразкi i працавала ўяўленне, i параўноўваліся дэталi. Аж на досвiтку прыйшла на думку слушная выснова: жыццё ўсётакi несправядлiвае. Таму, што складаюць яго не тыя рэчы, што недаступныя нiколi i нiкому, але тыя, што недасягальныя нам i зараз.
Наступнага дня дзядзька Коля не ўзняўся з пасцелі з ранішнім сонцам. А дзень уставаў прыгожы — як маладая панна ў храме, і гучны, як касцёльны звон, і адпуцаваны, як дэпутат мясцовага самакіравання ў дзень сесіі сваёй рады. Нават у маі, калі дастаткова колераў і гукаў, не заўжды ўдаецца натуры давесці працу да межаў такой дасканаласці.
Але дзядзька Коля быў бязмежна смутны і ў сваім смутку замкнёны на чатыры замкі цярпення. Зпад коўдры, зацягнутай да падбародка, адным вокам зірыў карціну на сцяне, а за другой вейкай, прымкнёнай, разгарталіся зусім іншыя лініі — авальныя, расцягнутыя — і складаліся яны кропля ў кроплю ў буйную фігуру цёткі Любы.
На трэці дзень у свядомасці дзядзькі Колі пачалі ўзнікаць абгрунтаваныя прыгажосцю малюнка падазрэнні — абмінула яго ў жыцці нешта незвычайнае і ў той жа час простае — каханне.
Бо жыццё дзядзькі Колі запаўняла выпадковая жанчына. Раздабытая ў суседнім мікрараёне клапатлівымі сваякамі, праз месяц заехала яна ў дом шлюбнай жонкай. А затым доўгімі дзесяцігоддзямі ішлі да сябе, набліжаліся на дотык далоні, адгукаліся на сакрэтную інтанацыю штодзённых слоў, калі ўжо не мае значэння — вядзецца размова голасам сэрца ці рэхам супольных дзён і начэй.