— Ёсць яшчэ самагонка ў Апацы, таварыш Сталін.
— Самагонка? Харошая?
— Вельмі харошая. Добрая, — упэўнена адказвае Жлуктоў. Мабыць, з вуснаў усё яшчэ не вымыўся салодкагоркі, тыднёвай даўнасці прысмак збраджанага жыта, мабыць, у страўніку тлее пякучым агеньчыкам успамін пра Апаку і старога Іванюка...
Ішлі дружынай ад Вулькі, вызначалі граніцу. Жаўнеры цягнулі на спіне драўляныя слупы, лапаты, вінтоўкі. Зброя асабліва — самы неабходны і самы лепшы інструмент для абсталявання дзяржаўных граніц. Ва ўсялякі час і ва ўсякім месцы нашай планеты.
Капітан крочыў на чале, зазіраў у мапу, час ад часу прыпыняўся, крэсліў абцасам крыжык на распаленай сонцам зямлі і казаў: "Тут". А жаўнеры забівалі слуп у прызначанае месца. Сонечны дыск узлазіў на найвышэйшы хрыбет летняга неба, калі напнуліся на двор Іванюка. Капітан абцёр пот, глянуў у мапу і, разгартаючы абцасам курынае лайно, — чамусці тут яго было вельмі багата, — паставіў крыжык у прытаптанай траве. Якраз каля пня, на якім Іванюк кляпаў касу.
— Тут, — сказаў капітан і ўздыхнуў з палёгкай...
— Што "тут"? — не зразумеў Іванюк.
— Граніца тут пойдзе, таварыш селянін.
— Граніца? Якая граніца?
— Нармальная, дзяржаўная. Польскасавецкая.
— Ну, як? Між хатай і стадолай граніца? — Іванюк спыніў працу. Глядзеў на капітана і досведам мінулых пакаленняў прадчуваў, што за ваеннымі мундзірамі зноў прыходзіць штосьці чужое, незразумелае, пагрозлівае.
Ухіляючыся ад мужыцкіх вачэй, капітан яшчэ раз паглыбіўся ў таямнічую мапу.
— Таак! Складанасць. Жыць будзеш у Савецкім Саюзе, а за сенам давядзецца хадзіць у Польшчу. Бо тут стане граніца — абцасам, разбітым на еўрапейскіх дарогах і бездарожжах, паўтарыў крыжык, паглыбіў, замацаваў яго на век вечны.
А Іванюк глядзеў на мундзіры, якія апошнімі гадамі круціліся тут выпадковымі шкельцамі калейдаскопаў, заўсёды складваючыся ў невыпадковыя праблемы.
— Стаміліся? — Ён адклаў касу. — Напэўна, і прагаладалі?
— Ага, яшчэ як. Савецкі жаўнер заўсёды галодны, — маладзенькі шэраговы вышпарыўся наперад іерархаў, заяўляючы неадкладную гатоўнасць да пачастунку. Капітан кінуў злы позірк у бок безразумнай фігуры. На вусны выціскаўся франтавы, мужчынскі мацюк адносна скупога змесціва савецкіх жаўнерскіх страўнікаў. Аднак і ягоны, капітанскі, адмаўляючыся ад агульна прынятых вайсковых рэгламентаў, буркануў рэхам забытага сняданка. І капітан абяздолена махнуў рукой:
— З’елі б штось, чаму не.
Палітыкі і дыпламаты, абсеўшы круглыя сталы ў грандыёзных кабінетах, з тысячы позіркаў і жэстаў складаюць бліскучыя мазаікі, перакідваюцца пустымі словамі або камянеюць у разумным маўчанні. Перакананыя ў несмяротнасці, ігнаруючы час, гуляюць у шахматы вечнасці. Просты чалавек крочыць да мэты простым шляхам. Уладкоўвае пад грушай дубовы стол, запрашае гасцей, стаўляе заткнёную газетай паўтарачку. Просты чалавек ведае цану часу і, не губляючы яго лішне, кажа сваёй жонцы: “Сонька, дай штонебудзь на стол”. А яна знаходзіць у кладоўцы ладны кавалак сала і, вокамгненна распаліўшы печку, рыхтуе на кухні дымячую яечняй патэльню.
— А калі б так… — рука Іванюка сінезялёнай бутэлькай прычаляла якраз да шклянкі. Ён глядзеў у вочы капітану і штосьці перажоўваў у вусах… ці то сала, ці то слова… — А калі б так ад’ехаць крыху ў бок з гэтай граніцай?
— Як у бок? Куды?
— Ну, крокаў на сто. Саюзу гэта ж тое, што сабацы муха. Там вунь, за Саўчуковай стадолай паставіць яе....
— Няма такой магчымасці, — капітан кульнуў шклянку, закусіў яечняй, паправіў шкваркай, рукавом абцёр вусны. — Немагчыма! — паўтарыў. — Сам бацька Сталін вызначыў. А ягонае слова і полк танкаў не адменіць.
Але Іванюк, мала знаёмы з сапраўднымі законамі вялікага свету, верыў, што па агульных законах і канстытуцыях, якія пішуцца пяром чалавечага спачування і шчырасці, кожнаму, нават гэтаму капітану, дазваляецца мяняць лёсы да лепшага без згоды генералаў і іншых начальнікаў. І таму сінязялёныя паўтарачкі вытыркаліся з усіх бакоў. Вырываліся раз з левага фланга, другім разам з правага, крочылі цэнтрам. Жоўтыя кускі сала ападалі на стол і быццам шрапнелі разрываліся, рассыпаліся асколкамі шкварак. Капітан адчуваў, як даручаны яму адрэзак граніцы выслізгвае з рук. Апошнімі сіламі, адбіваючыся ад пякучых салютаў, учапіўшыся рукамі за дубовы бункер стала, ён усё яшчэ выстойваў пазіцыю: