Выбрать главу

У першы вечар лета Гандзя не вярнулася зусім. Антон чакаў яе да поўначы, да світання, і цёплая, самая кароткая ноч года выдаўжалася ў бязмежную, халодную вечнасць. Наступнага дня ён не пайшоў у майстэрню. Сядзеў на кухні, глядзеў у вакно і чакаў. Вуліцай ішлі людзі — знаёмыя, суседзі. Ведаў іх імёны, але цяпер, як ніколі раней, усе яны здаваліся яму чужымі, ананімнымі і лішнімі. Натоўп толькі тады мае твар і імя, калі ёсць у ім блізкі нам чалавек.

Антон ведаў, што будзе чакаць Гандзю ўсё жыццё. Днямі ён сядзеў ля вакна, а адвячоркамі заходзіў у “Сонейка”. Пустое месца за буфетам забівалася ў сэрца балючым цвіком, а штодзённыя наведвальнікі, калі пытаў іх пра Гандзю, разводзілі рукамі і сумна ўсміхаліся.

Праз тыдзень асірочаны буфет узяла ў свае рукі новая буфетчыца Лёдзя, а з першым снегам Антону прыйшоў ліст. Некалькі слоў, запісаных на паперы: “Прабач і не чакай, я ніколі не вярнуся”. На паштовай пячатцы спрабаваў адчытаць назву мясцовасці, але чорныя літары складваліся ў незразумелае слова “ніколі”.

— І што цяпер будзе? Развод? — спытала бабка Сонька. — У нашай сям’і ніколі не здараліся разводы.

Перакінула ў памяці ўсіх жанчын, пачынаючы з той першай, што выйшла з расшчэпленага перуном дрэва. Каханыя або не каханыя, усе цярпліва пераадольвалі тунель стагоддзяў, падсвядома накіроўваючы жыццё да светлага выхаду ў нашыя дні.

— Свет ашалеў, — сказала бабка Сонька і замоўкла на бліжэйшы тыдзень.

У майстэрні, перанесенай у падвал новага дому, Антон моўчкі збіваў дошкі ў добра вядомую форму, а ў думках назойліва завіхаліся словы: “Прабач і не чакай...” І ў водгук кожнаму слову малаток забіваў цвікі. Мацней і мацней, не зважаючы ні на што.

На працягу наступных сямі дзён бабка Сонька вярталася памяццю да восеньскіх ранкаў і начэй, якія папярэджвалі вяселле дзядзькі Антона. Гартала іх каторы раз, шукаючы знак, што раней, зза неахайнасці, абмінуўся ўвагай. Але нічога там не знаходзіла. Не сасніўся ніякі сон, праз прыадчыненае акно не ўварвалася ў дом ашалелая птушка, люстра на сцяне не рассыпалася дробным макам. Пасмутнела. Бо адчула, што пакінула, адышла назаўжды ад яе моц прадчування будучыні, перачытвання сноў і рэальных знакаў. І прыйдзецца жыць вечна ў чужым і незразумелым свеце.

Сашка

У будзённыя дні пасля поўдня, калі ў бары “Сонейка” паветра было ўжо сіняе як папяросавы дым, а мармуровая крошка падлогі клеілася да чаравікаў астаткамі піва, доўгавалосыя маладзёны хапалі малога Сашку пад пахі і ўздымалі на столік, хвіліну раней акуратна прыбраны ад масіўных, жывататых куфляў.

— Ну, Сашка, пакажы, як Герд Мюлер забіў мяч у польскія вароты.

Чыесьці спрытныя пальцы згарталі капялюш з галавы неасцярожнага асобеня, які заблукаў сюды не як заўсёднік, а зусім выпадковы госць, таму і ставаўся бяспечнай ды лёгкай здабычай. Капялюш перадаваўся з рук у рукі, збіваючы са следу нямы позірк уласніка, пятляў налева, направа, наўскасяк, ажно спыняўся ў месцы прызначэння, на століку побач з карлікавай нагой.

— Давай, Сашка, давай!

Карлік шырока разводзіў плечы, левая нага моцна запіралася ў стальніцу, нязначна згіналася ў калене, тым часам правая ўцякала далёка назад. На адзін міг нерухомеў, бы тоўсценькая, кругленькая ластаўка. А затым правая нага, прыведзеная ў рух жывой пружынай, адпраўляла капялюш у найдалейшы закавулак бара.

Падачу пераймаў Була. Ён быў, праўдападобна, маім дваюрадным братам. Кажу праўдападобна, бо ў гэтай матэрыі меркаванні бабкі Сонькі і цёткі Любы рэзка разыходзіліся, а дзядзька Коля, які ўсё павінен ведаць найлепей, не ведаў нічога і толькі паціскаў плячыма.

— Разява ты! — казала цётка. — Знайшлі найвялікшага на фабрыцы прыдурка і падкінулі. А ты гадуеш. Ну, сам паглядзі, які ён Іванюк? Хто ў нас бачыў такіх, двухметровых даўгел!?

Дзядзька Коля маўчаў, паціскаючы плячыма, а ў размову ўключалася бабка Сонька.

— У нас — якіх захочаш. І найменшыя, і найбольшыя.

Так ці іначай, Була лічыўся найлепшым футбалістам у бліжэйшым наваколлі, а ў Мястэчку заставаўся толькі таму, што дзесьці трэба сустрэць свой лёс і прывітаць эмісараў сталічнай "Легіі" або познаньскага "Леха".