З гэтага дня мы пачалі часцей забягаць у аднапакаёўку малога Сашкі. Месца было зручнае па дзвюх прычынах: кватэра змяшчалася ў цэнтры і — паколькі Сашка ішоў праз жыццё адзінока — ніякі жаночы голас не ўрываўся нахабным дысанансам у доўгія мужчынскія размовы. Была і адна невыгода. Сашка пачынаў часам працу з шостай раніцы і тады забягаць на кватэру было дарма. Але часам ён хадзіў на фабрыку з чатырнаццатай.
Сашкіна кватэра рабіла ўражанне дзіцячага садка. Маленькі столік быў абстаўлены маленькімі крэсламі, у маленькай шафе — маленькі пінжак і такія ж кашулі. На сцяне ў калідоры вісела таксама люстэрка, сантыметраў трыццаць над падлогай, зірыла шкляным вокам за нашымі сцёгнамі, лыткамі, каленямі. Але часцей за ўсё ў люстэрка глядзеўся чырвоны дзіцячы ровар. На гэтым ровары Сашка ездзіў на фабрыку. Націскаючы на мініяцюрныя педалі, каціўся тратуарам да скрыжавання вуліцы Першага мая і Вызвалення, перасякаў асфальтавую стужку дарогі і фабрычную браму, дзе, прыкладваючы два пальцы да брыля, вахцёры аддавалі яму чэсць. Пунктуальна а шостай або а чатырнаццатай самы маленькі ў Мястэчку сталяр ставаў насупраць вялікай машыны, як іншыя чалавечыя давіды штодзень паўстаюць супраць сваіх асабістых галіяфаў. Паўстаюць так доўга, як доўга выходзяць пераможцамі.
Ён пускаў у ход машыну, машына адгукалася раз’юшаным голасам, саслізгваліся стужкавым канвеерам у бяздонную пашчу дошкі .
— На, нажрыся, можа не задавішся! — перабіраючы пальцамі электрычныя кнопкі, паскорваў ход канвеера. Але зяпа спраўлялася. Задыханая, перажоўвала ўсё, што ёй далі, ды выплёўвала на свет бясконцую хмару стружын і апілак.
— Ранейпазней каўкнем і цябе, — у дабрадушнай усмешцы выскальваліся сталёвыя зубы.
— Або і не, — адгрызаўся Сашка, загружаючы ў зяпу дадатковую порцыю сасновай драўніны.
Размаўлялі без накіпу злосці. Калі гутарыш дваццаць гадоў з чалавекам ці машынай, ведаеш суразмоўцу дакладна так, як ён ведае цябе, і нават шорсткае слова або грубы жэст успрымаеш як звычайны сяброўскі штуршок у плячо.
З новым годам фабрыку пачалі наведваць новыя людзі, якіх раней ніхто тут не бачыў. Заклаўшы рукі за спіной, сноўдалі ў мантажную і шпалерную майстэрні, абмацвалі мэблю, выстуквалі пальцамі на лакіраваных сценках ім толькі вядомыя шыфры. Сасновая драўніна адгукалася сваім голасам, дубіна сваім, а яны, слухаючы адказ, усміхаліся або, скрывіўшы ад незадавальнення вусны, нешта запісвалі ў абкладзеных скурай блакнотах. Часам спыняліся перад нейкім станком. Падцягнуўшы манжэты, нерухамелі на пяць, дзесяць хвілін і толькі іх вочы прабягалі нябачны шлях між цыферблатамі гадзіннікаў ды рукамі сталяроў. А потым у нататніках запісваліся нейкія лічбы і словы.
— А гэта што за архаічнае дзіва!? — сказаў аднойчы незнаёмы чалавек, разглядаючы Сашкін станок.
— Так, архаічнае, — пацвердзіў другі. Але ён якраз глядзеў не на станок, а на Сашку.
— Пара на пенсію, — прамовіў трэці. — А тут стане самы вялікі агрэгат. У гэтым Мястэчку яшчэ такой тэхнікі не бачылі.
На наступны дзень стары станок не адазваўся ні з раніцы, ні пасля поўдня. Заціснуўшы зубы, замоўк на век вечны. Ніхто таксама дакладна не ведае, куды дзеўся Сашка. Знік, рассыпаўся дробным макам сасновых апілкаў. Фабрычныя прыбіральшчыцы згарнулі іх у маленькую сасновую дамавінку, а мы занеслі яе на праваслаўныя могілкі.
Вечарам схадзілі ў “Сонейка”. На століку спачываў моўчкі невядома чый капялюш і ніхто яго не кранаў. Апоўначы, калі пан Метэк праводзіў нас да выхаду, не развітаўся звычаёвым, добра вядомым “а заўтра запрашаем таксама”.
— Заўтра закрываем бар, — пан Метэк усміхнуўся смуткам, які кандэнсаваў у сабе ўсе ягоныя ранейшыя смуткі. — Назаўжды закрываем. Будзе тут прадуктовы магазін. А, можа, спажывецкая крама або банк. Я не ведаю. Я нічога ўжо не ведаю. З заўтрашняга дня не я тут кіраўнік.
Наступная раніца падымалася на ногі марудна і няўмела. Можа, новы дзень забыўся на стары і зараз вывучаў першыя крокі, як вывучае іх нованароджаны чалавек? Першы раз у трынаццаць гадзін мы не пайшлі ў “Сонейка”. Мястэчка здавалася халодным, агідным, быццам ноччу ўзялі яго чужыя захопнікі, патапталі, запіраючы тубыльцаў у паўзмрочныя падвалы. І толькі адвячоркам Була не вытрымаў, адзінока схадзіў у бар. Рука, ведзеная досведам мінулых гадоў, прылягла на клямку, кранула яе пяшчотна, але і ўпэўнена, як кранаюцца адзін аднаго пальцы шматгадовых палюбоўнікаў. Дзверы не здрыгануліся, і рука паўтарыла жэст — мацней, больш рашуча. Безвынікова. Закрыта... Уражаны, Була адступіў крок назад, абвёў вачыма будынак, праз акно зазірнуў у сярэдзіну, прыклаў вуха да шыбы. Стаіўшы дыханне, намагаўся адшукаць пульс, вылавіць зза сцяны знаёмае дудзенне. Але сэрца бару было мёртвае.