Выбрать главу

У той дзень, калі Валодзя першы раз спаслаўся на сваіх славутых продкаў Сапегаў, местачкоўцы прапусцілі яго да прылаўка без чаргі.

— Сапегаў ніколі б і ні за што не паставілі ў такую чаргу, — сказаў Валодзя і зрабіў накід маёмасці, якая за апошнія месяцы паспела ўзяць пад сябе ладны фрагмент пространі ды разоў у дзесяць павялічыць жывы інвентар.

— Сотні гектараў залатой пшанiцы, кароў тысячы, а курачак-iндыкаў, колькi iх? Адзiн Гасподзь мог бы пералічыць. Сам замак у Высокім большы за вашу фабрыку. Па той бок засталося ўсё, за граніцай — уздыхнуў і паказаў рукой на пушчу і змоўк.

— Сапегі, кажаце?! І замак большы за фабрыку?! — суразмоўцы, як і раней, чухалі патыліцы нібыта ўсур’ёз, хмурылі бровы, але вочы адводзілі ў бок і з вуснаў і вачэй маленькімі змеямі сплывалі ўсмешкі. З часам змеі пачалі пераўтварацца ў цёплачорных ластавак спагады, каб, нарэшце, застыць у халодных камянях абыякавасці.

Ад такіх усмешак дарога да дому выдоўжвалася ў маленькую Галгофу, у шлях пакуты і крыўды. Балючай іголкай даймала шкадаванне за ўсе родавыя браўнiнгi, пiсталеты, шаблi, у выніку гiстарычнай завiрухi праваленыя глыбока пад зямлю, адкуль дастаць iх зможа толькі якi цуд або чарговая няўдача панi Гiсторыi. I зараз нi застрэлiць каго, нi сабе кулю ў лоб пусцiць. А хацелася прабіць навылет халоднае сэрца пана Стасінка, што для звычайнай выгады аддало яго ў чужыя рукі, і расстраляць мужыцкую прагнасць фурмана Уладзіміра Іванюка, што ялавіцай перакрыла ягоны, Валодзін, жыццёвы шлях, і капітана Жлуктова забіць, і ўсіх іншых невядомых людзей, хто прыклаў руку да ўзнікнення граніцы за Саўчуковай стадолай.

Асабліва даймала граніца. Калі раней яна ляжала на душы халодным лязом, што размяжоўвае на дзве часткі сад пана Драгабыцкага, то цяпер з зааранай паласы падымалася зубатым Цэрберам, шматгаловай гідрай, тупым, непадкупным вартавым, пастаўленым невядома кім і невядома навошта. Ці не з адной мэтай — каб яму, Валодзю, сакрэтнаму сыну паніча Стасінка, а мабыць і ўнуку славутай сапегаўскай дынастыі, зламаць жыццё.

Сонька

Бабка Сонька адышла ў сакавіку, разам з апошнім снегам.

З раніцы склала ўсе свае рэчы ў стары, невядомай даўнасці шлюбны куфар, зачыніла века, на прабой павесіла замок і перакрунула ключ. На счарнелым баку скрыні засталіся фіялетавы касцюм і белая майка. Раней апранула іх на сябе толькі адзін раз. Было гэта два гады таму, у краме. Разглядала вопратку доўга і дакладна, правяраючы ў люстэрку, ці бель трымае гармонію з фіялетам, і ці фіялет добра сінхранізуе з сівізнай валасоў, а матэрыял — ці напэўна адпаведнай якасці і пры першай нагодзе ці не пойдзе ў складкі і ці не пакамечыцца. Рэчы важныя, звышчасовыя нельга купляць легкадумна, абы хутчэй, кінуўшы адным вокам, або — што горшае — кіруючыся заклікамі актуальнай моды. Касцюм быў беззаганны — як два гады таму, так і цяпер. Зараз, на ўсялякі выпадак прымерыла толькі боты. Шмат дзён прастаялі яны бесклапотна ў кардоннай скрыначцы ў шафе, калі ногі за той час пратапталі не адну сцежку і здаралася ім стаміцца, апухнуць, згубіць штодзённую форму. Ды так ці іначай, праверыць боты перад доўгай дарогай не лішняя справа. Але карычневыя паўчаравікі сядзелі ідэальна, заяўляючы гатоўнасць да вандроўкі ў найдалейшы шлях. “Якраз. Лёгкія і не ціснуць”, — падумала яна і паставіла іх побач з куфрам.

Затым цэлы дзень размаўляла з дзедам Уладзімірам. Насамрэч размаўляла сама з сабой, але гутарка была ўсётакі падрыхтоўкай да сустрэчы з ім. Перакідала некалькі разоў кожнае слова, разглядала яго з усіх бакоў — якое ўзяць з сабой, якое сказаць як першае і як апошняе, і яшчэ якое лепей пакінуць назаўсёды тут. Цягам дзесяцігоддзяў назбіралася шмат імёнаў і здарэнняў, ды не ўсе ж яны заслугоўваюць вечнага існавання.

Вечарам бабка Сонька паклікала ў хату сыноў і мяне, як адзінага свайго ўнука. У гасцінным пакоі чакаў столскладанка. Даўно таму, калі дом быў шматлюдны і гаманлівы, стол так і стаяў — штодзённа расцягнуты на поўную даўжыню. З адыходам кожнага сына стол сціскаўся, скарачаўся, аж, дасягнуўшы мінімальнага памеру, застыў пад белым абрусам. Цяпер яна расцягнула яго зноў, а наўкола паставіла шэсць крэслаў.

— Сядайце, хлопцы, — сказала, паказаўшы рукой месцы за сталом, і мы селі, расставіўшы локці на белым абрусе, і толькі маленькае крэсла Сашкі засталося пустым.