Выбрать главу

— Ну, што там, — першым азваўся Антон.

— Прыйшоў час.

— Час?.. — не зразумелі. — Які час?..

— На той свет... Заўтра, — сказала будзённа, нібыта мэтай заўтрашняй вандроўкі была не вечнасць, а кіёск па другі бок вуліцы або ранішняя лапатня з лепшай суседкай.

— І ўжо заўтра? Гэта што, па тэлевізары так сказалі ці бацюшка ў царкве аб’явіў? — дзядзька Коля выскачыў жартам, але бабка нават не ўсміхнулася.

— Заўтра ўсё тут будзе іначай. А мне няма ўжо чаго пры гэтым рабіць. Вы слухаеце мяне?

Не слухалі ні яе, ні саміх сябе. Даўно ўжо страцілі веру ў моц прадчуванняў бабкі Сонькі! А можа жыццё іх перагрузілася, запоўнілася па берагі і не было ў ім месца ні на сваю, ні на чужую смерць? Як ні дзіўна, ад нешчаслівых пачуццяў сцежкі Антона і Колі зноў пачалі набліжацца, перасякацца, як у далёкім дзяцінстве. І зараз кожны з іх зірыў ці ў сцены, ці ў бясконцасць вуліцы, шукаючы спозненае каханне... Валодзя ж кружыў у сваім асабістым свеце высокіх радаводаў, дзе не месца вясковым забабонам або дробным сардэчным справам. "Не слухаюць", — засумавала бабка.

— А ты, — глянула на мяне і ўсміхнулася. — А ты, ну як жа цябе зваць...

Яна ніколі не магла запомніць маё імя, бо такіх імёнаў раней у нашай сям’і не было. Калі мая маці Стэфанія ўпершыню вымавіла яго, бабка папрасіла паўтарыць яшчэ раз і яшчэ, потым доўга корпалася ў царкоўных кніжках, шукаючы, ці ёсць там такое, але не знаходзіла. Гартала кніжкі адзін дзень, другі і трэці, і ўсё далей паглыблялася ў смутак, і ўсё больш хвалявалася за маё жыццё, названае імем, якога ніхто тут не чуў. І ці знойдзецца ў небе анёл, што ў злую хвіліну разгорне нада мной апякунчыя крылы? Нарэшце яна знайшла нешта падобнае і толькі тады супакоілася. “От, — сказала. — Не зусім так, але ж ёсць. Можна неяк жыць і з такім імем”.

— Ну, як жа цябе зваць, — старалася прыпомніць маё імя, але яно не вынырвала. — Вось табе і на. Нават Уладзіміру заўтра не скажу, хто ты. Як бы і няма цябе!? — здзівілася. — Ды нічога, няхай застаецца ўсё, як ёсць.

Познім вечарам бабка Сонька прылегла ў ложак і памерла. Сама, адна, бо мы, не давяраючы яе словам, разышліся кожны ў свой дом.

Калі бабку паклалі ў труну, я прыгадаў яе аповед пра расшчэпленае перуном дрэва, з якога выйшлі мужчына і жанчына. Яго звалі Валодзем, яе Сонькай. Былі першымі. Цяпер Сонька апошняя, загорнутая ў дрэва, выключнае па сваёй форме, на чорнай машыне ехала на могілкі, а вуліцамі Мястэчка ішлі легкавушкі і было іх значна больш, чым у другія дні. У сваёй маладой наіўнасці я падумаў, што гэта людзі з усяго свету з’язджаюцца на развітанне з бабкай Сонькай. Думка была зусім слушная — чалавек, з якога пачынаўся наш свет, не адыходзіць, пакуль не развітаюцца з ім усе, хто застаецца ў жывых. Але чужынцы не спыняліся. Не звяртаючы ўвагі на разгорнутыя ветрам чорныя харугвы, мацней націскалі педалі газу ў сваіх машынах, абганялі маруднае пахавальнае шэсце і кіраваліся ў цэнтр Мястэчка.

“Вечная памяць”, — бацюшка Сцяпан пакрапіў жоўты копчык, а дома, за хаўтурным сталом, за другойтрэцяй чаркай, калі жывыя, канчаткова развітаўшыся з мёртвымі, зноў вяртаюцца да сваіх спраў, ён пацікавіўся:

— А колькі ж было гадоў нябожчыцы? Бо нават і на шыльдачцы не напісалі. Імя, прозвішча толькі... А колькі гадоў пражыла — не напісалі...

Усе глядзелі то на бацюшку, то адзін на аднаго і здзіўляліся. Толькі цяпер зразумелі, што ніхто не ведае, колькі яна пражыла. Ніхто і ніколі не пытаў бабку Соньку пра яе дзень нараджэння. Нашае жыццё ішло ў фальшывым перакананні ў яе несмяротнасці, а тое, што не памірае, ніколі ж і не нараджаецца.

— Паедзем, — сказала маці, калі разышліся ўсе сваякі і знаёмыя. — У нас таксама няма тут ужо ніякай справы.

Абмінуўшы бацьку, які пасярэдзіне пакоя сядзеў на кукішках і гартаў нейкія паперы, яна пачала складаць рэчы. Але бацька не бачыў нас. Ён таксама збіраўся ў дарогу. А можа, быў ужо на шляху, дзесьці за Чаромхай перасякаў якраз дзяржаўную мяжу, бо калі маці праходзіла побач з чарговым клункам у руках, працягваў лісток паперы, апошні шматок сваіх сшыткаў, што цудам выратаваўся з пажару.

— Вось мой пашпарт, вось ён, глядзіце. А багаж? Панове мытнікі, ну які ў мяне багаж? Толькі шчасце і нічога больш. Во, тут яно і тут, і тут, — выварочваў кішэні, разгартаў полы пінжака. — Толькі шчасце, панове, бо еду туды, дзе маё месца.

Калі маці зачыняла апошнюю валізку, бацька крочыў ужо вулачкамі Высокага. Шпацыраваў каштанавай алеяй сапегаўскага парка, прыпыняўся ля заімшэлай сажалкі, перакідваўся словам з рыбакамі, кіраваўся да зруйнаванага замка. Разгартаў крапіву, што заўзята падымаецца на палацовыя сходы, і на сыходзе жыцця стаўляў след там, дзе павінен ён быў адціснуцца ў самым яго пачатку...