Па словах бабкі Сонькі, Уладзімір быў мужчына статны, высокага росту, сінявокі. Блакіт яго вачэй заходзіў так глыбока, што спалучаўся з сэрцам. Менавіта пра такіх людзей і кажуць, што яны сэрцам глядзяць на свет. А яшчэ з бяздонным блакітам вачэй пераклікалася здзіўленне. Уладзіміра здзіўляла ўсё — усход і захад сонца, вяртанне буслоў з далёкіх краін, кветкарамонка ў траве і халодны лапух на зімовай шыбе. “Ён павінен быў стаць паэтам”, — скажа бабка Сонька. Скажа гэтыя словы на ўсю вечнасць пазней, калі ўжо сяктак пачне арыентавацца ў лабірынтах літар.
Але ў маладосці, калі наканаванасць, не ўпэўненая ў сваіх сілах, яшчэ паддаецца чалавечым пажаданням або волі выпадку, у свеце дзеда Уладзіміра нічога не ведалі пра паэтаў. У тыя гады іншы быў таксама час — не дазваляў абыкаму закідваць яго ў віртуальныя астрогі камп’ютэраў, закоўваць у цэлулоідныя калодкі кіно, а потым забаўляцца, соўваючы здарэнні наперад і назад, як мэблю па гасцінным пакоі або, памыліўшыся шляхам, вяртацца да зыходнага пункту і пачынаць новую вандроўку. Кожнай рэчы вызначалася канкрэтнае заданне, а чалавеку — месца.
Таму вось дзед Уладзімір стаў фурманам у двары пана Драгабыцкага. Па буднях звозіў з палёў буракі і снапы жыта, а ў святочныя дні закладаў у брычку Султана і каціў гаспадароў у Кляшчэлі, у касцёл. Конь белы, як выліты з восеньскай iмглы, падрываў капыты, раскiдваў грыву, уступаў у гонку з ветрам. “І будзь тут разумны, і скажы — дзе канчаецца грыва, а дзе пачынаецца вецер”, — здзіўляліся сінія вочы.
Імчаліся праз Войнаўку, Палічну, Курашава, а імпэт здзіраў з галоў мужыцкія шапкі, і мужыкі схіляліся: “Дзень добры, пан! Дзень добры, Султан! Дзень добры, фурман Уладзімір!”
— Малайчына, Уладзімір, — пан Драгабыцкі ўсміхаўся і сяброўскім жэстам ляпаў фурмана па плячы, а калі пространь між дваром і касцёлам удавалася прашмыргнуць за адну гадзіну, частаваў яго сапраўднай цыгарэткай.
Двор стаяў за вёскай, на ўскрайку лесу. Сярод вясковых хат белы будынак выдзяляўся памерамі і формай. Тры сцяны раскрываліся ганкамі, а драўляныя слупыкалонкі трымалі панад сходамі трохвугольныя дашкі. Паўднёвыя сходы выходзілі ў сад, паўночныя на шырокі дзядзінец, а ўсходнія ў невялікі парк, дзе ліпамі і клёнамі вызначаліся цяністыя алейкі. “Прагуляемся, сонейка?” — стары пан падстаўляў плячо сваёй старой пані, і яны адыходзілі ў ліпавы цень. Або, прысеўшы познім пасляпоўднем на ганку, пытаў яе:
— Сонейка, а можа мы гарбатку папілі б?
Да ўсіх астатніх пан Драгабыцкі звяртаўся “сэрдэнько”. Такім словам клікаў свайго сына Стасінка і вітаў гасцей, што час ад часу наведвалі двор, і нават смургаляваты пастушок, захоплены знянацку ў дворскіх яблынях і грушах, мог спадзявацца на цёплае: “А што ж ты, сэрдэнько, яблыкі падбіраеш, а? А дрэнна так рабіць, і непрыгожа”. Часам удзел у размове прымала лакіраваная кульба, стаўляючы на спіне пастушка завяршальную кропку. Была гэта аперацыя выключна прафілактычная, каб маладога чалавека, падбадзёранага поспехам у чужым садзе, спакусы не паклікалі ў шлях куды значнейшых злачынстваў — пацягнуць цэнтнер жыта з дворскага свірана, затым авечку з пашы, а можа нават і Султана, які капытамі і грывай заступаўся за гонар двара і толькі панічу Стасінку і фурману Уладзіміру даваўся закладаць у аглоблі.
Па словах бабкі Сонькі, Уладзімір быў найпрыгажэйшым фурманам у свеце, і ўжо па гэтай хаця б прычыне не маглі яны размінуцца. А затым пайшлі на свой хлеб, збудавалі дом, прыкупілі кавалак зямлі, вывелі на свет трох сыноў, і ў такой кампаніі застала іх вайна.
Прывезлі яе на матацыклах чатыры немцы, якія раскватараваліся ў Саўчуковай хаце, што на ўскраіне вёскі і, не зачапіўшы пальцам за палец, прасядзелі так тыдзень. Гэта нармальна. Хлопцы былі маладыя і стройныя, а іх мундзіры прыгажэйшыя за святочны касцюм пана Драгабыцкага, і ў такіх мундзірах можна, аблакаціўшыся на стол пад грушай, разважаць пра музыку паноў Моцарта і Бетховена або гавэндаць пра вялікія пачыны старажытных рыцараў, а ў самым горшым выпадку прагуляцца матацыклам у поле, зірнуць, як парабкі выбіраюць там бульбу і ці не зашмат яе пакідаюць у зямлі, каб потым, пад покрывам ночы, вярнуцца і завяршыць працу. Але чатыры нямецкія хлопцы не цікавіліся ні музыкай, ні бульбай. З раніцы да поўдня чысцілі свае аўтаматы, хухалі на іх і дзьмухалі, націралі нейкай маззю і глянцавалі суконнымі анучкамі, заўзята, пакуль на карычневых прыкладах не ўзышло вераснёўскае сонца. Аднойчы вечарам, нават не развітаўшыся з гаспадарамі, што кватаравалі іх сем дзён, яны запусцілі маторы і ад’ехалі на захад.