Раніцой з усходу прыйшлі рускія. Іх мундзіры не прыцягвалі вачэй такой беззаганнасцю, як мундзіры чатырох нямецкіх хлопцаў, і рускія, не губляючы лішне час, закасаўшы рукавы, узяліся за справу. На пачатак расстралялі пана Драгабыцкага, запісалі ў калгас ягоную зямлю, кароў і коней. Нават Султана, які ўжо па сваіх конскіх календарах быў старэйшы за свайго пана і спакойна перажоўваў у стайні фураж мінёнай славы, залажылі ў плуг і вытурылі ў поле. Старшынёй калгаса рускія прызначылі Пашку Лушча, якога мясцовыя клікалі ПашкаПляшка, бо ў Пашкі ніколі не было сваёй зямлі, за тое часу хоць адбаўляй, і ён бавіў гэты час у карчме Ёшкі Блума, распавядаючы гісторыі пра краіны, дзе ўсе людзі роўныя і аднолькавыя, бы штыкеціны ў плоце, а сваю зямлю не закоўваюць яны ў межы прыватных загонаў. Але зараз Ёшку даручаліся сур’ёзныя абавязкі калгаснага бухгалтара, карчма зачынілася, дык і ў Пашкі паявілася магчымасць старшыняваць калгасам.
Праз паўтары гады, калі ў разгары стаяла лета, неба загудзела самалётамі, з самалётаў выходзілі чорныя ніткі і вогненнымі клубкамі разрываліся на зямлі, пераўтвараючы чыгуначны вузел у Чаромсе ў нікому не патрэбную кучу металалому. Рускія пакінулі ўсе незавершаныя справы і стрымгалоў кінуліся да сябе дамоў, а на танках і матацыклах прыехалі немцы. У параўнанні са сваімі калегамі, якіх бачылі тут раней, гэтыя не выглядалі ўжо так элегантна. Мундзіры запыліліся ў дарозе, а з аўтаматаў не ўсміхалася сонца. Пэўна таму, апусціўшыся з танкавых вежаў, неадкладна кінуліся шукаць якінебудзь занятак. На пачатак павялі пад расстрэл Ёшку і Пашку. Ёшка плакаў, а Пашцы было ўсё адно. Гадзінай раней ён высмактаў паўтарачку самагонкі, і вось зараз, у чым быў абсалютна перакананы, ішоў на спачын, як і штодзень, падтрыманы бяспечнымі рукамі кампаньёнаў.
За танкістамі ў легкавых машынах прыкацілі геадэзы і калгасную зямлю пана Драгабыцкага вярнулі ў гістарычныя межы. Танкі пасунуліся далей на ўсход, пакідаючы асноўныя паўнамоцтвы на руках тоўстага Казіміра Валанцея. Раней ён быў эканомам у двары, а зараз пераапрануўся ў паліцэйскі мундзір, снаваў з хаты ў хату і казаў: “Яны там гуляюць на матацыклах, а тут усё на маёй галаве. Аднаму дай падводы, другому забяспеч шарварак, а трэцяму хоць зпад зямлі дастань, а знайдзі добраахвотнікаў на працу ў Германію. Аж галава трашчыць”. Зімой у пушчы завяліся партызаны, пашыраючы дыяпазон паліцэйскіх абавязкаў на ахову чыгункі, якую вельмі сабе ўпадабалі, час ад часу выпраўляючы ў неба загружаны жалезам эшалон.
Апошні раз матарызаваная нямецкая калона наведала вёску гады праз тры, але цяпер, збягаючы з усходу на захад, не затрымлівалася ні на хвіліну. За спіной немцаў пешаком крочылі рускія, ды крочылі так шпарка, што танкам і матацыклам не было часу спыняцца.
Гэтыя рускія таксама нічым не прыпаміналі бачаных раней. Вядома, традыцыйна запусцілі кулю ў натруджаны лоб паліцэйскага Валанцея, які зза сваёй тлустасці не паспеў зачапіцца за якінебудзь танк або матацыкл, а потым чарнявыя, касавокія жаўнеры аддаліся захапленню. Захапляліся ўсім, чым сустракаў іх мясцовы свет. Ціканнем гадзінніка, курыным яйкам, пчалой, што вяртаецца ў вулей з крошкай мёду на ножках. А калі ў паўзмрочнай стайні адшнырылі Султана, захапіліся дашчэнту, але іначай. Зусім як сустрэчай з добра вядомым суседам або краявідам. У такіх выпадках чалавека агортвае радасць. Чалавек усміхаецца вачыма і вуснамі, і поўным тварам, і ўсёй постаццю.
— Ах ты, родненькі мой. Ну, давай, пайшлі, — жаўнерская ўсмешка пералілася з твару ў рукі, і далоні пяшчотным жэстам кранулі пасівелую конскую галаву, загортваючы яе ў жоўтыя раменьчыкі аброці. І Султан не пратэставаў. Ён зусім ужо страціў зрок і, блытаючы капытамі, ішоў, куды скажуць.
— Харошая лёшадь. Харошая. Малядэц, — шаптаў у конскае вуха касавокі жаўнер, а ягоныя пальцы няспынна гладзілі конскую грыву і шыю. А як адступілі за стадолу на крокаў дваццаць, пальцы слізганулі ў кішэню, і бліснула на сонцы крывое лязо сцізорыка, беспамылкова знайшло на конскай шыі патрэбную сабе жылку, і Султан, згінаючы калені, апусціўся ў траву. Кульнуўся на хрыбет, капыты затанчылі, перабіраючы залатыя струны сонца. Затым, пасечаны на кускі, танчыў у кіпячай вадзе яшчэ двое сутак пад гукі гармоніка і глухія бубны жаўнерскіх страўнікаў.
Дзесьці на захадзе заядлымі салютамі заходзіліся гарматы, самалёты разбівалі ў пух варшаўскіх паўстанцаў, а паніч Стасінак на гусеніцах нямецкіх танкаў высякаў шабляй апошні раздзел гісторыі роду Драгабыцкіх, і тады ў Іванюкоў нарадзіўся наймалодшы сын, Сашка. Потым з’явіўся ў вёсцы капітан Жлуктоў, а праз колькі месяцаў прыйшлі геадэзы і пасяклі на кавалкі зямлю пана Драгабыцкага. Працэс называўся парцэляцыяй і здзяйсняў сабой акт гістарычнай справядлівасці.