Выбрать главу

— Бярэм? — спытала Сонька. — Нядрэнны кусок нам даюць. Там у пана Драгабыцкага заўжды найлепшая капуста і буракі выводзіліся.

Уладзімір маўчаў. Ён сядзеў пад яблынькай, прыдбанай з дворскага саду ў выніку маленькай, асабістай парцэляцыі і бачыў, як пяццю гадамі раней жаўнеры вядуць на расстрэл старога пана. Ідуць праз вёску, мужыкі здымаюць шапкі і апускаюць вочы ў зямлю, жанчыны зіраць зза штыкецін, крадком выціраючы слёзы, тры савецкія жаўнеры за спіной пана Драгабыцкага пасвістваюць вясёлую песеньку, а пан крочыць з высока ўзнятай галавой, адзначае кожны крок лакіраванай кульбай, а дыямантавым позіркам развітваецца са светам і яго малымі праблемамі. Потым, праз груз і попел, Уладзімір бачыў яшчэ, як нямецкія гусеніцы раз’язджаюць паніча Стасінка ў чырвоную пляму, і чуў, як намаршыраваўшыся ўдосталь, усе арміі свету сыходзяць у казармы, з грукатам зачыняючы за сабой дзверы. З такім грукатам друкуюцца пасведчанні аб тымчасовай зямной уласнасці.

Адразу пасля заканчэння сяўбы геадэзы вярнуліся. Пад наглядам камісараўагітараў адмянілі сваю ранейшую працу, спайваючы паасобныя загоны ў адзін бязмежны арганізм.

— Што тут цяпер будзе? — пыталі мужыкі.

— Тут цяпер будзе калгас. Вялікі Савецкі Саюз зноў ідзе да нас з братэрскай падтрымкай і дае прыклад, як добраўпарадкаваць зямлю, — вывучанай фразай адказвалі камісары.

— Ну вось, нікуды мы і не дзеліся, — сказала бабка Сонька, агортваючы позіркам доўгія радкі капусты. Дворская зямля раскрылася якраз зялёнымі лісткамі, і яны радасна выбягалі да сонца і да людзей для агульнага карыстання.

Калгас выстаяў год. Прытаіў дыханне да жніва, адгарланіў восень, сяктак перазімаваў. На прадвесні разваліўся, а вясной людзі выйшлі ў поле шукаць кожны сваю мяжу.

Зямля, загартаваная ў доўгай гісторыі ледавікамі, землятрусамі і шматлікімі сутычкамі з каметамі і астэроідамі, і гэты кароткі эксперымент вытрымала, не маргнуўшы вокам. Больш пацярпела яе жывая матэрыя. У полі асот узяў перамогу над аўсом, а коні, прастаяўшы зіму на поснай сечцы, дайшлі да вясны моцна скарочанай чарадой. Але тады жыхарам маленькай Апакі працягнула руку дапамогі заакіянская імперыя. У выпадку Уладзіміра Іванюка падтрымка выявілася чорным, смалістым канём. У гонар ахвяравальнікаў назвалі яго Унрам.

“Якое цікавае жыццё. Раз чалавек на белым кані, другі раз на чорным”, — здзіўляўся Уладзімір, закладваючы хамут на смалістую шыю Унры.

Загледжаны ў чорную кропку, Уладзімір ішоў за плугам і думаў: “А калі б так даць каню абсалютную волю, мабыць, пралажыў бы ён скібу аж у сваю далёкую Амерыку? А можа, плюнуў бы на плуг ды праляжаў бы ў цяньку дзень да вечара?”

Часам, калі жаўрукі песняй збівалі з прасторы пах неба і скідалі яго ўніз, спыняў каня і слухаў. Затым схіляўся, набіраў жменю пяску, нюхаў яго. Прыжмурыўшы вочы, чарговы раз трапляў у здзіўленне: “Арамат нябёсаў нічым не адрозніваецца ад арамату зямлі. Значыць, хто ведае пах зямлі, не заблудзіць і ў небе”.

Аднойчы, калі жаўрукі ашалелі ў бясконцай песні ды цягнулі яе так доўга, пакуль неба поўнасцю не звалілася на поле і лес, а дзед Уладзімір, прысеўшы на кукішкі, насычаў ноздры араматам блакітаў, чорны Унра капытом, магутнейшым за кулак Махамеда Алі, пацэліў яму дакладна ў патыліцу. Засталося зрабіць адзін крок і ступіць у нябёсы.

— Усе імперыі на тое і ўзнікаюць, каб тутэйшага праваслаўнага мужыка шпарыць з абедзвюх рук па мухаедах, — сцвердзіла бабка Сонька. — І лепей тры разы прамаўчаць, як тры разы сказаць “так” або “не”.

На тры фурманкі яна загрузіла хатку і сыноў і выправілася ў Мястэчка, дзе раней пасялілася яе малодшая сястра Маруся, што за ваенным часам насіла ў лес партызанам хлеб і маленькую жменьку звычайнай, жаночай радасці. Зараз, заваяваўшы магістраты і іншыя важныя ўстановы, партызаны паклікалі за сабой і яе. Уладкавалі вахцёркай на фабрыцы і кожны год у Дзень перамогі прыхарошвалі яе бліскучым медалём або ордэнам.

— Дом патрабуе жанчыну, а зямля мужчыну. А ў Мястэчку можна жыць і без зямлі. Вось і выжывеш, — разважыла Маруся.

І паехалі.

Мястэчка

Над Мястэчкам заўсёды стаяў цень пушчы і пах жывіцы. Прадмесце выходзіла з дрэў аднапавярховымі домікамі, якія расстаўляліся ўздоўж завулкаў, а крутыя, гравейныя завулкі, склікаючыся ў пары, у тройкі, выбягалі на выкладзеныя камянямі вулачкі. Не даходзячы да цэнтра, брук перадаваў палачку асфальтаваму палатну галоўнай вуліцы, а драўляныя хаткі саступалі месца шматпавярховым бетонным блокам.