Выбрать главу

Па суседству з музеем знаходзіўся Дом партыі. Гэты гмах, які заўсёды зірыў на вуліцу высокімі, чорнымі вокнамі, рабіў уражанне мёртвага, пакінутага самому сабе, і толькі ў першы майскі дзень вокны яго раскрываліся, а вялікі балкон ажываў і запаўняўся гоманам. Мёртвасць была ўсёткі толькі павярхоўнай. За тоўстымі сценамі, за густымі заслонамі, праз якія не прабіцца ані святлу, ані слову, вырашаліся справы куды важнейшыя, чым у магістраце. Менавіта тут, пакуль чалавек рабіўся сапраўдным чалавекам, праходзіў ён своеасаблівы каранцін. Кандыдаты ў кіраўнікі або дырэктары, бы цацачныя салдацікі, доўга круціліся ў тоўстых пальцах сакратароў. Цацкі ўсміхаліся какетлівымі ўсмешкамі, тактоўна пералічвалі заслугі, вышэптвалі ўсе гісторыі свайго жыцця — чыстыя, бы сляза анёла. Дакладна так паводзяць сябе маладыя паненкі, калі створаны ў марах прынц абдорвае іх выпадковай ласкай, і гэтую ласку хочацца ім затрымаць за сабой на ўсё астатняе жыццё. А стомленыя вочы сакратароў, разгледзеўшы дэталёва чалавечыя фігуркі, рабілі баланс усіх “за” і “супраць”, падводзілі рыску і вырашалі — хто застаецца на стале, а хто ідзе пад стол.

У такі свет заехала аднойчы на трох фурманках Сонька Іванюк. На пляц побач з домікам сястры Марусі разгрузіла сваю хатку, а рукі суседзяў і нават зусім незнаёмых людзей, узамен за добрае слова, хутка паднялі яе на фундаменты. Шмат якія местачкоўцы былі тады яшчэ малодшымі за сваё Мястэчка і слова “дзякуй” кружылася з рук у рукі поўнацэннай манетай.

З першага дня ў Мястэчку дзецям пачалі блытацца сцежкі. На пачатку ўсё выглядала нявінна, нават смешна. Малы Антон, адпраўлены ў школу, міжвольна кіраваўся на лес. Высланы ў ларок за хлебам, Коля вяртаўся, сціскаючы ў пальцах жоўты лімон. А наймалодшы, Сашка, зусім забыў дарогу ў даросласць. Праходзілі дні і месяцы, а ён заставаўся ў краіне дзяцінства. Ледзь навучыўшыся хадзіць, пачаў паспяхова набіраць шлях на фабрыку. Абмінаючы чуйны позірк маці, незаўважна вышмыгваў з панадворка. Гравейкамі, маставой, асфальтам дабіраўся да фабрычнай брамы.

— Таксама хачу быць сталяром, — выпінаючы маленькія грудзі, зазіраў у вочы вахцёрам.

— Гадоў праз пятнаццаць, — смяяліся вахцёры. — І не забудзь падрасці!

Аднак Сашка, які ведаў толькі гэтую адну сцежку і забыўся на ўсе астатнія, нават на існаванне часу, з’яўляўся ў фабрычнай браме, не чакаючы прызначаны тэрмін. Прыходзіў праз тыдзень, праз месяц.

— Падрос я? — пытаў. — Хачу быць найбольшым сталяром у Мястэчку.

Але і праз год, і праз два гады нязменна гучаў адказ: “А ні халеры не пнешся ты ўверх. Вось дзіва!”. І Сашка смутнеў. А калі чарговыя пяць гадоў паднялі яго толькі на адзін сантыметр, расплакаўся.

— Не плач! — сказалі вахцёры. — Не можаш быць найбольшым, заставайся найменшым. Найменшых таксама здалёк бачна.

З гэтага дня ў Сашкі завязалася асаблівае сяброўства з кравецкім сантыметрам. Раскладваў яго на поўную даўжыню, прытрымліваў нагой адзін канец, другі працягваў да макаўкі. Працэдура была складаная, а дакладнасць памераў далёкая ад дасканаласці. Аднойчы на касяку кухонных дзвярэй ён паставіў рыску. Падступаў да яе два разы ў дзень — раніцой і вечарам. Прымерваўся, поўны хваляванняў і неспакою, а калі аказвалася, што сёння таксама, нават на волас, не перасякаецца запаветны знак, уздыхаў з палёгкай.

— І чаму ж ты не расцеш? — бедавала Сонька. Варыла зёлкі, шаптала над імі таемныя закляцці, дом насычаўся лясным пахам, а Сашка надалей заставаўся малы. Зёлкі выліваў крадком за парог, а магічныя словы праходзілі міма, не кранаючы яго, бо закляцці спрацоўваюць толькі тады, калі чалавек выходзіць ім насустрач.

Аднойчы, калі Валодзя забыў сваё імя і на сходах чужой хаты прасядзеў да прыцемкаў, пакуль не знялі яго адтуль рукі выпадковых людзей, Сонька спалохалася канчаткова.

— Ну, як цябе завуць? Прыпомні. Гэта ж так звалі твайго бацьку, і твайго дзеда, і дзеда твайго дзеда.

Яна любіла Валодзю мацней за ўсіх сваіх сыноў. Быў найстарэйшы, і ад бацькі, апроч імя, узяў таксама вочы — светласінія, кранутыя здзіўленнем і задумай. Але Валодзя нічога не мог прыпомніць.

— Не ведаю. Не ведаю, хто я.

Менавіта ў той дзень чатыры сыны Сонькі пачулі дзіўную гісторыю.

“Калі ўдарыў гром, расшчапляючы на дзве раўнюткія палавіны тысячагадовае дрэва, пачаўся наш свет. Дрэва, узятае на прыцэл вогненнай куляй, было вышэй за ўсе астатнія дрэвы, і быццам міфічная вавілонская вежа, краналася неба. Гэтае дрэва немагчыма прыпісаць у якуюнебудзь катэгорыю, вядомую сучаснаму чалавеку, бо было яно створанае як першае і апошняе, з адной мэтай — на волю агню. Сухое, жылястае валакно дубіны спляталася там з вальховымі слаямі — ружовымі і сакавітымі. Сталёвашэрую грандыёзнасць граба перабягалі мяккай, алебастравабелай фастрыгай ліпавыя ніткі, задуменная хмурнасць ёлкі хаатычнай асновай перасякалася з ветрагоннай палахлівасцю вярбы. Калі магутны гром пераліўся з аднаго канца пушчы на другі канец і калі развеяўся дым, а прыведзеныя цікавасцю птушкі вярнуліся на суседнія дрэвы, з расшчэпленага пня выйшлі мужчына і жанчына. Мужчыну звалі Валодзем, а жанчыну Сонькай. З іх пачалося нашае Мястэчка і нашая сям’я”.