Джэк Лондан
Берагі Сакрамэнто
Ой вы вейце, ветры, завывайце, ветры ў Каліфорнію. Многа золата там ёсьць, многа золата там ёсьць — у Сакрамэнто! Гэта быў зусім яшчэ маленькі хлопчык, што зычным, пісклівым галаском сьпяваў песьню, якую маракі пяюць па ўсім шырокім сьвеце, калі пакуюць караблі або падымаюць якар, адплываючы ў «Фрыско»-порт[1].
Яго звалі малым Джэры, каб ня зьмешваць са старым Джэры, яго бацькам, які навучыў сына сьпяваць гэтую песьню і перадаў яму, як спадчыну, капу агніста-рыжых валос, жвавыя сінія вочы і бялявы з рабаценьнем твар.
Справа ў тым, што стары Джэры быў некалі матросам, прабыў на моры палавіну свайго веку, і ніколі не разлучаўся з гэтай звонкай песьняй. Але аднаго разу ён здрадзіў свайму караблю і мору і паехаў зірнуць сваімі вачыма на берагі Сакрамэнто.
Ён убачыў там таксама і золата, бо знаншоу работу ў капальні «Залатая Мара» і быў вельмі карысным работнікам у час праводкі вялікіх паветраных кабеляў на вышыні паўтараста мэтраў над вадою.
Пасьля гэтага ён застаўся кіраваць кабелямі, даглядаў іх, пускаў у ход, шанаваў іх і з часам стаў вельмі патрэбным чалавекам на капальні «Залатая Мара». Потым ён ажаніўся на прыгожай Маргарыце Кельлі, але яна неўзабаве памерла і пакінула яму малога Джэры, які ледзь толькі пачынаў хадзіць.
Стары Джэры так і не вярнуўся больш у мора. Ён застаўся ля сваіх кабеляў, аддаючы ім і малому сыну Джэры ўсю шчырасьць свайго сэрца. Калі для «Залатой Мары» надышлі чорныя дні і капальня апусьцела, ён застаўся за вартаўніка ў гэтай усімі пакінутай мясцовасьці.
У гэтую раніцу яго ня відаць было. Відаць быў толькі малы Джэры, які сядзеў на ўсходках хаткі і расьпяваў старую песьню. Ён толькі што зьеў сьнеданьне, якое сам згатаваў, і вышаў пагуляць, каб зірнуць вокам на сьвет.
Праз некалькі крокаў ад яго знаходзіўся сталёвы калаўрот, навокал якога працаваў бесьперапынна кабель. Каля калаўротў стаяла ваганетка для перавозкі руды. Сочачы за шалёным лётам кабеляў на той бераг, ён мог бачыць другі калаўрот кабеляў і другую ваганэтку. Мэханізм працаваў сілаю цяжару — напакаваная ваганэтка пералятала праз раку з прычыны ўласнай вагі і ў той жа час перацягвала назад пустую ваганэтку. Калі напоўненая ваганэтка апаражнялася, пустая напаўнялася новаю рудою.
Пачуўшы крокі, юны Джэры перастаў сьпяваць. 3 ценю хвоек вышаў высокі чалавек у сіняй рубашцы, з вінтоўкаю пад пахай. Гэта быў Хол, — вартаўнік капальняў «Залатога Дракона», кабелі якога пераляталі праз Сакрамэнто на паўкілёмэтра адгэтуль.
— Здароў, хлапчына! — прывітаўся ён да Джэры. — Што ты тут парабляеш адзін?
— Наглядаю за кабелямі.
Джэры пастараўся адказаць спакойна, нібы гэта для яго была самая звычанная работа.
— Бацькі-ж няма, бачыце, — дадаў ён, пачакаўшы.
— А дзе ён падзеўся? — запытаўся той.
— У Сан-Францыско. Пашоў учора ўночы. У яго памёр брат і ён пашоў, каб пабачыць адвокатаў. Ня вернецца раней, як заўтра ўночы.
Так гаварыў Джэры, гаварыў з гордасьцю, ведаючы, які гэта гонар для яго быць аднаму на скалістым беразе і несьці. пэўную адказнасьць, — сачыць за ўладаньнямі «Залатой Мары».
— Добра, трымай толькі сябе як належыць, — сказаў Хол, — і не жартуй з кабелямі. Я пайду і пагляджу, ці ня ўдасца, часамі, падчапіць аленя ў цясьніне «Кульгавай Каровы».
— Дождж, мусіць, будзе, — сказаў паважна, як-бы многа ведаючы ў гэтых справах, Джэры.
— Ну, я не размокну, — засьмяяўся Хол і пашоў далей між дрэваў.
Угадваньне Джэры пра дождж спраўдзілася. У гадзін дзесяць хвойкі пачалі гойдацца і стагнаць, вокны хаткі зарыпалі, падзьмуў моцны вецер і лінуў, як з вядра, дождж.
Пачакаўшы прыблізна з гадзіну, Джэры расклаў агонь і, як толькі прабіла дванаццаць, сеў абедаць.
«Сёньня носа ня выткнеш», падумаў ён, і выняў некалькі талерак ды паставіў іх. Потым ён стаў думаць аб тым, ці вельмі прамок Хол і ці ўдалося яму «падчапіць» аленя. Раптам застукалі дзьверы, і ў хату разам з моцным напорам ветру ўвайшлі жанчына і мужчына. Гэта былі Сьпілены, муж і жонка, фэрмэры, якія жылі за некалькі кілёмэтраў ад ракі.
— Дзе Хол? — адразу-ж запытаўся Сьпілен.
Ён гаварыў борзда і рэзкім голасам. Джэры заўважыў, што ён вельмі непакоіцца, нэрвуе і што жонка яго моцна ўстрывожана.
Яна была худая, вялая, хваравітая жанчына. Вечная цяжкая праца пакінула выразны сьлед на яе твары. Гэта было тое-ж самае жыцьцё і тая-ж работа, якая сагнула плечы яе мужа, зрабіла вузлаватымі яго рукі і пабяліла яго валасы сівымі пасмамі.
— Ён пашоў на палязаньне ў «Кульгавую Карову», — адказаў Джэры;—Вы хочаце пераехаць на другі бок?