— Мае віншаванні, — з нязводным крыўляннем вымавіў ён. — Ну, што? Ты хочаш бачыць Святлану?
— Так. Вы ж абяцалі.
— Я абяцаў. Мая тэрыторыя — мае правілы. Хачу прызначаю, а хачу змяняю, — нахабна заявіў Сулімаў.
Палоска лазернага прыцэла перамясцілася на Казімірчыка. Знайдзёнаў, улавіўшы гэты момант, рэзка скочыў, каб захінуць юнака ад стрэлу. Тады стрэл і прагучаў. Дакладней, гэта быў хлапок. Мількавец ускрыкнула. А вось хлопцы здзіўлена пераглянуліся, і з вуснаў збянтэжанага капітана сарвалася безадраснае пытанне: «Ружжо для пейнтбола?» Арцём зірнуў на спіну настаўніка. Там сапраўды красавала пляма ад фарбы. Баскетбаліст недаўменна паглядзеў на Нікаса. У тое самае імгненне ўвесь падворак асвяціўся ліхтарамі. А прамяні пражэктараў скіраваліся на тую яго частку, якая дагэтуль знаходзілася ў поўнай цемры. Праз секунду уверх паляцелі ракеты феерверку. Дзякуючы святлу, можна было ўбачыць вялікі плакат, які быў прымацаваны над агароджай. На плакаце была фатаграфія Даброўскай, якая іранічна ўсміхалася. Ніжэй красаваў надпіс: «Мая сціплая просьба да цябе: “Кінь мяне раўнаваць, мілы!”». Знайдзёнаў, убачыўшы гэта, стаў гучна смяяцца. Меркаваў, што ўсё зразумеў. «Як жа ж ты не здагадалася першай? Тут жа гісторыя блізкая да тваёй любімай гісторыі са сторублёўкай пачатку ХХ стагоддзя», — усмешліва заўважыў ён аспірантцы. Тая таксама ўсміхнулася і чыста па-сяброўску дала яму лёгкага плескача па плячы. Ён пераняў яе руку і пацягнуў да сябе, каб заключыць у абдымкі. Аксана не дужа супраціўлялася гэтаму. Грамілы паскідвалі маскі і форму, дзякуючы спецыфічнасці якой яны, уласна, граміламі і здаваліся. Сярод іх нечакана аб’явілася і парачка «схваткаўцаў». Казімірчык глядзеў на ўсё гэта з разяўленым ротам і акругленымі вачыма. Ён ніяк не мог зразумець, што адбываецца. На вялікім балконе зайграла жывая музыка. З катэджа выйшла Света ў прыгожай белай сукенцы. Яна ўсміхалася дакладна так, як і на плакаце. Іранічнасці ва ўсмешцы Сулімава было яшчэ больш, а яго твар ззяў прыязнасцю.
— Ты будзеш мяне раўнаваць? — спытала Даброўская ў свайго хлопца.
— Дык гэта ўсё ты сама зладзіла? — спытаў наўзаем ён.
— У нечым сама. У нечым з дапамогай Нікаса. Ён вельмі добры актор. Тваіх сяброў па «Схватцы» пераканалі дапамагчы ўжо тут, — гаварыла дзяўчына, гледзячы яму проста ў вочы. — Але ты не адказаў на маё пытанне.
— Хочаш сказаць, што ўвесь цырк быў разыграны толькі для таго, каб змусіць мяне перастаць раўнаваць?
— Так. Ты ж слепнеш, калі раўнуеш, — не злосна, з роспаччу ў голасе мовіла Света. — Напрыклад, сёння ты мяне тут ужо бачыў. Але варта было мне сказаць, што я — гэта не я, як ты паверыў.
— Ты сапраўды не была падобнай на сябе, — стаў апраўдвацца юнак.
— Так. Быў грым. Праўда, сутнасці гэта не змяняе, — дзяўчына па-ранейшаму не зводзіла вачэй з раўнівага сябра. — Гульня, ці як ты сказаў — цырк, магла б і не адбыцца, калі б ты быў больш уважлівым. Але рэўнасць засціла табе вочы, і гульня мусіла працягнуцца. Ты нават не заўважыў, што па дарозе некалькі разоў бачыў бігборды з маёй фатаграфіяй... Гэты ход з «сацыяльнай рэкламай» прыдумаў Нікас.
— А хто аплаціў? І хто яшчэ быў свядомым удзельнікам тваёй гульні? Ці толькі мяне трымалі за сляпое шчанятка? — спытаў баскетбаліст, не наважваючыся зрабіць адзін крок наперад.
— Аплаціў тата, — тлумачыла Даброўская. — Я падбіла яго на гэта. Ён мог бы мне зрабіць добры падарунак з нагоды заканчэння школы. Але я вырашыла што прыцягненне тваёй увагі для мяне значыць болей. Усе ж астатнія — і Віктар Андрэевіч, і яго нявеста, і Насця з Кацяй не былі ў курсе.
Арцём збянтэжана азірнуўся на пару гісторыкаў і недаверліва ўдакладніў:
— Дык вы жаніх і нявеста?
— Так, — на двуспеў адказалі яны, стоячы ў абдымку.
— Вось бачыш, ты столькі часу сёння прабавіўся ў іх кампаніі, і нічога такога не ўгледзеў, — заўважыла плыўчыха.
— Ды я быў падбіты тваім знікненнем! — з роспаччу прамовіў баскетбаліст. — Мне было не да назіранняў. А ўвогуле, навошта было ўсё гэта ладзіць? Няўжо ты не магла проста ўзяць і паразмаўляць са мной пра гэта? Чаму спатрэбілася цэлая гульня?