Выбрать главу

— О, ды я цябе ведаю! Ты сябар Святланы. Бачыў цябе ў «кантакце». Заходзь не саромейся. Жадаеш сфатаграфавацца?

— Не. Дзякуй. Я хачу забраць Свету і паехаць дадому, — адказаў Казімірчык міжволі азіраючы падворак. У вочы тут жа кінулася фотакамера на штатыве і прыстасаванні для асвятлення. Трохі воддаль у плеценым крэсле сядзела дзяўчына. Казімірчык быў перакананы, што гэта яго сяброўка. Але не мог зразумець, чаму яна ніяк не адрэагавала на яго з’яўленне. Перш, чым Нікас, які расплыўся ў незразумелай баскетбалісту ўсмешцы, паспеў адкрыць рот, Арцём рушыў да дзяўчыны.

— Я разумею, што ў цябе фотасесія, — гаварыў ён, ідучы. — Але ж навошта мабільнік адключаць? Не паверыш, але я за цябе хваляваўся.

— Што? — здзіўлена перапытала тая і засмяялася. — Я не твая сяброўка. Ты пераблытаў.

Яе твар зблізу аказаўся значна менш падобным, чым за секунды перад тым.

— Упс. Памылачка выйшла. Прабачце, — збянтэжыўся Арцём, агаломшаны падабенствам мадэлькі да сваёй каханай.

— Нічога страшнага, — весела выгукнула тая.

Гэтая блытаніна яе яўна пацешыла.

— Святлана была тут, але гадзіны паўтары таму з’ехала, — таксама пасміхаючыся, патлумачыў гаспадар. — Калі хочаш, я магу табе паказаць на камеры здымкі з ёю. Там і час пазначаны.

— Ну, давайце, — усё яшчэ збянтэжана прамармытаў хлопец.

Фатограф наблізіўся да камеры, настроіў яе на патрэбны рэжым і выбраў здымкі.

— Вось глядзі, — звярнуўся ён да госця. — Гэта першы здымак з яе сённяшняй фотасесіі. І вось бачыш час? 15:03. А гэта. — ён трохі пагартаў захаваныя на карце памяці фатаграфіі. — Гэта апошні здымак. І час. 16:20. А сышла яна адсюль без малага а сямнаццатай гадзіне.

Казімірчык яшчэ раз паглядзеў на здымкі ды на час і не ўстрымаўся ад пытання:

— А што гэта за сукенка на ёй? Яна ж да вас у іншай вопратцы паехала.

— Ой, гэта вельмі проста. У мяне тут ёсць касцюмерка. Кожная мадэль пры жаданні можа выбраць сабе той строй, які ўпадабае. Твая дзяўчына ўпадабала якраз гэтую сукенку, — дадаў яснасці Нікас і спачувальна пацікавіўся: — Святлана не адказвае на твае званкі?

Арцёму не хацелася жаліцца фактычна незнаёмаму чалавеку. Таму ён адказаў вельмі коратка:

— Тыпу таго.

Сказаў і зазбіраўся сыходзіць.

— А яна, дарэчы, перад развітаннем камусь званіла, — нечакана паведаміў Сулімаў.

— Каму? — не прамінуў удакладніць хлопец.

— Я не ведаю, — развёў рукамі фатограф. — Але чуў, як яна называла нейкае іспанскае ці італьянскае імя або прозвішча. І абяцала некуды прыехаць, каб управіцца за гадзіну. Ну, так я гэта запомніў.

Казімірчык аж скалануўся ад пачутага.

— Ці не Алівейра? — спытаў ён, узгадаўшы «нікнэйм» настаўніка гісторыі.

— Напэўна. Дакладна я не згадаю, — адказаў Нікас, прабачальна гледзячы на яшчэ больш збянтэжанага юнака.

Арцём паспешліва развітаўся і пакінуў падворак. Яго калаціла ад злосці і неўразумення. У галаве не ўкладвалася тое, што Даброўская магла прызначыць нейкую дадатковую сустрэчу свайму настаўніку. Але ж з таго, што расказаў фатограф, акурат гэта і вынікала. Баскетбаліст ускочыў у маршрутку, якая ехала ў цэнтр. Па дарозе ён яшчэ раз паспрабаваў патэлефанаваць сяброўцы. Гэтым разам не толькі на мабільны, але і на хатні тэлефон. Безвынікова. Едучы ў мікрааўтобусе, кіроўца якога на ўсю гучнасць уключыў песню «Уладзімірскі цэнтрал», хлопец думаў-разважаў, як знайсці Віктара Андрэевіча. Нічога лепшага за тое, каб завітаць у школу, ён не прыдумаў. Так, быў вечар суботы, і верагоднасць таго, што настаўнік затрымаўся на працы, выглядала дужа мізэрнай. Дый калі той сапраўды меў вечаровую сустрэчу са Светай, то шукаць яго менавіта ў школе магло быць цалкам бессэнсоўным заняткам. Але іншай зачэпкі ў хлопца не было.

Казімірчык узбег на школьны ганак і шмыгнуў у вестыбюль. З дзясятак школьнікаў тоўпілася вакол тэніснага стала, уважліва сочачы за гульнёй.

— Малады чалавек, вы куды? — спыталася ў Арцёма жанчына з вахты. — У спартыўную залу ці на харэаграфію?

— Мне б настаўніка гісторыі пабачыць, Віктара Андрэевіча, — не стаў таіць ён.

— Дык Знайдзёнаў ужо сышоў. Спазніліся вы, малады чалавек, — паведаміла тая.

«Дзяўчына прыйшла, і ён паляцеў», — пачуўся за спінай перашэпт малых, які суправаджаўся хіхіканнем. Баскетбаліст рэзка павярнуўся да іх і пацікавіўся, што за дзяўчына завітала да гісторыка. Малыя адно паціснулі плячыма і сказалі, што не ведаюць, працягваючы пры гэтым усміхацца. Іх кароткі дыялог заспеў яшчэ адзін школьнік, які толькі-толькі паспеў зайсці ў вестыбюль.