Альгерд Бахарэвіч
Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры
À Julie
© Бахарэвіч А., 2016
© Цімафеева Ю, вокладка, 2016
© Выдавец Зміцер Колас, 2016
© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Жанр гэтай кнігі, назву якой даў радок Пімена Панчанкі, насамрэч вызначыць даволі складана. “Бэзавы і чорны” – вялікае эсэ пра вобраз Парыжу ў беларускай літаратуры, ад ХІХ стагодзьдзя да нашых дзён. Пры ахвоце яго можна ўспрымаць таксама як гід (а хутчэй, антыгід) па Парыжы для тых, каму цікава зьвязаць прыгожае пісьменства з канкрэтнымі месцамі францускай сталіцы. Часам аповед нагадвае раман, часам – падарожны дзёньнік. Адзін з разьдзелаў кнігі – гэта паўнавартаснае апавяданьне пад назвай “Магіла Нестара Махно”. У гэтай эстэцкай кнізе багата асабістага, балючага, суб’ектыўнага – усяго таго, чым жывіцца літаратура ва ўсе часы, а таксама шмат арыгінальных цытатаў. Сярод аўтараў, творы якіх згаданыя ў “Бэзавым і чорным”: Дунін-Марцінкевіч і Акудовіч, Шамякін і Янка Маўр, Адам Глобус і Кастусь Акула, Хадановіч і Быкаў, Вальжына Морт і Куляшоў… А таксама такія беларускія пісьменьнікі, як Джойс, Кафка, Набокаў і Гайнэ.
1. Шпага. Менск. Імпэрыя
На Раство 1979 году савецкае тэлебачаньне зрабіла народу шыкоўны падарунак – трохсэрыйны фільм “Д’Артаньян і тры мушкетэры”, зьняты знакамітай Адэскай кінастудыяй. Тэлевізія ведала, штó пакласьці пад ялінку лянівым бязбожным падлеткам і іхным працавітым бацькам. Кіно зрабілася культавым – гэткім і застаецца для ўсіх добрых людзей, якія жылі ў імпэрыі зла.
Пакласьці пад ялінку?.. Так, ялінкі ўжо стаялі ў сваіх цесных ганаровых кутах, побач з тэлевізарам і сэрвантам, які таксама ўвесь час нешта паказваў. Маму, тату, наша няхітрае жыцьцё, нашу фамільную парцаляну – і тую самую ялінку. Так, ялінкі даўно стаялі ва ўсіх кватэрах, і на кожнай падрыгвалі і паблісквалі цацкі, як падвескі Ганны Аўстрыйскай. Але што да самога Раства, тут трэба быць асьцярожным. Ні пра якае Раство, а пагатоў заходняе, буржуазна-каталіцкае, у нас тады нават ня згадвалі. У сюжэце і пэрсанажах неверагоднай Каляднай гісторыі пра Збаўцу я разьбяруся толькі гадоў празь дзесяць, а да гэтага буду проста абыякава прапускаць у кніжках словы “Раство”, “Хрыстос”, “пакутнік”, “цуд”. Яны будуць падавацца адзнакамі загранічнага кніжнага стылю: хрэн ведае, да чаго яны і што значаць, але гучыць прыгожа. Галоўнае, каб не заміналі інтрызе.
Ялінкі стаялі і чакалі Новага году. А з экрана прывабна бомкала Адэская кінастудыя, надзімаючы ў душы нейкія дзіўныя ветразі, папярэджваючы, што зараз пачнецца фільм, і калі ты прапусьціш цітры, будзеш сам вінаваты. Напэўна, я быў занадта малы, каб пабачыць прэм’еру – але фільм паўтаралі кожны год, і кожны Новы год мала чым адрозьніваўся ад папярэдняга. Усе ялінкі на адзін твар, як гвардзейцы кардынала. Думаю, упершыню я па-сапраўднаму паглядзеў таго “Д’Артаньяна” ў 1981-м. І адразу пайшоў майстраваць сабе шпагу.
Шпагі былі даўгія, з алюмінію, сьветла-шэрага і гнуткага. Дзе яго бралі, ня памятаю, але шпага была ў кожнага хлопчыка – калі, вядома, ён сапраўдны мужчына і мушкетэр. Дзяржальны, або, па-простаму, ручкі ў шпагаў былі вітыя, мудрагеліста закручаныя, важкія, дужа прыемна было выхопліваць такую шпагу і трымаць у руцэ. У тыя гады ўсе раптам пачалі размаўляць на францускі манер і зьвяртацца адзін да аднаго на “вы”: “Зашчышчайцесь, мэсье” – і выпад, і ўкол у бок, і выцеклыя вочы: па адным-два на кожны раён. Культавы фільм патрабаваў ахвярапрынашэньняў. “Я вызываю вас на дуэль!” – і алюміневы клінок утыкаецца ў паветра, і так хочацца пабачыць чужую кроў, што зусім ня думаеш пра сваю. Паўсюдна зьвінелі алюміневыя дуэлі, забароненыя, але таму яшчэ больш няўрымсьлівыя. Абмяркоўвалі д’Артаньяна – і досыць крытычна: “Ён жа амаль не фэхтуе, ён усіх нагамі і кулакамі мочыць!” Затое перамагае – і гэта быў жалезны аргумэнт нашых алюміневых двубояў. Адмовіцца ад дуэлі азначала прызнаць сябе пераможаным. Страх быў толькі адзін: за сваю зробленую з такой любоўю шпагу. Яе маглі адняць старшаклясьнікі – і зламаць на тваіх вачах, паглуміўшыся над тваім рамантычным выглядам, а то і надаваць табе гэтай шпагай па галаве, проста так, у імя выхаваньня. Але фільм казаў, што перамога зла можа быць толькі часовай. Напэўна, Рональд Рэйган думаў пра імпэрыю, дзе мы жылі, тое самае. Ён меў рацыю, а мы – свае сьмешныя шпагі. Ён меў жуйку, а мы сьпявалі пра “черный пруд, где ліліі цветут”, хаця чым ліліі адрозьніваюцца ад рамонкаў, а “пруд” ад басэйна, уяўлялі сабе досыць цьмяна.