Выбрать главу

Рэўнасьць заўжды беспадстаўная – і таму мае сэнс. Яна – вуглякіслы газ каханьня. Яе трэба выдыхаць зь сябе, вось і ўсё. Але безь яе каханьне задыхнецца. Рэўнасьць – прага валодаць ня рэччу, але чалавекам; не чалавекам як рэччу, а чалавекам як чалавекам, прага стаць ім, жыць ягоным жыцьцём, увесь час перамешваючы яго са сваім, каб урэшце ты сам ня мог разабрацца, дзе чыё. Прага валодаць ім з усім ягоным мінулым і будучым. Я пэўны, што Божая Маці раўнавала сваё дзіця – з таго самага моманту, як адчула, што яно ёй не належыць. Што яе скарысталі як сурагатную маці суворыя мужчыны, што вырашылі ўратаваць чалавецтва. Рэўнасьць наогул – самае чалавечае з пачуцьцяў.

За мостам – Нотр-Дам, за рогам – Shakespeare and Company, нашая ўлюбёная парыская кнігарня. Гэта першая паездка ў Парыж, якую прыдумала ты: танны гатэль недалёка ад Паўночнага вакзалу, тры дні рэўнасьці, любові і сьмерці. Бо не марнавалі час на парыскую папсу, на паляндвічку парыскіх славутасьцяў. Кнігарні, арабы, вакзал, скульптуры, якія караскаюцца па Нотр-Даме, і Пэр-Ляшэз, на якім мы прабавілі паўдня – такім запомніўся нам Парыж той зімы. Быццам пабачаны студзеньскай раніцай скрозь жалюзі гатэльнага вакна.

І вось мы прыехалі сюды яшчэ раз.

Кнігі, могілкі, кебабы, адрэналін. І яшчэ рэўнасьць. А чаго я уласна кажучы, хацеў? Ідыліі?

Ідыліі зь сялянкай? Але сялянка зь цябе кепская – у адрозьненьне ад парыжанкі. А “Ідылія” – гэта наогул такі дурнаваты вадэвільчык, які напісаў Дунін-Марцінкевіч у 1846 годзе. Праўда, галоўную гераіню там завуць Юлія. Julie. Як і цябе. Праўда і тое, што мазгоў у яе мала і ў Парыж яна ніколі ня езьдзіла – і таму можа сыграць толькі сябе. А ты можаш быць і Ю., і Julie, і нават любой з тых хімэраў, што пырхаюць па саборы божай маці і сьмяюцца: з нас, з гораду, з турыстаў, з рэўнасьці і ўсіх чалавечых жарсьцяў. І з Дуніна-Марцінкевіча, суцяшаю я сябе з гнюснай усьмешкай. Я і сам – хімэра, і ўсе мае кнігі. Мая мова – хімэра, і краіна, адкуль мы прыехалі, таксама хімэра. Я адчуваю з гэтымі сымпатычнымі скульптурамі такую роднасьць, быццам трапіў нарэшце дамоў.

3. Марцінкевіч. Ідылія. Здрада

Парыжу ў п’есе “Ідылія” сапраўды хапае – хоць яе героя, пана Караля Лятальскага, мы засьпяваем хутчэй у стане своеасаблівага постпарыскага сындрому. Ён пражыў у францускай сталіцы шмат гадоў – разам са сваім слугой Янам, якога, пэўне, кліча Жанам, але Марцінкевіч пра гэта маўчыць. І вось абставіны склаліся так, што пан Лятальскі вымушаны вярнуцца на радзіму, у свой беларускі маёнтак. Ведаем мы гэтыя абставіны: мабыць, залез у пазыкі наш панок – у тыя часы зьмяніць месца жыхарства было найлепшым спосабам пазбавіцца ад крэдытораў. Зьбіраючыся на радзіму, натхнёны францускім лібэралізмам пан дасылае камісару маёнтку ліст: трэба запытацца ў мужыкоў, якія ў каго скаргі – пан прыедзе і разьбярэцца. Дзіўнаватае рашэньне для чалавека, у пагардзе якога да простага люду аўтар так наіўна і палка пераконвае нас ледзьве не ад першай старонкі. Ну, але такі ён, панскі капрыз…

У маёнтку пачынаюцца вадэвільныя інтрыгі, а пан Лятальскі са слугою тым часам нарэшце прыбываюць на радзіму продкаў і зь цікавасьцю прыглядаюцца да навакольных мясьцінаў. Здаецца, слугу пабачанае прыводзіць у яшчэ большы жах, чым пана – і Жан пачынае ўгаворваць гаспадара вярнуцца ў мілую сэрцу Францыю:

“Уцякайма да нашага неба, да ўлюбёнага нашага Парыжу!”

Такая фраза вырываецца ў Жана пасьля таго, як ён пабачыў мясцовую карчму: “Вокны чуць відаць з гразішчы… Брудны выгляд у шынкаркі… Жыжка на стол сьцякае…Селянін ляжыць пад лаўкай, п’яны, рваны, нерухавы… “

Проста “Ле флёр дзю маль” нейкія:

“Яго жонка, чуць жывая,Дзіця ядам з грудзі пое,Вось абраз галытні тое”.

А ў Францыі, а ў Францыі… “Кожная аўстэрыя як палац, чалавек у іх – як у раі, віна – па вушы!” – горача і горка шэпча Жан. Як і кожны слуга, ён лічыць, што “чалавек мусіць перадусім жраць, да!” (прывет Парыжу з набокаўскага Бэрліну). Чалавеку мусіць быць цёпла і сытна, і па галаве яго мусяць біць толькі раз на тыдзень, не часьцей – вось базавыя каштоўнасьці, на якіх трымаецца гэты рай. Жан шчыра ня можа даўмецца: чаму яго цягнуць сюды, назад, з раю ў пекла?