Выбрать главу

І яшчэ пра газэту – па-газэтнаму:

“Транспарт «Беларускіх Навінаў» з Парыжу дастаўляўся ў Рым, адтуль беларусы-вайскоўцы развозілі іх па аддзелах. Намагаліся абмінаць «двойку» й вайсковую пошту. Карысталіся цывільнымі адрасамі прыязных італьянцаў. Якая-ж велізарная была радасьць атрымаць сьвежую беларускую газэту, асабліва для тых, хто, прайшоўшы празь Сібір і бальшавіцкае пекла, ня мелі нагоды чытаць па-беларуску ад 1939-га году”.

Гэта раман, які ўражвае сваім непаўторным стылем:

“Патрэба беларускай арганізацыі адчувалася вельмі пякуча. Гэткім чынам ізноў пачыналася ад нітак сувязі, супольнага кантакту. Цэнтры пры 5-й і 3-й дывізіях былі ўтрымаліся, хаця ня мелі сувязі міжсобку. Адшукацца дапамог старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі інжынер Мікола Абрамчык і рэдакцыя «Беларускіх Навін» з Парыжу. Пры іхняй дапамозе беларусы зьвязаліся ня толькі міжсобку, але і з саюзам украінцаў Вялікай Брытаніі, управа якога добразычліва аднеслася да ініцыятараў праектаванай першай беларускай арганізацыі ў Ангельшчыне”.

Але гэта раман – дарослы жанр і суворая форма. У межах іншых жанраў эмігранцкія пісьменьнікі пачуваліся больш нязмушана… Напрыклад, у альбомных запісах.

“У маім архіве ёсьць унікальны рукапісны зборнік-альбом з упісанымі ў яго запаветамі для моладзі ад беларускіх дзеячоў на эміграцыі, а таксама ад старэйшых сяброў, – піша Янка Запруднік. – У зьмешчаных ніжэй запаветах – шмат заклікаў і самых узьнёслых словаў ад старэйшых да моладзі. Выказаныя больш за паўстагодзьдзя таму, словы гэтыя, гэтыя спадзяваньні, пахвала й маленьне, гучаць сёньня гэтак жа актуальна, як і тады, калі яны пісаліся. Яны адрасаваныя маладому пакаленьню як такому, незалежна ад гістарычнага пэрыяду ці месца знаходжаньня. Маральны абавязак сёньняшніх маладых беларусаў азнаёміцца з гэтымі запаветамі, удумацца ў іх ды знайсьці ім месца ў сваім арсэнале прынцыпаў і пастулятаў, у сваім сьветаглядзе”.

Дзякуючы Янку Запрудніку можна пазнаёміцца з тым, пра што думалася ў Парыжы беларускім эмігрантам. Бо тут ёсьць запісы, зробленыя ў Сталіцы сьвету – няшмат, але ёсьць.

“Між усіх скарбаў сьвету найбольшым ёсьць: мець чыстае сумленьне аб выкананым абавязку адносна Бога, Бацькаўшчыны і сваіх Бліжніх. Гэткая сьведамасьць дае непераможную моц людзкому духу і тую радасную яснасьць, якая ўжо тут на зямлі можа зрабіць чалавека шчасьлівым”.

Гэткі запіс пакінуў айцец Леў Гарошка ў Парыжы 2 ліпеня 1950 году. Цяжка чалавеку выбраць паміж вандроўным богам і тым, якога пішуць зь вялікай літары. Цяжка – але, як сьведчыць гісторыя беларускай эміграцыі, можна. Наступны запіс нечым нагадвае вершы Бураўкіна пра тое, што сьпяваць можна толькі пра радзіму – а пра што іншае хай у цябе язык адсохне. Ну, і славутае: як жыць – дык жыць для Беларусі, а безь яе зусім ня жыць.

“Памерці, каб жыла Бацькаўшчына – з гэткімі словамі Случчакі пайшлі ў змаганьне.

Гэта было ў часы Адраджэньня Беларускае Дзяржавы, і маладая Беларуская Народная Рэспубліка чакала гэткай ахвярнасьці.

А цяпер, калі завіруха параскідала Вас па розных куткох сьвету, змаганьне – каб жыла Бацькаўшчына – мусіць стацца лучнікам.

Жыве БНР!

Лявон Рыдлеўскі Парыж, 6 жнівеня 1950”.

Ніна Раса, якая ўжо згадвалася ў гэтай кнізе, пакінула верш, у якім вельмі цікавы апошні радок – пра таямнічыя Юнацкія Сьцягі, якія займаюцца кавальскай справай. Прадукцыя, якую яны вырабляюць на сваім кавадле – сны, так вынікае зь верша. Што за сны? Тыя самыя “сны на чужыне”, пра якія пісаў Янка Юхнавец? Калі так, дык робіцца крыху вусьцішна: сюррэалістычныя сны Юхнаўца асабіста ў мяне ніяк не асацыююцца з будучыняй, верай і сілай. Хутчэй з кашмарамі Ёнэско. Але вера ў збаўленьне ў Ніны Расы і праўда моцная:

“Мы знаем: дарогай астанецца шмат,якім у змаганьні адвагі не хапіла…Але тыя, што дойдуць да родных хат,Ёсьць нашай Будучыняй, Верай, Сілай!Бо ўжо так блізкі час збаўленьня!Народ і Край разарвуць ланцугі!Явай стане сон наш – лятуценьне…Нам выкуюць яго Юнацкія Сьцягі!