Цікава, апраўданьнем чаго можна назваць гэты верш? Сну і летуценьня – здаецца, так. Прыгожага сну і вечнага беларускага летуценьня.
Парыжанін Уладзімір Шыманец 8 жніўня 1950 году пакідае ў альбоме верш Багдановіча:
А ўсяго праз два дні Івонка Шыманец малюе ў альбоме ружу і падпісвае:
“Хай заўсёды ў вашых летуценьнях будзе кветкай Беларусь”.
Хай так і будзе. Лепш кветкі, чым помнікі. Лепш ружы, чым “раждзественскія паздраўленія”. Лепш выгнаньне, чым вырак. Лепш альбомныя вершыкі, чым шматтомныя зборы твораў, зь якіх толькі і можна даведацца, што сьвет складаецца зь Беларусі, а ўсё астатняе – нячыстай вады фікцыя, прыдуманая чужынцамі, каб замутніць наш здаровы, крынічны народны дух і крэпкі сялянскі розум.
32. Гайнэ. Бульба. Немцы
Гайнрых Гайнэ, нямецкі яўрэйскі паэт-выгнаньнік, які знайшоў прытулак у Парыжы, дзе і памёр, у сваім памфлеце “Рамантычная школа” піша пра розьніцу паміж немцамі і французамі:
“Нам быў прадпісаны патрыятызм, і мы зрабіліся патрыётамі, бо робім тое, што нам загадваюць нашыя ўладары. Пад гэтым патрыятызмам, аднак, ня трэба разумець пачуцьцё, якое мае такое самае мяно тут, у Францыі. Патрыятызм француза ў тым, што сэрца ягонае саграецца, пашырацца, раскрываецца… Патрыятызм немца, наадварот, у тым, што сэрца ягонае звужаецца, сьцягваецца, як скура на марозе, ён пачынае ненавідзець усё чужаземнае, ён ужо ня хоча быць грамадзянінам сьвету, эўрапейцам, а хоча быць толькі абмежаваным немцам…”
Гайнэ, як вядома, пісаў па-нямецку пра Францыю і па-француску пра Нямеччыну – ён будаваў масты. Па-беларуску для беларусаў пра чужыя краіны амаль ня пішуць – навошта? Што нам, свайго мала? Нашто наогул “сьпяваць”, калі пяеш не пра радзіму? Ёсьць тут нешта ад праславутага “па-беларуску нельга выказаць нічога вялікага”. Нейкае прызнаньне сваёй непаўнавартасьці. Нейкая сьцятасьць зьмерзлага сэрца. Калі б Гайнэ жыў у Беларусі ў нашыя дні, яго б абазвалі жыдоўскай сволаччу, касмапалітам і хунвэйбінам, і білі б па руках, каб не кранаў нашае сьвятое мовы. Зрэшты, з маладым Гайнэ адбылася вельмі беларуская гісторыя. Пасьля выхаду ягонай кніжкі пра Людвіга Бёрдэ, дзе ён непаважліва адгукнуўся пра ідала здаровых нацыянальных сілаў, нямецкія нацыяналісты праклялі паэта: як можна ў цяжкі для радзімы час плявузгаць на клясыкаў?
Беларускай літаратуры бракуе вось такіх эмігрантаў – крытычных да сябе і сваёй радзімы, гатовых наводзіць масты паміж рознымі сьветамі, адукаваных і заўжды дасьціпных: бяз пошласьці і фіглярства.
Думкі і афарызмы, якія пакінуў па сабе выгнаньнік Гайнэ – гэта проста нейкі фэервэрк саркастычных назіраньняў. Над сабой, немцамі, французамі, мовамі, рэлігіяй, літаратурай… Што з таго, што нямецкія патрыёты ненавідзелі Гайнэ. А ён любіў Нямеччыну так, што прызнаваўся ў любові і вернасьці нават да нямецкіх котак і сабак… І пры гэтым заўважаў:
“Лютэр узрушыў Нямеччыну. Але Фрэнсіс Дрэйк яе зноў супакоіў: ён даў нам бульбу”.
Бліскучую фразу Гайнэ пра сваіх суайчыньнікаў зразумее і ацэніць кожны эмігрант:
“Місія немцаў у Парыжы – усьцерагчы мяне ад тугі па радзіме”.
Суайчыньнікі за мяжой – для беларуса гэта асобная тэма, вартая некалькіх літраў атруты. Некалі ў Гамбургу адна вельмі адукаваная кабета зь Менску даводзіла зьдзіўленым немцам, што ніякай беларускай мовы, а тым больш беларускай літаратуры не існуе, таму беларускі пісьменьнік, якога перакладаюць на нямецкую – гэта ня больш чым выдумка. Яна вельмі нагадвала менскіх акадэмікаў-літаратуразнаўцаў, якія і сёньня перакананыя, што беларускага постмадэрнізму не існуе. Не існуе і ўсё тут. І фэмінізму не існуе, і нацыяналізму, і постструктуралізму, і ніколі не існавала, і не магло існаваць. Мы не такія! Іншыя суайчыньнікі кажуць за мяжой, што яны расейцы – так прасьцей патлумачыць, хто ты такі. За беларусаў за мяжой часта бывае сорамна – калі яны адкрываюць рот. Беларусь жыве ў часы Гайнэ і пачуваецца шчасьлівай. Ёсьць, праўда, і пазытыўны вобраз: беларус за мяжой рэдка дэманструе хамства і тупасьць – ён дысцыплінаваны, ціхмяны і непрыкметны. Калі яго ня блытаюць з расейцам – ён не выклікае нараканьняў: ні ў гатэлях, ні ў самалётах, ні ў публічных месцах. Ні ў Вільні, ні ў Бэрліне, ні ў Парыжы…