Пра Парыж Гайнэ пісаў шмат і з задавальненьнем. Парыж у яго – гэта букет, які красуецца на грудзях Эўропы. І наогул:
“Францыя – гэта Парыж. Што думае правінцыя – гэтаксама важна, як тое, што думаюць нашыя ногі”.
Ён умее любіць горад, у якім жыве:
“Калі богу на небе сумна, ён адчыняе акно і глядзіць на парыскія бульвары”.
Але ўмее і жартаваць зь яго:
“Калі б у Парыжы і праўда жылі прывіды, дык я пэўны, што яны б зьбіраліся ў гурткі, ладзілі б балі мерцьвякоў, заснавалі б кавярню мерцьвякоў, парыскі агляд мерцьвякоў, зьявіліся б вечарыны мерцьвякоў. Тут, у Парыжы, мерцьвякі забаўляліся б больш, чым у нас забаўляюцца жывыя”.
І зноў антынямецкі выпад:
“Адна дзяўчына вырашыла: “Гэта, мабыць, вельмі багаты пан, калі ён такі непрыгожы”. Публіка разважае падобным чынам: “Гэта, відаць, вельмі вучоны чалавек, калі ён такі нудны”. Адсюль посьпех шмат якіх немцаў у Парыжы”.
Некаторыя пасажы Гайнэ можна было б браць у якасьці гатовых эпіграфаў для гэтай кнігі. Асабліва гэты:
“Гісторыя літаратуры – гэта вялікі морг, дзе кожны шукае нябожчыкаў, якіх любіць або зь якімі мае сваяцкую сувязь”.
Або гэты:
“Мая жонка мела абсалютную рацыю, калі сярдзіта сказала некаму, хто хваліў мяне за розум: ён толькі прыкідваецца такім разумным”
Калі я задаю сабе пытаньне, чаму ў гэтай кнізе так мала жанчын (няўжо беларускія літаратаркі настолькі мала пісалі пра Парыж?) – Гайнэ зноў тут як тут са сваім нечакана сьвежым для чалавека ХІХ стагодзьдзя выслоўем:
“Гісторыю робяць жанчыны, а яна запамінае толькі імёны мужчын”.
Гайнэ падаецца настолькі актуальным і настолькі прыдатным да беларускай сытуацыі, што гэта ўспрымаецца як яснае пацьверджаньне: дзевятнаццатае стагодзьдзе ў Беларусі яшчэ ня скончылася.
Не Талстых і не ціхадонных эпапэяў чакаеш ад эмігранцкай літаратуры. Чакаеш іранічных і тонкіх майстроў, выгнаньнікаў і скептыкаў, якія пабачылі сьвет і расказалі нам пра яго – а не паклалі ў дамавіну сваёй любові да роднай старонкі.
Гайнэ памёр у 1856 і пахаваны на могілках Манмартр. У год сьмерці Гайнэ ў Беларусі нарадзіўся тэрарыст Ігнат Грынявіцкі, а ў Чэхіі – Зыгмунд Фройд. Кастусь Каліноўскі паступіў ва ўнівэрсытэт, Альгерд Абуховіч вучыцца ў Жэнэве ў прыватным пансіёне. Усходні парыскі вакзал ужо стаяў там, дзе стаіць цяпер. Незадоўга да сьмерці Гайнэ запісвае: “Польшча насамрэч знаходзіцца паміж Расеяй… і Францыяй”. І гэта можна лічыць прыхаваным, прывідным мостам паміж намі і гэтым дзіўным, амаль што беларускім паэтам, у якога ніколі не было барады.
33. Неба. Зямля. Глобус
“Калі зірнуць на плян Парыжу, можна ўбачыць зорку”. Так пачынаецца эсэ пісьменьніка і мастака Адама Глобуса, які пабываў у нашым горадзе-героі і напісаў па сьлядах свайго падарожжа эсэ “Празрысты Парыж” (2001).
Можна ўбачыць зорку, а можна і сьлімака, піша далей Глобус. Зорку бачылі рознага кшталту рэвалюцыянэры. А прагматыкi i кансэрватары “падпарадкоўвалiся плянаваму сьлiмаку. Яны жылi памяркоўна, з разьлiкам на будучае, з выверанымi праектамi, будавалi i надбудоўвалi, прыбудоўвалi i прыкуплялi да прыбудаванага, зьбiралi i дадавалi да сабранага, цярпелi ад рэвалюцыянэраў, але знаходзiлi сiлы накiнуць пятлю на горла распуснай рэвалюцыi i задушыць цыцкастую свабоду, каб зноў працягваць маруднае, кайфовае, салодкае дадаваньне да назапашанага”.
Ні той, ні другі Парыж Адама Глобуса не натхняе. Ягоны Парыж – “іншы, лёгка-празрысты, як цыгарэтны дым”.
Дым і ёсьць дым. З дымам звычайна не цырымоняцца. Курцу ён патрэбны, як паветра, але і адганяюць яго звычайна, як надакучлівую муху – махаюць рукой і адчыняюць акно. Глобус у сваім эсэ бязьлітасны і велікадушны адначасова. Усё, што трапляе ў вока – трапляе і на паперу: выходзіць крытычна, учэпіста, дакладна і бескампрамісна. І вельмі асабіста – за гэта я вельмі люблю эсэ як жанр: строгіх межаў няма, ніхто не кантралюе, але і сябе не падманеш.
Глобус з Парыжам на роўных – а як інакш? Калі чытаеш “Празрысты Парыж”, адчуваецца, што аўтару было важна застацца ў Парыжы самім сабой, не паддацца Вялікай Парыскай ілюзіі, захаваць дыстанцыю. Ён не хваліць прыехаў і захапляцца, а зразумець і адчуць. У выніку Парыж і праўда атрымаўся празрысты: у тым сэнсе, што аўтар ідзе скрозь яго, а не па ім. Ідзе, ужо ўсьвядоміўшы, што гэта не ягоны горад. Заўважаючы тое, што іншыя ня хочуць, што прапусьцілі ў пагоні за славутасьцямі. Намагаючыся пабачыць усё на свае вочы, а не на чужыя. А вочы бачаць, што хочуць.
З Глобусам заўжды цікава размаўляць, яго кожнага разу цікава чытаць і слухаць. Мне падабаецца ягоная нязьменна кароткая проза, яго злосьць і яго жывапіс. Падабаецца мо яшчэ і таму, што з Глобусам ніколі ня мусіш рабіць нічога лішняга і нуднага: зь ім ня трэба піць да непрытомнасьці гарэлку, курыць, скардзіцца на лёс, пляткарыць, хадзіць у госьці, выконваць нейкія рытуалы – карацей, усё тое, што даводзіцца рабіць звычайнаму беларускаму літаратару ў пошуках занятку. Зь ім проста гаворыш, слухаеш, п’еш каву, думаеш, усьміхаешся і разьвітваешся. Больш мне ад людзей нічога ня трэба.