Выбрать главу

36. Зіма. Шупа. Тамтэй

Мяркую, той храм сьвятога Сергія, апісаны Хадановічам, прыйшоўся б да спадобы нашаму сябру Сяргею Шупу.

І, магчыма, нагадаў бы яму Ерусалім, пра які Сяргей умее расказаць так, што любы пісьменьнік пазайздросьціў бы.

Сяргей наогул разумее і адчувае гарады, нібы людзей, а пабачыў ён і тых і другіх на сваім вяку нямала. Ёсьць гарады бясспрэчна ягоныя. Напрыклад, Менск, Вільня, Прага. Ці той самы Ерусалім. Або зусім неверагодныя, такія, як Александрыя. Мне нават часам сьмешна робіцца, калі нехта спрабуе пра іх разважаць пасьля Шупы. Так, як ён, пра іх ня скажа ніхто. І гэта “віна” Сяргея, што і я спрабую гаварыць пра гарады – быццам пра жывых і мёртвых людзей. Добра, што гарадоў на сьвеце шмат… Мае: Менск ды Гамбург. І вось яшчэ цяпер ён: Парыж… Дашлю Сяргею гэтую кніжку, цікава, што ён скажа.

Рознагалосьсе моваў і культураў, уся вялікая лабалабалабала сьвету – Сяргеева стыхія. Як і радыё. Радыё наогул – адна з выдатных мэтафараў разнастайнасьці: хвалі, галасы, “галасы”, гаворкі, нябачныя хованкі шуму… Таго Вялікага Музычнага Шуму, пачуць і расшыфраваць які – найвялікшая асалода.

Тое, што мы сустрэліся тут, у Сталіцы сьвету – адзін з тых цудаў, у якія пачынаеш верыць, толькі калі яны ўжо адбыліся.

І вось мы ідзем усе разам па парыскіх бульварах у Нашую Ўлюбёную Кнігарню. Сяргей і Вэсна, і мы з табой – і нас увесь час абганяе звычайны парыскі дзень на сваім матаролеры. У Парыжы сонечна і крыху трывожна, і не хапае ні часу, ні ходніка, каб мы маглі паразмаўляць пра ўсё, пра што хацелі. Мы бачымся зь Сяргеем і Вэснай раз на год, то ў Празе, то ў Бэрліне, то ў якім-небудзь anderswo, мы яшчэ ня ведаем, што пабачымся сёлета яшчэ раз, у Менску – Сяргеевым (і маім) родным горадзе, але гэтым разам перад намі Парыж, і амаль чатыры дні размоваў, і я ня ведаю, з чаго пачаць. І мне проста добра, што яны з Вэснай прыехалі. Што побач ідзе мой сябар і Рэдактар, у якога ёсьць свой Парыж. І вось нашыя Парыжы перасекліся – быццам мы проста сустрэліся на менскім праспэкце. Эўропа меншая і ўтульнейшая, чым прынята лічыць.

Сяргей упершыню пабываў тут у 1981. Вялікая дэлегацыя студэнтаў-чацьверакурсьнікаў зь менскага ін’язу выправілася ў Францыю – так ён і трапіў у Сталіцу сьвету. Зрэшты, мэтай паездкі быў зусім не Парыж, а Грэнобль, але на Парыж атрымалася паглядзець таксама. У складзе дэлегацыі быў абавязковы “дзядзечка”, які мусіў пільнаваць палітычную добранадзейнасьць выпушчаных у вольны сьвет студэнтаў, але, паводле Сяргея, іхны “наглядчык” сваёй працаю ня надта пераймаўся: яго больш цікавілі францускія крамы з музычнай апаратурай.

1981 – цябе яшчэ няма на сьвеце, мая Ю., а я сканчаю з дыплёмам дзіцячы садок. А наш Шупа ў гэты час ходзіць па Парыжы… У такія моманты адчуваеш розьніцу – і ня толькі ва ўзросьце, а найперш у досьведзе. Бо адна рэч: нарадзіцца ў СССР, а іншая – мець магчымасьць азірнуцца на яго з Парыжу. Перажыць гэты касьмічны кантраст на сваёй уласнай скуры.

Я спрабую ўявіць сабе, якім Сяргей Шупа пабачыў Парыж часоў “жалезнай заслоны”.

Яркім. Горадам, які мае сваё “я” і цэніць “я” іншых. Горадам штучнага сьвятла, якое робіцца жывым у кожным агні ліхтара, у кожным водбліску вітрыны. Горадам, які агаломшвае, б’е па галаве.

Спакушальным і, вядома, эратычным. Бо хіба ён не падаўся такім дваццацігадоваму студэнту?

Горадам, які гаворыць з табой знаёмай табе мовай – і мёртвая мова менскіх ін’язаўскіх аўдыторый ажывае проста ў табе.

Горадам кніг – прачытаных і тых, што яшчэ прачытаюцца, перакладуцца, прыйдуцца да душы і расчаруюць.

Сталіцай сьвету. Калі паміж ёй і сталіцай РБ існуе нейкі нябачны мост – Сяргея можна назваць адным зь ягоных самых руплівых будаўнікоў. З гэтага моста можна пабачыць такія рэкі, якія зьменяць жыцьцё – калі, вядома, ты ўмееш чытаць.

Перачытваю Сяргеевы пераклады – а пераклаў ён багата і з розных моваў. Віяна, Борхеса і Орўэла па-беларуску я чытаў яшчэ да нашага зь ім знаёмства, а потым будзе ж фантастычна цікавы Ергавіч, якога Сяргей фактычна адкрыў беларускаму чытачу. Нячаста бывае, каб файныя аўтары трапілі да беларусаў без усялякай братняй дапамогі з Усходу… Сяргей перакладаў По і Павіча, Мілаша і Мэрымэ, Керэта і Тугласа (у нас дагэтуль малавядомага).

І Мапасана, апавяданьні якога па-беларуску дзякуючы Шупу прымусілі мяне ў свой час палюбіць гэтага старамоднага, напаўзабытага “Гі дэ” і адкрыць яго для сябе наноў. Хто цяпер чытае Мапасана? Я. Сяджу, чытаю – і мне робіцца па-сапраўднаму страшна: магічны лёд літаратуры сьціскае сэрца, а значыць, і гэты цуд адбыўся. Чытаць – значыць паміраць.