Выбрать главу
* * *

Мы выходзім да Цэнтру Пампіду – і Сяргей расказвае, як, расьсеўшыся на мяккіх дыванах падлогі між бібліятэчных паліц, чытаў тут з прыяцелямі ў пачатку васьмідзясятых слоўнік Флегона. Савецкія студэнты, якія чытаюць у Парыжы забароненую антысавецкую кніжку – і адзін зь іх зробіцца знакамітым беларускім перакладчыкам. Чамусьці гэты Сяргееў успамін не выходзіць у мяне з галавы. Можа, таму, што месца нікуды не падзелася, вось ён, Цэнтр Пампіду, у 1981-м яшчэ новабуд, пачвара, якая прыцягвае і абурае. Вось галубы, нашчадкі тых, якія шыхтаваліся тут ў тыя дні. А вось і сам Сяргей. Паміж Цэнтрам і ім – дзесяць мэтраў і трыццаць пяць гадоў, сотні людзей і тысячы кніг. І той слоўнік Флегона вытыркаецца зь іхнага шэрагу, недарэчны, але не забыты…

Тут, напэўна, трэба сказаць некалькі словаў пра тое, што за слоўнік. Алег Флягонт (1924–2003), які ў эміграцыі ўзяў імя Алек Флегон, быў сынам беларуса і румынкі. Жыў у Бухарэсьце У 60-я ён уцёк з Румыніі ў вольны сьвет, пасяліўся ў Лёндане і выдаваў там расейскую літаратуру. У 1979 у ягоным выдавецтве выйшла скандальная кніжка “За пределами русских словарей: дополнительные слова и значения с цитатами Ленина, Хрущева, Есенина, Сталина, Баркова, Пушкина, Маяковского, Вознесенского, Лермонтова, Солженицына и др.” Слоўнік Флегона – ня проста слоўнік мату, гэта калекцыя нецэнзурных выразаў і твораў розных знакамітых расейцаў. У 1981 у СССР за такі скарб маглі і пасадзіць. Пра такую кніжку марыў кожны філёляг. Я б такую пачытаў і сёньня – а лепш яе беларускі адпаведнік.

У наступным годзе, вяртаючыся з Грэноблю, студэнт менскага ін’язу Сяргей Шупа зноў апынецца ў Парыжы. Але гэта будзе ўжо іншая гісторыя і зусім іншая кніжка будзе яе ілюстраваць. “Новы запавет і псальмы” Хэльсынкскага выданьня. Пра такую і цяпер марыць кожны, хто хоць як-кольвeчы зьвязаны зь беларускім словам. Сяргей расказвае пра свае пакуты: купіць яе было можна, праблема палягала ў тым, як прывезьці дамоў? Любы савецкі мытнік канфіскаваў бы яе не раздумваючы: увоз рэлігійнай літаратуры ў імпэрыю быў забаронены. Адарваць вокладку? Разарваць на кавалкі і парассоўваць па розных месцах? Схаваць да лепшых часоў і забраць, калі ўпадзе жалезная заслона? На жаль, часу на тое, каб нешта прыдумаць, не было. Дый што ты там прыдумаеш…

Увечары мы зьбіраемся ў нашай студыі на невялічкае баляваньне. Мы з табой, Сяргей і Вэсна, Алена Лапатнёва, Віржыні Шыманец… На стале віно і сыр, салата, паштэты і багеты, усе дары парыскіх крамаў. Зь цёмных вокнаў на нас глядзяць Лёся і Лёччык, сур’ёзныя, не зусім дзіцячыя твары. Мы гаворым пра Віяна і Мапасана, Быкава і беларускую дыяспару, Аліндарку і шаўкапрадаў. Сяргею і Віржыні ёсьць пра што ўспомніць, я слухаю іх зь лёгкай зайздрасьцю і разумею, што гэта ім варта было б напісаць кніжкі пра свае беларускія Парыжы і парыскую Беларусь. Тое, што пішу я – толькі нейкія цені, якія я пасьпешліва налавіў у чужых тэкстах. За кожным парыскім успамінам – новы чалавек, за кожным прозьвішчам – лёс, за кожным рабскім, бяздарным радком – нечы Тамтэй. А за кожным маім парыскім словам – усяго толькі я сам. Хто мы тут з табой, мая Ю.? Проста двое чужынцаў, якія сьпяшаюцца набраць у свае торбы як мага больш уражаньняў, сьпяшаюцца, каб потым увесь год увасабляць іх у словы. У канцы сакавіка ты скажаш мне, што гэтая парыская зіма была, як сон: ня верыцца, што Парыж быў з намі насамрэч.

Але ён быў. Інакш адкуль тады гэтая туга? Адкуль гэтая зусім незнаёмая нам раней пэрспэктыва? Таму я пішу далей сваю кнігу – мне падабаецца лавіць гэтыя цені, і няхай нешта важнае высьлізьне пры гэтым з рук, няхай, у мяне няма сілаў вычэрпваць яго наноў. Пасьля Парыжу нічога ўжо ня будзе так, як раней. І гэта расплата за тое, што ты дабраўся да самага сэрца старой культуры. Цяпер усё, усё трэба пачынаць наноў.

37. Хвалі. Вальжына. Морт

Гэта для нас Парыж – далёкі Захад. Былі б мы амэрыканцамі, ён быў бы для нас Старым сьветам, заакіянскім Усходам. Так кажа геаграфія, але яе наўрад ці варта слухаць. Сьвет складанейшы за геаграфію, геапалітыку і геамэтрыю простых разьлікаў. Усе простыя разьлікі псуюцца няпростымі людзьмі, якім не сядзіцца на адным месцы. І ўжо за гэта варта быць удзячным гэтым няпростым, неспакойным людзям.

Вось фатаздымак зь мінулага лета. На ім – дзьве дужа цікавыя мне беларускія паэткі: Вальжына і ты. Абедзьве ў чорным, загарэлыя, прыгожыя, вочы разумныя, іранічныя, з выклікам. Быў сьпякотны менскі ліпень – Вальжына прыехала ў Менск пасьля доўгага перапынку і мы зладзілі для яе цудоўную сустрэчу з чытачамі на ганку кнігарні ЛогвінаЎ. А потым мы сядзелі за столікам на вуліцы – і Парыж быў тамсама, дзе і Амэрыка: за межамі менскай кальцавой дарогі…