Выбрать главу

Вальжына Морт – самая вядомая ў сьвеце беларуская жанчына-паэтка. Яна жыве ў ЗША і выкладае літаратуру ва ўнівэрсытэце, дзе ў свой час гэтым самым займаўся ніхто іншы, як Набокаў. З Вальжынай мы знаёмыя даўно, я люблю казаць, што ў 90-х мы разам рабілі маленькую літаратурную рэвалюцыю ў Беларусі. Потым Вальжына зьехала, і мы доўга ня бачыліся, але паціху ліставаліся. Пакрысе я рабіўся Бахарэвічам, а яна – файнай і прызнанай у сьвеце паэткай. Некалі яна завітвала да мяне ў госьці ў Гамбург – і пра Парыж мы зь ёй ніколі не размаўлялі. Хапала іншых тэмаў: больш надзённых.

Але і Вальжына Морт мае свой Парыж.

Калі яна ўпершыню паспрабавала туды выправіцца, яе папросту не пусьцілі. Не далі візу. У вольным сьвеце так бывае: за яго межы выехаць лягчэй, чым вандраваць па ягоных абшарах. Іншы чалавек пакрыўдзіўся б і апусьціў рукі з заціснутым у іх пашпартам. Пачухаў бы каўтун у дрэдах і пракляў бы Парыж да сёмага калена, да самых яго катакомбаў. Вальжына зрабіла, як і мусіла зрабіць паэтка: яна вырашыла паехаць у якую-небудзь былую францускую калёнію і палюбіць яе мацней за вобраз уяўнага Парыжу. Такая вось вясёлая і паэтычная помста Сталіцы сьвету.

Так замест Парыжу яна трапіла ў Марока і месяц пражыла ў Маракешы, Чырвоным горадзе ля Атляскіх гораў. Горадзе, пра які ў 60-х цудоўную кніжку напісаў Эліяс Канэці (“Галасы Маракешу”). У ёй ёсьць вярблюды, якіх вядуць рэзаць, і сьвятЫ, які жуе кінутыя яму манэты і выплёўвае, як макуху, і начныя дахі, і шумныя рынкі: суцэльнае патананьне ў іншасьці. І ўсё ж, калі верыць Канэці, Парыж ёсьць і ў Маракешы. Так што помста атрымалася – а сапраўдны Парыж ад Вальжыны ўсё роўна нікуды не падзеўся.

Празь некалькі гадоў Вальжына выкладала паэзію ў Бэрліне – і разам зь сям’ёй без праблем зьезьдзіла ў Парыж на тыдзень. Яны пасяліліся ў Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ: у іхным гатэлі жылі джазавыя музыкі, бо ў гэтым раёне столькі ж джазавых клюбаў, як зорак у небе Маракешу. Вальжына зь сям’ёю хадзілі па музэях і гулялі ў футбол у Люксэмбурскім садзе.

Турыстычных вершаў пра гарады (прыехаў, пабачыў, напісаў) Вальжына ня любіць. “Калі ты пытаешся, ці маю я вершы пра Парыж, можа, падыдзе вось гэты?” – піша мне Вальжына са сваёй Амэрыкі і дасылае тэкст пад назвай

ЖАН-ПОЛЬ БЭЛЬМАНДО

Усё пачынаецца з камню твайго твару,на якім вусны ляжаць, як два цюлені,у прыбярэжнай імгле цыгарэтнага дымуты рухаешся ўздоўж вуліц, пералічваць якія —усё роўна, што даваць назвы марскім хвалям.(гэты горад такі белы не здарма,яго збудавалі з твайго рабра.)Усё працягаецца маімспаласаваным сукенкайцелам. Я стаю на абцасах,што сталі мне шостым пальцамі паказваю, дзе прыпаркавацца.Той жа ноччу,лежачы разаму парку для сабак,– кветкі кусаюць маю сьпіну! —ты шэпчаш:чым даўжэй я гляджу на манэты тваіх смочак,тым ясьней на іх бачу профіль каралевы.Для цябе цела і грошы былі якяйка і курыца.Мэтафара жаночага кашальказьбівала цябе з панталыку.Крадучы, ты любіў паўтараць:кашалёк гэта кашалёк гэта кашалёк.Таксама:лепш сапраўдны кашалёк у руках,чым два мэтафарычныя над галавою.Мне кажуць, ты – толькі цела,заякаранае стальлю крыві,рана чарнее на тваіх грудзях як крумкач.Я кажу – як мы і дамовіліся – што ты мая маладосьць.Яблык, што ўкусіў мяне, каб забыць, што ён ведаў.Ты ведаеш, што ў машыны ёсьць талія,у пісталета – мочка.Ты вядзеш мяне да ракі, што аднойчы ўзьняла сваю спадніцу,і Бог, зьбянтэжаны такім выглядам,загадаў прыкрыць яго горадам.Гарадзкая плошча,зьменшаная цемрай да памеруледзь адкрытага рота сьпячага дзіцяці.Я блытаю жабракоў працягнутыя рукіз сабак высунутымі языкамі.Ты блытаеш ногі —мае, сталоў, лавак, іншых.Гэтая плошча – клетка,у якой акардэоны шчэраць зубы на скрыпкі,жабракі аблізваюць раты, жанчыны,што круцяцца ў танцы,сякуць цябе праз грудзі лязом сукенак,вываляных у півонях.