Выбрать главу

Верш напісаны па сьлядах аднаго фільма, дзеяньне якога адбываецца ў Парыжы: знакамітага “À bout de souffle” Жана-Люка Гадара 1960 году (у расейскім перакладзе “На последнем дыханіі”). Малады злачынца Мішэль і ягоная каханка, амэрыканская журналістка Патрысія, дужа падобныя да Боні і Клайда, крадуць машыны, ваююць з паліцыяй і хочуць уцячы ў Італію. Мішэль прыяжджае ў Парыж з Марсэлю на крадзеным аўто, Патрысія вучыцца ў Сарбоне і працуе на Элізэйскіх палях, пішучы для амэрыканскай газэты. У кадрах мільгаюць boulevard Raspail і rue Campagne-Première, la Sorbonne і boulevard Montparnasse…

Бэльмандо было дваццаць шэсьць, калі ён зьняўся ў гэтым фільме, які і зрабіў яго сусьветнай знакамітасьцю. А вось у ролі Патрысіі зьнялася амэрыканка Джын Сэбэрг (дарэчы, у шасьцідзясятых яна выйдзе замуж за пісьменьніка Рамэна Гары, але шлюб пратрывае толькі восем гадоў). Джын Сэбэрг пражыве досыць кароткае, але бурлівае жыцьцё. 8 верасьня 1979 году саракагадовую акторку знойдуць мёртвай у “Рэно” на rue du Général-Appert у Чатырнаццатай акрузе. Цела яе будзе загорнутае ў коўдру, а ў руках будзе разьвітальная цыдулка. У арганізьме памерлай знойдуць крытычную дозу алькаголю і барбітуратаў. Крыху больш чым праз год Рамэн Гары стрэліць сабе ў рот, патлумачыўшы сваё рашэньне прыкладна гэтаксама, як і Джын Сэбэрг: нэрвамі, дэпрэсіяй, стомай. Незадоўга да гібелі ён прызнаецца ў інтэрвію, як баіцца старасьці…

Такое вось кіно. У лябірынце парыскіх вуліц, пералічваць якія – “усё роўна што даваць назвы марскім хвалям…”

Джын Сэбэрг пахаваюць на могілках Манпарнас. Цела Рамэна Гары крэміруюць на Пэр-Ляшэз і разьвеюць попел над Міжземным морам. Парыж любіць і шануе сваіх мёртвых.

Любімы верш Вальжыны пра Парыж належыць расейскаму паэту Восіпу Мандэльштаму. Ён памёр узімку ў перасыльным савецкім лягеры і да вясны ягоны труп ляжаў непахаваны на мерзлай зямлі. Калі зямля крыху адтала, цела зэка Мандэльштама было скінутае ў агульную магілу. Усе расейскія манпарнасы і пэр-ляшэзы сышліся ў турэмнай зямлі яе сібіраў. А верш Мандэльштама прысьвечаны Нотр-Дам-дэ-Пары.

Где римский судия судил чужой народ,Стоит базилика, – и, радостный и первый,Как некогда Адам, распластывая нервы,Играет мышцами крестовый легкий свод.
Но выдает себя снаружи тайный план:Здесь позаботилась подпружных арок сила,Чтоб масса грузная стены не сокрушила,И свода дерзкого бездействует таран.
Стихийный лабиринт, непостижимый лес,Души готической рассудочная пропасть,Египетская мощь и христианства робость,С тростинкой рядом – дуб, и всюду царь – отвес.
Но чем внимательней, твердыня Notre Dame,Я изучал твои чудовищные ребра,Тем чаще думал я: из тяжести недобройИ я когда-нибудь прекрасное создам.

38. Кафка. Фурункул. Бясцэнак

Тамтэй, стыхійны лябірынт, неспасьцігальны лес, трывога і цяжар… Усё гэта – кафкіянскія штукі. Легкадумны і рамантычны Парыж з Кафкам у шырокай публікі ніяк не асацыюецца. Між тым, аўтар “Ператварэньня”, “Замку” і “Працэсу” з ахвотаю вандраваў па Эўропе, а яшчэ добра плаваў, любіў загараць, меў сяброў… Мы ўспрымаем яго выключна як змрочную, маўклівую і трагічную постаць – так яно і было, па вялікім рахунку: Кафка пакутаваў у турме дома і прыгнечанай ім уласнай сьвядомасьці, ён саромеўся свайго цела, у ім позна прачнулася сэксуальнасьць, ён быў апанаваны ўласнымі дэманамі. Але жыцьцё яго ў розны час было розным – бо гэта быў жывы чалавек. Кафка, які жыве з усёмагутным Бацькам, і Кафка, які здымае пакой у цэнтры Прагі, гэта зусім ня тое самае.

Так, Франц Кафка пабываў у Парыжы – і нават пакінуў пра гэта згадкі ў сваіх дзёньніках.

Упершыню ў Парыж Кафка прыехаў у кастрычніку 1910 году. Разам зь ім былі Макс Брод і Максаў брат Ота: найлепшая кампанія для Франца. Праўда, для самога Кафкі падарожжа ў выніку ператварылася ў жахлівую пакуту: у Парыжы ў яго запаліўся фурункул. Вядома, што Кафка быў неверагодна адчувальны і прымхлівы што да свайго здароўя: перхаць, запор, насмарк, любая дробязь выклікалі ў яго паніку. Пры гэтым ён не давяраў дактарам і не прымаў лекі, лічачы, што здаровы і моцны арганізм усё мусіць пераадолець сваімі сіламі. Фурункул, што расьцьвіў на ягонай скуры проста пасярод парыскай восені, ледзьве не давёў Кафку да нэрвовага зрыву. Ён зьвярнуўся да парыскіх дактароў, але яны не змаглі яму дапамагчы – і прыкладна праз тры дні па прыезьдзе Кафка паехаў дахаты, у Прагу. Пасьпеўшы, зрэшты, наведаць адзін з парыскіх публічных дамоў і пакінуць пра гэта запіс у сваіх падарожных нататках.