Менавіта праз злашчасны карбункул Кафка называе ў дзёньніку 1911 году тую паездку няўдалай:
“…пасьля няўдалай паездкі ў Парыж я суцяшаю сябе тым, што пастараюся пабываць там яшчэ раз”.
І сапраўды, у наступным, 1911 годзе, у жніўні, Кафка і Брод выпраўляюцца ў Італію праз Швайцарыю. Цурых, Люцэрн, Люгана… Калі яны трапляюць у Мілян, там ходзяць чуткі, што ў Італіі пачалася эпідэмія халеры (згадаем “Сьмерць у Вэнэцыі” Томаса Мана, напісаную ў 1912). Сябры сьпешна пакідаюць Італію і выпраўляюцца ў Швайцарыю, адкуль прыяжджаюць у Парыж, дзе застаюцца да сярэдзіны верасьня.
Тое падарожжа пакіне шмат згадак у дзёньнікавых запісах Франца.
Кафка піша пра сваё бяссоньне – і знаходзіць у Парыжы незвычайную мэтафару для сваіх пакутаў, свайго ўнутранага Тамтэя. Ён параўноўвае пашырэньне Парыжу са сваімі пошукамі гармоніі:
“Верагодна, я пакутую на бяссоньне толькі таму, што пішу. Як бы мала і дрэнна я ні пісаў, гэтыя маленькія ўзрушэньні робяць мяне вельмі адчувальным; увечары, а ў большай ступені раніцай я адчуваю набліжэньне гэтых станаў, што апаноўваюць мяне, і не знаходжу спакою праз суцэльны гул… Гэты гул – ня што іншае, як заціснутая, прыгнечаная мной гармонія, калі б яе выпусьціць на волю, яна б пашырыла мяне, напоўніла і пашырыла. Цяпер жа гэты стан робіць мне адно шкоду, у мяне няма моцы вынесьці цяперашнюю думку, удзень мне дапамагае відны сьвет, ноч жа разразае мяне на кавалкі… Пры гэтым я заўжды думаю пра Парыж, дзе падчас аблогі і пазьней, да Камуны, насельніцтва паўночных і ўсходніх прадмесьцяў, у мінулым чужое для парыжанаў, нібыта штуршкамі, як стрэлка на гадзіньніку, набліжалася завулкамі да цэнтру Парыжу…”
Важны пэрсанаж у гэтых дзёньніках – польскі яўрэй, тэатральны дзеяч Іцхак Лёві, які раней жыў у Парыжы, а ўзімку 1911-12 прыехаў на гастролі ў Прагу. Кафка пасябраваў зь ім:
“я пішу так кепска і думаю пра добрыя, напісаныя адным духам успаміны Лёві, якія сьвецяцца ягоным уласным агнём…”
Парыж уразіў Кафку так, што нават празь месяцы ён зьвяртаецца да Парыжу ў пошуках жывых параўнаньняў – нават седзячы ў бацькоўскім доме, тым доме, што паволі забівае яго, ён мае перад вачыма свой Парыж:
“Я сяджу ў сваім пакоі – галоўным штабе кватэрнага шуму. Я чую, як бразгаюць усе дзьверы, іхны грукат пазбаўляе мяне толькі ад крокаў людзей, што прабягаюць празь іх, а яшчэ я чую, як зачыняюць дзьверкі кухоннай пліты. Бацька адчыняе наросхрыст дзьверы майго пакоя і праходзіць па ім, а за ім валачэцца па падлозе яго халат. У суседнім пакоі выскрабаюць попел зь печкі. Валі пытаецца зь перадпакоя, быццам крычыць праз парыскую вуліцу, ці пачысьцілі ўжо бацькаў капялюш…”
“Калі я саджуся за пісьмовы стол, пачуваюся ня лепш за чалавека, які падае і ломіць сабе ногі ў натоўпе на Place de l’Opéra…”
Гісторыя дачыненьняў Кафкі з Парыжам мае і свае досыць вясёлыя эпізоды.
Едучы ў Парыж са Швайцарыі ў 1911, Кафка і Брод загарэліся ідэяй разбагацець, каб кінуць нарэшце пыльны і страшны сьвет канторскай працы і цалкам прысьвяціць сябе літаратуры. Яны вырашылі напісаць падарожную кніжку новага тыпу – “пуцевадзіцель”, праваднік, якога яшчэ не было. Макс Брод успамінаў, што яму вырашана было даць прывабную назву “Billig“ (“Танна”; можна яшчэ перакласьці як “За бясцэнак”). Кафка з задавальненьнем абмяркоўваў з Бродам дэталі праекту. Брод запісаў іх на блянку люганскага гатэлю. Вось некаторыя з гэтых запісаў:
“Наш плян, як зарабіць мільёны: “За бясцэнак”
Рызыкоўнае прадпрыемства, якое можа прынесьці мільёны.
«За бясцэнак па Італіі», «За бясцэнак па Швайцарыі», «За бясцэнак у Парыжы», «За бясцэнак на чэскіх курортах і ў Празе».
Можа быць перакладзены на ўсе мовы сьвету.
Дэвіз: «Толькі наважся».
…мы будзем таксама паляпшаць рэпутацыю краін. Паляпшаць стасункі паміж народамі.
Адукацыйны аспэкт – падсілкоўваньне цэласнай асобы энэргіяй.
Толькі турысты, якія дрэнна арыентуюцца, робяцца ахвярамі рабаўнікоў.
Тое самае задавальненьне за меншыя грошы. Як дазволіць сабе Манака.