Выразнасьць, абмежаваньні. Вандроўнікі павінны быць пазбаўленыя ад выбару. Маршрут на 400, 500 франкаў і г. д.
Ніякай ўсёабдымнай геаграфіі, толькі маршруты.
Мы называем толькі адзін гатэль, а іншыя – у парадку зьмяншэньня, у выпадку калі ў гэтым ня будзе вольных месцаў.
Калі там ёсьць трамвай, мы не ўключаем экіпаж. Мы рэкамэндуем дакладны час для паездкі.
Дактары…”
Наступнае дапісана рукой Кафкі:
“Ня хуткія і павольныя вандроўнікі, а групы сярэдняй хуткасьці перамяшчэньня. Вакольныя шляхі прасьцейшыя, паколькі ў выразны плян заўсёды могуць быць унесеныя зьмены.
Дакладныя сумы чаявых”.
І зноў рукой Брода:
“Ня так дакладна: напрыклад, мы рэкамэндуем даваць на гарбату таму, хто вам дапамог… З нагоды маршрутаў: нічога не паўтараецца. Толькі адна канатная дарога, але самая лепшая!
Адзеньне. Публічныя дамы. Сувэніры. Пакупкі за бясцэнак: напрыклад, шоўк у Італіі; ананасы, пірожныя «Мадлен», вустрыцы ў Парыжы. Ніякага страху адносна няправільнага абмену грошай. Бясплатныя канцэрты. Чаргаваць больш танныя дні (напрыклад, мастацкія галерэі) з дарагімі паездкамі. Дзе атрымаць бясплатныя квіткі як мясцоваму жыхару. Параплавы, другая кляса. Не баяцца трэцяй клясы ў Італіі. Мясцовы калярыт.
Паляпшэньне мапаў краін і гарадоў?
Казіно, тлумачэньне магчымых страт.
Бясплатныя карты ў бюро падарожжаў, крытыка іх у нашых гідах, астатняму можна верыць.
Што рабіць у дажджлівыя дні. Або, магчыма, у апошні дзень.
Мастацкая галерэя, у танны дзень. Толькі самыя важныя палотны.
Але дасканала, у дэталях.
Добрыя месцы ў тэатры за бясцэнак, звычайна вядомыя толькі заўсёднікам.
Высадка з параплава.
Рэкамэндаваныя, правераныя гатэлі.
Брашуры з абнаўленьнямі па 10 пфэнігаў, раз на год або каля таго.
Размоўнік, паколькі веданьне мовы дазваляе зэканоміць шмат грошай.
Выданьні з размоўнікам і безь яго, для людзей, якія ведаюць мову.
Наш прынцып: немагчыма вывучыць мову дасканала. Кожны можа вывучыць дастатковую колькасьць слоў зь мінімальнымі намаганьнямі. Больш чым дастаткова навучыцца дрэнна гаварыць на мове і толькі потым лезьці ў глыбіню і думаць пра правілы граматыкі. Парныя інфінітывы. 200 слоў. Свайго роду эспэранта. Жэсты ў Італіі. Стараннае вымаўленьне. Ніякіх перашкодаў для далейшага вывучэньня. Француская ад нас. Самае важнае пра швайцарскі дыялект.
Купіце адзін “За бясцэнак”.
Такі вось невядомы твор Кафкі ў суаўтарстве з чалавекам, які потым здрадзіць яму: ня выканае самую галоўную просьбу свайго памерлага сябра. Але хто асудзіць Брода? Мы людзі, а не Палацы юстыцыі.
Цікава ўчытвацца ў гэтыя наіўныя запісы на гатэльным блянку і спрабаваць зразумець: адчуваецца ў іх стыль Кафкі або не?
За бясцэнак… Возьмем, Ю.? Нядорага. Billig. З такой падарожнай кніжкай мы не прападзем ні ў Парыжы, ні ў Менску, ні на Месяцы. Цяперашнія гіды – прыкладна такія і ёсьць, хіба што пункт наконт публічных дамоў у іх адсутнічае. І тут можна было б зноў завесьці старую песьню: Кафка ведаў, Кафка прадбачыў, Кафка апярэджваў свой час. Нават у такіх дробных справах, як забава з гэтым правадніком. Але добрая літаратура заўжды апярэджвае час – а актуальная, тая, што трапляе ў ягоны нэрв, чамусьці хутка забываецца. А вось старыя праваднікі ператвараюцца ў творы мастацтва – як і паштоўкі, мапы, фота, усялякая драбяза, што ня мела ніякай каштоўнасьці пры жыцьці ўладальніка.
Перад сном я чытаю табе ўголас па-ангельску кніжку 1919 году “Miss Rod” – і ты выпраўляеш мне памылкі. Гэта няхітры, але займальны аповед пра дзяўчынку, якая едзе з Швайцарыі ў Лёндан, каб пайсьці там на курсы мэдсёстраў і зрабіцца карыснай грамадзтву. Магчыма, у 1919 яна была звычайнай выхаваўчай кніжкай, але праз сто гадоў выглядае мастацкім творам, дзякуючы якому шмат што можна адчуць і зразумець, творам, які хвалюе. Вядома, міс Род праяжджае і праз Парыж: праз Gare Saint-Lazare на поўнач да Ля-Маншу зь перасадкай на паром у Кале.
Але Брытанія яшчэ далёка. Навокал краявіды Іль-дэ-Франсу. Магчыма, міс Род едзе тым самым цягніком, на якім Кафка і Брод восем гадоў перад тым ехалі ў Сталіцу сьвету, складаючы свой гід. Яны не разбагацелі. Задуманая імі падарожная супэркніжка так і ня выйшла, нягледзячы на ўсе перамовы Брода з выдаўцамі. А што адбылося б, калі б праект двух сяброў меў посьпех? Кафка мог бы застацца ў гісторыі літаратуры як малавядомы аўтар пачатку ХХ стагодзьдзя, чалавек, які зрабіўся багатым дзякуючы прыдуманаму ім супэрправадніку і пакрысе адышоў ад літаратурных справаў. Годная непрыкметная сьмерць у атачэньні вернай жонкі і мноства дзяцей. Аўтарскія адлічэньні капаюць. Сям’я забясьпечаная. Пасьля нябожчыка засталася куча папераў, самы час іх выкінуць, каб ачысьціць нарэшце гарышча.