Выбрать главу

Турысты спачувальна сачылі, як я старанна счышчаю з нагавіцаў гэты пасланы мне дзівосны знак. Але пляміна не зьнікала – наадварот, я яшчэ больш размазаў яе па нагавіцах. Кожнаму, хто бачыў мяне, было ясна, які жарт згуляў толькі што са мной мой Парыж. Пляма чарнела, а галубы весела пазіралі на мяне з шклянога даху.

І раптам радасьць і гордасьць напоўніла маё вялікае, як вакзальная камэра захоўваньня, сэрца. Я спасьціг высокую задуму гэтага места і ўсьміхнуўся.

Значыць, мы існуем, сказаў я сабе, разглядваючы пляму. Значыць, мы не такія нябачныя тут, сярод парыскіх дзівосаў, у эпіцэнтры гісторыі, на могілках імпэрый, побач з шэдэўрамі і подзьвігамі, у галоўным нэрвовым вузьле эўрапейскай літаратуры. Значыць, нас з нашай нібыта няіснай мовай, страчанымі ілюзіямі і дзіўнымі прэтэнзіямі можна заўважыць – і не прамахнуцца, не пераблытаць, не праігнараваць. Значыць, мы і праўда былі тут калісьці – і застаемся, што б там хто ні казаў пра адсутнасьць і неразуменьне.

Хопіць везьці ў Парыж свае помнікі і садраныя з даўно засохлых ранаў бінты.

Час везьці сюды кнігі.

Час ісьці ў парыскія лябірынты.

Парыж, 2016