Мiс Марпл заўважыла, што гаспадыня вельмi добра выглядае.
- Я вельмi ўдзячная Мэры. Я задаволена, што пазбавiлася ад той дзяўчыны. Мэры напраўду неацэнная. Добра кухарыць i стол сервiруе выдатна; трымае нашу маленькую кватэру ў iдэальнай чысцiнi, штодзень выбiвае матрацы. I яна такая ўважлiвая да Эмiлii!
Мiс Марпл спыталася пра здароўе Эмiлii.
- О, небарака, нядаўна яна зноў захварэла. Вядома, не яе вiна, але гэта крыху цяжкавата. Хоча, каб ёй згатавалi што-небудзь, а калi гэта зробiш, гаворыць, што не можа есцi цяпер; праходзiць паўгадзiны, i яна зноў просiць тое самае, але ўсё ўжо астыла, i даводзiцца гатаваць зноў. Клопатаў шмат, але, на шчасце, Мэры, здаецца, не звяртае ўвагi на ўсё гэта. Яна гаворыць, што ўжо даглядала iнвалiдаў i разумее iх. Гэта такая падтрымка.
- Вам пашанцавала, дарагая, - сказала мiс Марпл.
- Ага, сапраўды. Мусiць, Мэры нам бог паслаў за нашы малiтвы.
- Яна такая добрая, - заўважыла мiс Марпл, - што мне проста не верыцца. Я на вашым месцы была б крыху асцеражнейшая.
Лавiнiя Скiнер зразумела гэту заўвагу па-свойму.
- О, будзьце ўпэўнены, я зраблю ўсё магчымае, каб ёй было добра ў нас. Я не ведаю, што буду рабiць, калi яна ад нас пойдзе.
- Не думаю, што яна пойдзе ад вас раней, чым гатовая будзе пайсцi, сказала мiс Марпл i ўважлiва паглядзела на гаспадыню.
- Калi б не хатнiя клопаты, можна было б абысцiся без прыслугi, - сказала мiс Лавiнiя. - Як там ваша Эдна?
- Нiчога, спраўляецца добра. Можа, не так, як ваша Мэры, але затое я пра Эдну ведаю ўсё, бо яна вясковая дзяўчына.
Ужо ў прыхожай мiс Марпл пачула злосны голас хворай.
- Гэты кампрэс зусiм высах... Доктар Алертан асаблiва папярэджваў пастаянна сачыць за вiльготнасцю. Добра, пакiньце яго. Я хачу гарбату i яйцо. Варыць толькi тры з паловай хвiлiны, помнiце, i папрасiце да мяне мiс Лавiнiю.
Энергiчная Мэры выйшла са спальнi i сказала Лавiнii:
- Мiс Эмiлiя просiць вас наведаць яе.
Сказаўшы гэта, Мэры памагла мiс Марпл надзець палiто, падала парасон i адчынiла дзверы. Усё гэта яна зрабiла хутка i якасна.
Мiс Марпл упусцiла парасон, паспрабавала падняць i ўпусцiла сумку, якая адчынiлася. Мэры старанна памагла сабраць рэчы, якiя выпалi з сумкi: насоўку, разлiковую кнiжку, старамодны скураны кашалёк, два шылiнгi, тры пенсы i пачатую паласатую мятную цукерку.
Калi Мэры падала цукерку, мiс Марпл збянтэжылася.
- Ах, гэта, вiдаць, малыш мiсiс Клементс. Я памятаю, ён смактаў яе i ўзяў пагуляць маю сумку. Пэўна, ён паклаў. Яна ж вельмi лiпкая, праўда?
- Я выкiну, мадам?
- Ага, ага, вядома. Дзякуй.
Мэры нагнулася, каб падняць апошнюю рэч - маленькае люстэрка, узяўшы якое мiс Марпл радасна ўсклiкнула:
- Якое шчасце, што не разбiлася!
Яна развiталася i пайшла, а Мэры, як i належыць ветлiвай служанцы, стаяла ў дзвярах, з абыякавым тварам i недаедзенай паласатай лiпкай цукеркаю ў руцэ.
Дзесяць дзён у Сент-Мары-Мiд усiм давялося выслухоўваць размовы пра выдатныя якасцi новай служанкi мiс Лавiнii i мiс Эмiлii.
На адзiнаццаты дзень вёска ахнула ад сенсацыi.
Мэры, гэта дасканаласць, знiкла! Яе ложак астаўся засцелены, а дзверы ў пакоi былi незачыненыя. Яна цiха ўцякла пад заслонай ночы.
Але прапала не толькi Мэры! Прапалi яшчэ дзве брошкi i пяць пярсцёнкаў у мiс Лавiнii, тры пярсцёнкi, кулон, бранзалет i чатыры брошкi ў мiс Эмiлii.
Гэта быў пачатак катастрофы.
У маладой мiсiс Дыверыкс прапалi брыльянты, якiя яна трымала ў незамкнутай шуфлядцы ў стале, а таксама некалькi каштоўных футраў, якiя яна атрымала на сваё вяселле. У суддзi i ў яго жонкi таксама былi ўкрадзены такiя-сякiя каштоўнасцi i нейкая сума грошай. У вялiкiм горы была мiс Кармiчэл. Прапалi не толькi некалькi вельмi каштоўных камянёў, але i вялiкiя грошы, якiя яна трымала ў кватэры. У той вечар у Жанет быў выхадны, а яе гаспадыня, як звычайна, прагульвалася ў садзе, склiкала птушак i кармiла iх. Стала зразумела, што Мэры, гэтая бездакорная пакаёўка, мела ключы ад усiх кватэр!
Трэба прызнацца, у Сент-Мары-Мiд крыху злараднiчалi. Вельмi ўжо многа пахвалялася мiс Лавiнiя сваёй слаўнай Мэры.
- А на самай справе, дарагая, проста звычайная зладзюжка!
Потым адбылося цiкавае адкрыццё. Мэры знiкла не толькi з вёскi. У агенцтве, якое яе рэкамендавала i паручалася за яе, выявiлася, што Мэры Хiгiнс зусiм другая жанчына, якая служыць пакаёўкаю ў сястры настаяцеля сабора. Але гэта сапраўдная Мэры жыве ў Карнуэле.
- Чыстая работа, - вымушаны быў прызнаць iнспектар Слэк. - I па-мойму, яна "працуе" з шайкаю. За год да гэтага адбыўся амаль такi самы выпадак у Нортумберлендзе. Рэчаў не знайшлi, злодзеяў не схапiлi. Але мы яе знойдзем!
Iнспектар Слэк заўсёды быў самаўпэўнены чалавек.
Аднак тыднi iшлi, а Мэры Хiгiнс заставалася на свабодзе. Дарэмна iнспектар падвойваў сваю энергiю, якой так не адпавядала яго прозвiшча*.
* Слэк - павольны, лянiвы (англ.).
Мiс Лавiнiя, як i раней, бедавала. Мiс Эмiлiя так расхвалявалася i спалохалася за сваё здароўе, што папрасiла прывесцi доктара Хайдака.
Усiм у вёсцы было вельмi цiкава даведацца, што ён думае пра хваробы мiс Эмiлii, але, вядома, папытацца ў яго не маглi. Звесткi, якiя задаволiлi цiкаўнасць па гэтым пытаннi, дайшлi праз мiстэра Мiка, якi заляцаўся да Клары, служанкi мiсiс Прайс-Рыдлi. Стала вядома, што доктар Хайдак выпiсаў мiс Эмiлii супакойлiвую мiкстуру i валяр'янку, якая, на думку мiстэра Мiка, была выпрабаваным лякарствам для ўсiх сiмулянтаў у армii!
Крыху пазней вёска даведалася, што мiс Эмiлiя, незадаволеная iснуючай медыцынскай абслугай, заявiла, што па стану здароўя ёй трэба пераехаць у Лондан, блiжэй да спецыялiстаў, якiя могуць разабрацца ў яе хваробе. Яна сказала, што гэта трэба i Лавiнii.