Выбрать главу
5
Мы ўсталі песняй-казкаю Пад жудаснай павязкаю           Мінулых чорных дзён І ўдаль ідзём, хоць ляскае Звяр'ё ў кутах няласкаю -           На дальшы кліча сон.
Але, але не выламе Ні клыкамі, ні віламі           Таго, што ажыло, Што ўскрэсла над магіламі, Над хатамі пахілымі -           Мінуламу назло.
Не ўзяць рукамі голымі Таго жывога полымя,           Што, нібы агняцвет, Вясёлымі саколамі Над горамі, над доламі           Разносіць іскры ў свет...
. . . . . . . . . . . . . . . .
А гоні ўжо узораны, І сілы распакораны           Ад паншчынных бядот. Чакаюць стравы жораны - Зярнятаў незамораных,           Чакаюць на ўмалот.
А лапці і анучыны Адбэрсаны, адкручаны,           Нуда маўчыць ціхом; Спраўляюцца заручыны Вясельніцы засмучанай           З вясёлым жаніхом.
Лявоніха... Мяцеліца... Без памяці вяселяцца...           - Гэй, дзьмі ў дуду, дудар! Аколіца-аселіца Пад ногі сонцам сцелецца...           Збудзіўся гаспадар!..
6
...пайшла, і пайшла - Як бы хто набаяў - Ад сяла да сяла Гутарка такая:
Беларусь на куце Ў хаце сваёй села, - Чарка мёду ў руцэ, Пазірае смела.
Сядзіць важна, сама Сабе гаспадыня, І прыбрана яна - Ніхто не закіне:
На галоўцы вянок З сініх васілёчкаў, А чырвон паясок Стан абвіў дзявочы.
Так сядзіць і глядзіць, Ці усё, як трэба, - Трэба ўсім дагадзіць І соляй, і хлебам.
А з тутэйшых музык Гучная капэля, Хто ў дуду, хто пад смык, Граюць ёй вяселле.
Так бубняць і гудзяць На гэтай бяседзе, А суседзі глядзяць, Дзівяцца суседзі:
- То ж яна з мужыкоў, А як выйшла ў людзі! Як міне больш гадкоў, Што ж тады ўжо будзе?!
7
Зручна, гучна грай нам, грайка,           Ад усіх рэж струн! Не свісціць ужо нагайка,           Не гудзіць бізун.
Селі макам усе тыя,           Што нас, вольны люд, Не шкадуючы памыяў,           Аблівалі тут,
Барын веку дажывае,           Выгнаны Масквой, Пан Варшаву прапівае,           Гонар панскі свой.
А мы самі, сабе самі           Ўжо гаспадары, Малатамі і сярпамі           Звонім да зары.
Нібы пчолы ў соты з мёдам           Да свайго вулля, Мы вяртаемся дадому,           Як адна сям'я.
На сход сходзімся і лічым,           Ці усе прыйшлі, Хто спазніўся - прыйсці клічам           Да сваёй зямлі.
- Вы, - хтось кажа асцярожна, -           Не ўсе ў грамадзе... - Гэй, дарогу, лях вяльможны!           Беларусь ідзе.
Грай жа, грай нам гулка, грайка,           Ад усіх рэж струн! Не свісціць ужо нагайка,           Не гудзіць бізун.
8

                    Газ. «Сав. Беларусь»

                    у дзень выхаду яе 1000-га нумара

Трэба далей славу, што ўжо тысяч           Раз вы слаўна баранілі, Светазарнымі агнямі вышыць,           Каб не шчэзла ў векаў пыле.
Бо цікуе злосны вораг Тых, што спыняцца не ў часе У сваім паходзе ў зорах І задрэмлюць на папасе.
***
Трэба біць, у молатаў біць тысяч,           Пакуль сталь яшчэ не ўстыла, Каб не ўздумаў у гэты час лясны сыч           Засмяяцца з вольных сілаў.
Бо цікуе злосны вораг Тых, што спыняцца не ў часе У сваім паходзе ў зорах І задрэмлюць на папасе.
***
Трэба многа, яшчэ многа тысяч           Рук завабіць, рук спагадных, Каб да сонца з сонца сцежку высеч           І спачыць у снах прынадных.