Выбрать главу

— Ён шкiпер, як i даўней яго бацька.

— А твой бацька па-ранейшаму кельнер у прыбярэжнай карчме?

— Hе, ён цяпер у Верхнiм Порце.

— Ты хацеў нешта паказаць мне?

Шрэла выцягнуў цыгарэту з рота, сцягнуў з сябе куртку, ссунуў з плячэй помачы, падняў кашулю i павярнуўся спiнай да слабай лямпачкi: уся спiна была ў дробных, велiчынёю з фасолiну, чырванавата-сiнiх шнарах. "Абсеяная шнарамi, — падумалася мне, — вось як можна сказаць дакладней".

— Божа, — сказаў я, — што гэта?

— Гэта Нэтлiнгер, — адказаў Шрэла. — Яны робяць гэта ўнiзе, у казармах каля Вiльгельмавага рова. Бен Вакс i Нэтлiнгер. Яны называюць гэта дапаможнай палiцыянцкай службай; мяне яны схапiлi пад час аблавы на жабракоў у Партовым квартале; за дзень было арыштавана трыццаць восем жабракоў, адным з iх быў я. Дапытвалi нас з дапамогай пугi з калючага дроту. Яны сказалi: "Прызнайся, што ты — жабрак", а я пацвердзiў: "Сапраўды, я — жабрак".

Спозненыя госцi ўсё яшчэ снедалi: смакталi памаранчавы сок, нiбы грахоўны трунак; бледнатвары хлопец, абапёршыся аб дзвярную фрамугу, стаяў нерухома, як стод; ад фiялетавага колеру лiўрэi твар яго здаваўся амаль што зялёным.

— Гуга, Гуга, ты чуеш, што я кажу?

— Я, пане доктар… я чую кожнае слова.

— Калi ласка, прынясi мне кiлiшак каньяку, вялiкi.

— Зараз, пане доктар.

Калi Гуга сыходзiў да рэстарана, востра блiснуў яму перад вачыма Час вялiкi каляндар, якi ён мусiў перагортваць шторанiцы; ён перагарнуў ужо вялiкi кардонны лiст з лiчбай, што абазначала дзень, засунуў яго пад шыльдачкi з назвамi месяца i года: 6 верасня 1958 года. У яго кружылася галава: усё, пра што ён пачуў, адбывалася задоўга перад тым, як ён нарадзiўся, — гэта адкiдала яго назад на дзесяцiгоддзi, на цэлыя паўстагоддзi: 1885, 1903 i 1935 — гэта было недзе далёка ззаду, схаванае ў часе, але ж i прысутнае тут; яно гучала ў голасе Фэмеля, якi стаяў, абапёршыся аб бiльярдны стол, i глядзеў на плошчу перад саборам Святога Севярына. Гуга мацней ухапiўся за парэнчы, глыбока ўдыхнуў паветра — як той, хто вынырваў з-пад вады, адплюшчыў шырока вочы i адным скачком схаваўся за вялiкай калонай.

Бо па сходах долу якраз iшла яна, басанож, у апратцы пастушкi, веючы пахам авечага гною, якiм было прапахлае яе рыззё, што спавiвала яе ад грудзей да сцёгнаў. Зараз яна з'есць сваю прасяную кашу, з ёй — кавалак чорнага хлеба, пару арэхаў; вып'е авечага малака, якое дзеля яе трымаюць у лядоўнi; яна прывозiла з сабою авечае малако ў тэрмасах, прывозiла авечы гной у маленькiх карабках i ўжывала яго як парфуму да сваёй грубай, вязанай на прутках з суровай воўны бялiзны; па снеданнi яна гадзiнамi праседжвала ў вестыбюлi — вязала i вязала, час ад часу хадзiла ў бар па шклянку вады, палiла сваю кароткую пiпку, сядзела на канапе, скрыжаваўшы свае голыя ногi так, што была вiдаць яе грубая, зацвярдзелая скура на пятках; яна прымала сваiх вучняў i вучанiц, якiя, апранутыя, як яна, i гэтаксама, як яна, пахнучыя, атачалi яе, седзячы са скрыжаванымi нагамi на канапе, вязалi пруткамi, раз-пораз адкрывалi карабкi, што iм давала iх майстрыня, i ўдыхалi пах авечага гною, як самы лепшы водар: праз пэўныя прамежкi часу яна адкашлiвалася i пыталася сваiм дзявочым голасам з канапы: "Як мы ўратуем свет?" А вучнi i вучанiцы адказвалi: "Праз авечую воўну, авечую шкуру, авечае малако — i праз вязанне на прутках". Дзынканне пруткоў, цiшыня, адзiн хлопец, ускочыўшы, пабег у бар, прынёс майстрынi свежай вады, i зноў мяккi дзявочы голас запытаўся з канапы: "Дзе хаваецца блаславенне свету?" I ўсе адказалi: "У авечцы!" Яны зноў адкрылi карабкi, пачалi з захапленнем нюхаць памёт, а ў гэты час блiскалi фотаўспышкi, алоўкi журналiстаў хутка спiсвалi лiсткi рэпарцёрскiх нататнiкаў.

Гуга павольна адступiў яшчэ далей назад, калi яна абыходзiла калону па дарозе ў залу для снедання; ён яе баяўся; надта часта ён бачыў, як яе лагодныя вочы рабiлiся суровымi, калi яна заставалася з iм сам-насам: яна лавiла яго на сходах, заказвала яму прынесцi малако ў нумар, дзе яна сустракала яго з цыгарэтай у роце, потым вырывала ў яго з рук шклянку з малаком, смеючыся вылiвала малако ва ўнiтаз, напаўняла шклянку каньяком i з гэтай шклянкай у руцэ пачынала наступаць на яго, у той час як ён задам адыходзiў да дзвярэй.

— Цi табе яшчэ нi адна жывая душа не казала, што ў цябе твар варты золата, чыстага золата, ты, неразумны хлопча. Чаму ты не хочаш стаць божай авечкай маёй новай рэлiгii? Я зраблю цябе вялiкiм, багатым, i яны будуць укленчваць перад табою ў яшчэ больш раскошных, чым гэты, гатэлях! Хiба ты працуеш тут досыць доўга, каб ведаць, што iхнюю нуду можна запоўнiць толькi новай рэлiгiяй — i чым дурнейшай, тым лепш? Iдзi сабе — ты занадта дурны.

Ён глядзеў ёй услед, а яна з нерухомым тварам давала кельнеру магчымасць адчынiць ёй дзверы ў залу для снедання; сэрца яго ўсё яшчэ бiлася ненармальна хутка, калi ён выходзiў з-за калоны i павольна спускаўся ўнiз да рэстарана.

— Кiлiшак каньяку ў бiльярдную для пана доктара, вялiкi.

— Тут нейкая сварка праз твайго пана доктара…

— Якая такая сварка?

— Hе ведаю. Здаецца, яго тэрмiнова шукаюць, твайго доктара. Вось, бяры свой каньяк i — змывайся хутчэй. Самае меншае семнаццаць старых i маладых баб ганяюцца за табой; давай, бо ўжо нейкая зноў спускаецца сюды.

Яна выглядала так, быццам пiла на сняданак чыстую жоўць; была апранутая ў залацiстую сукенку, насiла залацiстыя чаравiкi, залацiстую шапачку i муфту з iльвiнае шкуры. Яе выгляд выклiкаў агiду, а некаторыя госцi з забабонамi нават закрывалi твар рукою, калi яна з'яўлялася. Пакаёўкi кiдалi працу праз яе, кельнеры не хацелi яе абслугоўваць, але ён, Гуга, калi ёй удавалася яго злавiць, мусiў гадзiнамi гуляць з ёю ў карты; пальцы ў яе былi нiбы курыныя кiпцi; па-людску выглядала толькi цыгарэта ў яе вуснах. "Каханне, мой хлопча… я нiколi не спазнала, што гэта такое; не было нiводнага чалавека, якi здолеў бы не выказаць сваёй агiды перада мною; мая мацi праклiнала мяне сем разоў на дзень, выкрыквала мне сваю агiду проста ў твар; у мяне была прыгожая i маладая мацi, малады i прыгожы быў бацька, былi мае браты i сёстры; яны б атруцiлi мяне, каб толькi здолелi набрацца смеласцi на гэта; яны называлi мяне: Гэткае-што-не-павiнна-было-нарадзiцца — мы жылi высока, у жоўтай вiле пад сталеплавiльняю; увечары тысячы рабочых выходзiлi з заводскай брамы, iх чакалi з усмешкамi дзяўчаты i жанкi; смеючыся, яны iшлi ўнiз па гразкай вулiцы; я ж бачу, чую, маю адчуваннi нюху, дотыку, як усе астатнiя людзi, умею пiсаць, чытаць, лiчыць i адрознiваць на смак — ты першы чалавек, якi вытрымлiвае побач са мною больш як паўгадзiны, чуеш ты, першы!"

Следам за ёй цягнуўся страх, подых няшчасця; яна кiнула ключ ад нумара на прылавак, крыкнула служку, што стаяў там замест Ёхэна: "Гуга, дзе гэта Гуга?"; i калi хлопец пацiснуў плячыма, яна рушыла да дзвярэй-круцёлкi; прыдзвернiк, што адчынiў iх перад ёю, апусцiў вочы долу, а яна, апынуўшыся на вулiцы, адразу насунула на твар вэлюм.

"У гатэлi я яго не нашу, — казала яна Гугу, — няхай тут нешта ўбачаць за свае грошы, няхай глядзяць мне ў твар за мае грошы; але тыя, што на вулiцы, яны гэтага не заслужылi".

— Я прынёс каньяк, пане доктар.

— Дзякуй табе, Гуга.

Гуга любiў гэтага чалавека; доктар Фэмель прыходзiў шторанiцы а палове дзесятай i вызваляў яго да адзiнаццацi, надаваў яму адчуванне вечнасцi; хiба не было так заўсёды, хiба не стаяў ён ужо стагоддзi пры гэтых лакiравана-белых дзвярах, заклаўшы рукi за спiну, назiраючы за цiхай гульнёй, слухаючы аповяд, якi пераносiў яго на шэсцьдесят год назад, потым на дваццаць уперад, зноў на дзесяць назад, а пасля раптоўна перакiдалi яго ў рэчаiснасць таго лiстка календара, што вiсеў на сцяне? Белае на зялёным, чырвонае на зялёным, бела-чырвонае на зялёным, i заўсёды ў прасторы, абмежаванай борцiкамi, усяго на гэтых двух квадратных метрах зялёнага сукна; яно было чыстае, сухое, дакладнае, памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю; два, тры разы сысцi ўнiз па вялiкi кiлiшак каньяку; час не быў тут анiякай велiчынёю, з якой можна было б што-небудзь прачытаць; ён усмоктваўся гэтай прастакутнай зялёнай прамакаткай; дарэмна бiлi гадзiннiкi, дарэмна рухалiся стрэлкi, бессэнсоўна намагаючыся ўцячы адна ад адной; усё спынялася, пакiдалася на месцы, калi прыходзiў Фэмель — якраз у той час, калi было найболей працы: старыя госцi ад'язджаюць, прыязджаюць новыя; ён мусiў стаяць тут, аж пакуль гадзiннiк на вежы сабора Святога Севярына не праб'е адзiнаццатую? Прасторы, пазбаўленыя паветра; гадзiннiкi, пазбаўленыя часу; ён апускаўся тут на дно акiянаў; рэчаiснасць сюды не даходзiла, прыцiскалася звонку, нiбы да шкла акварыума цi да вiтрыны крамы; яна губляла свае вымярэннi, захоўваючы толькi адно-адзiнае: была плоская, быццам выразаная з аркуша дзiцячых выцiнанак, яны ўсе мелi часовае ўбранне, як тыя выразаныя папяровыя лялькi; яны бездапаможна бiлiся аб сцены, што былi таўсцейшыя за цэлыя стагоддзi са шкла; удалечынi быў цень сабора Святога Севярына, яшчэ далей — вакзал i нерэальныя цягнiкi: "хутк." i "пас.", "прыг." i "баг."; чамаданы везлiся да пагранiчных станцый; рэальныя былi толькi тры бiльярдныя шары, што каталiся па зялёнай прамакатцы, утвараючы штораз новую фiгуру: Фэмель ударам кiя ствараў бясконцасць, што ўтрымлiвалася ў тысячах формул на двух квадратных метрах, а голас ягоны губляўся ў часе.