Выбрать главу

Кавярня «Бэльвю». Набярэжная алея. Направа — спартыўныя травяныя пляцоўкi; лапта, лапта… Мячык, якi ўдарыў Роберт, i шары, якiя штурхалi кiямi ў галандскай карчме — чырвонае на зялёным, белае на зялёным, аднастайная музыка шароў гучала амаль як грэгарыянская лiтургiя; у фiгурах, якiя ўтваралiся, была суровая паэзiя, вычараваная трыма шарамi на зялёным сукне; яны нiколi не пакаштавалi бычынага прычасця, пакорлiва-слепа зносiлi ўсе пакуты; "пасвi авечак маiх" на прыгарадных палянах, дзе гулялi ў лапту, на Груфэльштрасэ i на Модэстгасэ, у завулках ангельскiх прадмесцяў i за мурамi вязнiцы: "пасвi авечак маiх", дзе б ты iх нi спаткаў, - нават калi яны не ўмеюць рабiць нiчога лепшага, акрамя як чытаць Гёльдэрлiна i Тракля, нiчога лепшага, акрамя як пятнаццаць год запар спрагаць на класнай дошцы: "Я вяжу, ты вяжаш, ён вяжа; я вязаў, яна вязала, яно вязала, я буду вязаць, ты будзеш вязаць…"; а ў той самы час Нэтлiнгеравы дзецi на няблага падстрыжаным мурагу — але ангельцы падстрыгаюць яго ўсё-ткi лепш — гулялi ў бадмiнтон; i ў той самы час яго ладная жонка, дагледжаная, дагледжаная, вельмi дагледжаная, голасна пыталася з тэрасы ў мужа, якi выцягнуўся на ладным лежаку: "Цi ўлiць табе кропельку джыну ў цытрынавую ваду?", а ён адказваў: "Улi, але добрую кропельку!"; i ягоная жонка, хiхiкаючы, захопленая пачутым ад яго жартам, улiла ў цытрынавую ваду добрую кроплю джыну, выйшла на двор, села побач з мужам, на другiм лежаку, якi быў гэткi самы ладны, як i першы; ацанiла, прыкiнуўшы вокам, рухi сваёй старэйшай дачкi: можа, яна крыху-крыху занадта хударлявая, крыху занадта кашчавая, а прыгожы твар — занадта сур'ёзны; вось яна, зусiм стамiўшыся, кладзе ракетку, сядае каля бацькавых i матчыных ног на ўскрайку пляцоўкi — "але ж, даражэнькая, глядзi, не прастынь" — i пытаецца, ах, заўсёды так сур'ёзна: "Татуля, што гэта значыць, што гэта значыць дакладна: дэмакратыя?"; бацьку здалося, што гэта самая адпаведная хвiля, каб зрабiцца ўрачыстым; ён адставiў шклянку з цытрынавай вадою, выняў з рота цыгарэту — гэта была ўжо сёння пятая, «Эрнст-Рудальф» — i пачаў ёй тлумачыць: "Дэмакратыя — гэта…" Hе, не, нi прыватна, нi службова я не буду звяртацца да цябе, каб высветлiць свой прававы статус; за тое я не бяру нiчога; калiсьцi ў Цонавай кавярнi я даў дзiцячую клятву, даў клятву баранiць шляхетнасць безабароннасцi; мой прававы статус застаецца нявысветлены; а можа, Роберт ужо высветлiў яго, з дапамогаю дынамiту; цi навучыўся ён за гэты час смяяцца цi хоць бы ўсмiхацца? Ён заўсёды быў сур'ёзны, не мог змiрыцца са смерцю Фэрдзi, замарозiў у формулах свой план помсты, насiў яго, зусiм лёгкi друз, у сваiх мазгах — дакладныя формулы; ён не расставаўся з iмi ў унтэр-афiцэрскiх i афiцэрскiх кватэрах; цэлыя шэсць год, i нiколi не засмяяўся; хоць Фэрдзi, нават калi яго арыштоўвалi, усмiхаўся — анёл з прадмесця, з кучы гною на Груфэльштрасэ, — толькi тры квадратныя сантыметры скуры вялiкага пальца здзейснiлi ўспамiн; абпаленыя ногi настаўнiка гiмнастыкi i апошняя авечка, забiтая кавалкам бомбы; бацька назаўсёды знiк, не быў нават расстраляны пры спробе ўцячы. I нiхто не здолеў знайсцi нi следу ад мячыка, якi ўдарыў Роберт.

Шрэла выкiнуў недакурак пад абрыў, падняўся i павольна рушыў назад; зноў пралез памiж словам «смерць» i скрыжаванымi косткамi, кiўнуў патрывожанаму вартаўнiку, яшчэ раз азiрнуўся на кавярню «Бэльвю», пайшоў па чыстым пустым аўтабане проста да гарызонту, дзе ў сонечным ззяннi паблiсквала бурачнае лiсце; дзесьцi гэтая вулiца павiнна была скрыжавацца з лiнiяй шаснаццатага трамвая. Перасадка да вакзала, сорак пяць пфенiгаў; яму захацелася ў гатэльны пакой; ён любiў выпадковасць гэтага жытла, ананiмнасць гэтых убогiх пакояў, якiя можна было мяняць памiж сабой; iльдзяныя кветкi ўспамiнаў не раставалi ў гэтых пакоях; без грамадзянства, без радзiмы; ранiцой стандартны гатэльны сняданак з рук заспанага кельнера, у якога не зусiм чыстыя манжэты, у якога перад кашулi не накрухмалены так, як гэта натхнёна рабiла мацi; калi кельнеру за шэсцьдзесят, можна рызыкнуць спытацца ў яго: "Цi Вы не ведалi кельнера з прозвiшчам Шрэла?"

Далей наперад, чыстым, пустым аўтабанам, да неба з блiшчастага бурачнага лiсця, маючы ўсяго багажу што рукi ў кiшэнях; ён кiнуў на дарогу некалькi дробных манет — як кажуць, для Гензэля i Грэтэль. Паштоўкi былi яго адзiнай больш-менш трывалай сувяззю з жыццём, якое доўжылася пасля смерцi Эдыт, бацькi, Фэрдзi. "У мяне ўсё як мае быць, дарагi Роберт; спадзяюся, што i ў цябе таксама; пераказвай прывiтанне маёй незнаёмай мне пляменнiцы, майму пляменнiку i твайму бацьку"; дваццаць пяць словаў, зашмат словаў; закрэслiць той тэкст: "У мяне ўсё добра, спадзяюся — i ў цябе; прывiтанне Рут, Ёзэфу, твайму бацьку"; трынаццаць словаў; удвая меншай iх колькасцю можна было выказаць тое самае; навошта да iх прыязджаць, пацiскаць рукi, цэлы тыдзень не спрагаць "я вяжу, ты вяжаш… яна вязала", пераканацца, што Нэтлiнгер такi, як i быў, што Груфэльштрасэ такая, як i была, што няма толькi рук фраў Трышлер?

Неба з бурачнага лiсця, нiбы ў зялёна-срэбных пёрках; унiзе, пагойдваючыся ў абодва бакi, прайшоў шаснаццаты. Сорак пяць пфенiгаў; усё падаражэла. Вiдавочна, Нэтлiнгер яшчэ не скончыў тлумачыць значэнне слова «дэмакратыя»; святло надвячорка; ягоны голас памякчэў; дачка прынесла з гасцёўнi коўдру — югаслаўскую, дацкую цi фiнскую? Ва ўсякiм разе, цудоўныя колеры; яна накiнула коўдру яму на плечы, укленчыла, каб засяроджана слухаць далей; мацi тым часам — "…застаньцеся на дварэ, дзецi, такi гожы надвячорак, усё так файна!" — гатавала на кухнi смачныя, вострыя бутэрброды i розныя салаты.

Вобраз Нэтлiнгера ў ягоным уяўленнi быў больш выразны, чым той Нэтлiнгер, з якiм ён сёння сустрэўся — калi ён запiхваў сабе ў рот кавалкi паляндвiцы, запiваючы яе цудоўным, самым цудоўным, найцудоўнейшым вiном, задумаўшыся, чым гэта сама лепш укаранаваць свой абед — сырам, марожаным, пiрожаным цi амлетам? "Адно, шаноўныя спадары, — сказаў былы радца пасольства на заканчэнне курсу "Як зрабiцца гурманам", — адно толькi вы павiнны да таго, чаму тут навучылiся, дадаць самi — трошкi, зусiм трошкi арыгiнальнасцi".

У Англii ён пiсаў на дошцы: "Ён павiнен быў быць забiты"; пятнаццаць год запар ён граў на ксiлафоне нямецкай мовы: "Ich lebe, ich lebte, ich habe gelebt, ich hatte gelebt, ich werde leben".[12] Цi буду я жыць? Ён нiколi не мог уцямiць, што ёсць людзi, якiя нудзяцца ад граматыкi. "Яго забiваюць, яго забiвалi, яго забiлi, яго заб'юць — хто яго заб'е?" "Помста — мая", — сказаў Госпад.

— Канцавы прыпынак, шаноўны пане. Галоўны вакзал.

Тлум на вакзале не паменеў: хто тут быў прыехаўшы, хто ад'язджаў? Чаму яны ўсе не засталiся дома? Калi адыходзiць цягнiк на Астэндэ? А можа, лепш у Iталiю, Францыю, бо там таксама хто-небудзь прагне вучыць". "Ich lebe, ich lebte, ich habe gelebt"… яго заб'юць, хто яго заб'е?

— Пакой у гатэлi? Якой катэгорыi? Танны?

Прыязнасць маладой дамы, якая праводзiла сваiм прыгожым пальчыкам па спiсе, выразна аслабла; вiдавочна, у гэтай краiне лiчылася за грэх пытацца пра кошт чаго-небудзь. Заўсёды браць тое, што каштуе сама дорага; самае дарагое — яно i самае таннае; памыляемся, ладны дзiцёнак, таннае — яно i таннейшае, напраўду; перасунь свой пальчык у самы нiз спiсу. Пансiянат «Мадэрн». Сем марак. Без снедання. Hе, дзякуй; я ведаю, як прайсцi да Модэстгасэ, сапраўды ведаю; нумар шаснаццаць — гэта каля самай брамы.

Звярнуўшы за рог вулiцы, ён амаль не ўпёрся носам у падвешанага дзiка i аж адхiснуўся ад цёмна-шэрай жывёлiны; ледзь не праскочыў паўз Робертаў дом; тут успамiны яму не пагражалi: ён быў у гэтым доме ўсяго адзiн раз; Модэстгасэ, дом нумар восем; ён спынiўся перад блiшчастай масянжовай шыльдачкай, прачытаў: "Д-р Роберт Фэмель, бюро статычных разлiкаў; пасля абеду зачынена"; нацiснуўшы на гузiк званка, ён пачаў дрыжаць усiм целам: тое, чаго ён не бачыў на свае вочы, дзе не было знаёмага яму рэквiзiту, прабiрала яго мацней; за гэтымi дзвярыма памерла Эдыт, у гэтым доме нарадзiлiся яе дзецi, тут жыў Роберт; ужо гучанне самога званка падказала яму, што зараз нiхто не адчынiць; прыдзверны званок злiўся з тэлефонным; служка з гатэля "Прынц Генрых" трымаў сваё слова; я дам яму добра на чай, калi мы будзем там гуляць на бiльярдзе.

вернуться

12

Розныя граматычныя формы часу ад нямецкага дзеяслова «leben» "жыць".